28 сакавiка 2024, Чацвер, 14:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Немец, якi запісаў рэп пра Беларусь: Тут апранаюцца, як у Бэрліне

4
Немец, якi запісаў рэп пра Беларусь: Тут апранаюцца, як у Бэрліне
Фото: «Радыё Свабода»

Ён апавядае на ўвесь сьвет, якая Беларусь клясная краіна.

Ягоны прадзед быў ваеннапалонным і адбудоўваў Менск пасьля вайны. А ўнук апавядае на ўвесь сьвет, якая Беларусь клясная краіна. Пачытайце інтэрвію svaboda.org з новым дырэктарам нямецкага фонду Якабам Вёленштайнам. Дарэчы, ён яшчэ і рэпэр.

Месяц таму ў сеціве зьявіўся відэаролік зь пералікам усяго добрага, што ёсьць у Беларусі. Аўтар — Якаб Вёленштайн. Ён новы дырэктар фонду Конрада Адэнаўэра (KAS, Konrad-Adenauer-Stiftung), найбуйнейшым беларускім праектам якога ёсьць форум «Менскі дыялёг».

«Падобна, гэта кляснае месца»

«Калі я вярнуўся ў Бэрлін у офіс KAS, усе сказалі: «Мы бачылі відэа і цяпер хочам у Беларусь. Падобна, што гэта кляснае месца», — кажа Якаб Вёленштайн.

Якаб кажа, што відэа спадабалася ўсім: і немцам, і беларусам. Прычым сярод апошніх былі і прадстаўнікі дзяржаўных органаў, і крытычна настроеныя людзі. «Гэта справядлівае апісаньне краіны», — казалі яму.

«Вы экзатычная краіна, — кажа Якаб. — Людзі вандруюць у Тайлянд, таму што гэта экзотыка, але краіна ў цэнтры Эўропы, пра якую яны нічога ня ведаюць, — гэта таксама экзотыка. І нават савецкую настальгію можна выкарыстоўваць як частку вобразу, калі ставіцца да гэтага з самаіроніяй, вядома».

Зь Беларусьсю ў Якаба асабістая гісторыя. Бацька ягонай бабкі трапіў у палон падчас Другой сусьветнай вайны і разам зь іншымі палоннымі немцамі мусіў адбудоўваць Менск. У прыватнасьці, чыгуначны вакзал.

«Для мяне заўжды вельмі кранальна праходзіць побач з будынкам старога вакзала, — кажа Якаб. — Бабуля амаль плакала: яе бацька памёр у Менску, яна была маленькім дзіцем, а цяпер ейны ўнук едзе сюды».

«Яны не выглядаюць, як усходнія эўрапейцы. Яны апранутыя, як бэрлінцы»

Разам з разьвіцьцём бясьпекі, эканомікі і эўрапейскай інтэграцыяй у сьпісе мэтаў фонду KAS Якаб называе і зьмену вобразу краіны. У Брусэлі, напрыклад, ніхто ўвогуле асабліва ня ведае пра Беларусь: ані дзяржаўныя, ані апазыцыйныя палітыкі туды проста ня езьдзяць. Хтосьці са знаёмых Якаба думаў, што Беларусь — гэта сталіца краіны Вайсрусьлянд (некаторыя немцы працягваюць называць краіну «Weißrussland», г.зн. «Белая Расея». — РС). Хтосьці думаў, што Беларусь — закансэрваваны савецкі музэй.

«Нядаўна мы прывозілі групу беларусаў у Нямеччыну, і немцы сказалі: „Яны не выглядаюць, як усходнія эўрапейцы! Яны апранутыя, як бэрлінцы“, — расказвае Якаб. — У тым і справа, яны ня з Марса. Людзі зьдзіўленыя нармальнасьці, якую яны бачаць, нягледзячы на ўвесь аўтарытарызм».

Якаб шмат што ў краіне хваліць, хоць часта дадае: гледзячы з чым параўноўваць.

«Калі вы кажаце, што ў Беларусі зашмат бюракратыі і інстытуты не працуюць належным чынам, то Бэрлін у пляне адміністрацыйных пытаньняў — гэта катастрофа, — кажа Якаб. — Калі я зьбіраўся ўзяць шлюб, мы мусілі атрымаць шлюбнае пасьведчаньне. Гэта былі тыдні прыніжальных спробаў хаця б запісацца на прыём. Аднак калі інстытуты бюракратычныя ці не залішне павольныя, гэта ня значыць, што яны не працуюць».

Фонд Конрада Адэнаўэра мае офісы ў Кітаі, Расеі, нават Аўганістане — але няма офіса ў Беларусі. Цяпер яны падалі дакумэнты на рэгістрацыю. Хуткага станоўчага адказу Якаб не чакае, але ўпэўнены, што рэгістрацыя іх (і незалежных НДА ўвогуле) была б таксама добрым крокам для іміджу краіны.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках