24 красавiка 2024, Серада, 17:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алесь Круткін: Яшчэ раз пераканаўся ў тым, што большасць беларусаў ненавідзяць Лукашэнку

3
Алесь Круткін: Яшчэ раз пераканаўся ў тым, што большасць беларусаў ненавідзяць Лукашэнку
Алесь Круткин

Блогер падзяліўся аповедам пра апошні досвед.

Актывіст і відэаблогер Алесь Круткін быў арыштаваны 28 лістапада падчас візіту ў РУУС Полацкага раёна, куды яго запрасілі, каб вярнуць канфіскаваныя раней рэчы. Такім чынам улады паспрабавалі адпомсціць актывісту за ўдзел у «выбарчай кампаніі» і крытыку. 15 сутак Алесь Круткін правёў у ІЧУ і адразу пасля вызвалення адказаў на пытанні.

– Раней Вас неаднаразова затрымлівалі, Вы былі на «сутках» у Менску. Чым адрозніваюцца ўмовы ўтрымання ў ІЧУ Полацка?

– За ўвесь час арышту я быў у трох камерах. Першая была прымеркаваная на восем месцаў, але там было ад 11 да 13 чалавек. Месца, вядома, не хапала. Пазней мяне перавялі ў чатырохмясцовую камеру.

На грошы Еўразвязу ў ІЧУ быў праведзены рамонт, але, хутчэй за ўсё, большую частку вылучаных сродкаў проста скралі. Не працавала каналізацыя, перыядычна адсутнічала вада ў кранах. Сукамернікі казалі, што такім чынам эканоміць спрабуюць. Пры гэтым увесь час працавала радыё і гарэла святло. Шпацыраў не было ўвогуле. Кнігі не перадавалі, былі толькі тыя, якія засталіся ад папярэдніх арыштантаў. Гэта, у асноўным, амерыканскія дэтэктывы альбо літаратура з часоў Савецкага Саюза, старыя ўсе кнігі.

Да арыштантаў стаўленне наплявацельскае. У жанчыны ў суседняй камеры пачалася белая гарачка. Прыходзіў лекар, рабіў ёй укол, але гэта не дапамагала, станавілася толькі горш. Атрымліваецца, што і гэты чалавек пакутаваў, і тыя, хто знаходзіўся з ёй у камеры. Жанчыну абавязаныя былі забраць у лякарню, але гэтага не зрабілі.

– Што за людзі былі з Вамі ў камеры?

– Большая частка – гэта людзі, якіх затрымалі за дробны крадзеж, напрыклад прадуктаў з крамаў. Пры гэтым відаць, што красці яны сталі не ад добрага жыцця. Проста есці няма чаго. Былі і тыя, каго падчас чарговай аблавы затрымалі за знаходжанне ў грамадскім месцы ў нецвярозым выглядзе. Вельмі шмат падследных, таму што ў Полацку няма следчага ізалятара.

– Пра што размаўлялі?

– Вядома, пра палітыку, пра жыццё. Магу з упэўненасцю сказаць, што 99% не задаволеныя цяперашняй уладай. Беручы да ўвагі спецыфіку месца, у якім я быў, было шмат размоваў пра пенітэнцыярную сістэму і яе недахопы. Напрыклад, падчас адбыцця турэмнага тэрміну ў Беларусі праца на зоне не ўлічваецца ў стаж і многім цяжка атрымаць сацыяльную пенсію. Выходзіць чалавек пасля адседкі, а яго на працу не бяруць і пенсіі няма. Як жыць? Што рабіць? Людзі вымушаныя шукаць прыбытак не зусім законнымі метадамі. У іх проста няма іншага выйсця. Многія становяцца бяздомнымі.

Сукамернікі вельмі дзівіліся, што за рэпост можна трапіць на суткі. Гэта ў людзей выклікала яшчэ больш негатыўную рэакцыю ў адносінах да ўлады. Калі даведаліся, што кіраўнік РУУС асабіста забараніў мне перадаваць перадачы, запаважалі яшчэ мацней. Перадавалі чай і цыгарэты нават з суседніх камераў, з днём нараджэння віншавала ўся турма. На самай справе, палітычныя арыштанты – вельмі вялікая рэдкасць для Полацкага ІЧУ, даўно тут такіх не было.

Многія, даведаўшыся, што я вяду канал на YouTube, прасілі напісаць і расказаць пра свае праблемы. Частку з іх я назваў вышэй, але яшчэ сюды шмат можна дадаць. І міліцэйскае бязмежжа, калі ў канцы месяца аблавы ладзяць у цэнтры горада для выканання плана, і нахабства чыноўнікаў. А пра карупцыю мясцовых уладаў аповедаў было на пару выпускаў відэаблогу. А яшчэ – пра агульныя для ўсіх праблемы: беспрацоўе, ад'езд у Расею на заробкі, карупцыю ўладаў. Не ўпэўнены, што змагу апісаць гэты шквал людскіх праблемаў, нават чыста фізічна, праз час.

– А з ахоўнікамі размаўлялі?

– Яны былі зусім з маладых хлопцаў. Не скажу, што яны дрэнна да мяне ставіліся, проста зусім не падтрымлівалі кантакт. Відаць, ім сказалі, хто я такі, і гэтыя людзі баяліся за сваю працу і пазбягалі ўсялякіх зносінаў са мной. Адзінае, што кіраўніка «здалі» – сказалі, што перадачаў не будзе на ягоны асабісты загад. А так – проста правяралі камеру, прыносілі ежу і ўсё. Там жа ўсюды відэакамеры, яны проста баяліся размаўляць.

– Вам патлумачылі, чаму ў дзень вызвалення вывезлі на ўскраіну Полацка?

– Каб не было беспарадкаў ля сценаў РУУС (смяецца). Яны вельмі здзівіліся, што сабралася так шмат людзей. А яшчэ ж і салют наладзілі на дзень нараджэння. Гэта незвычайна для Полацка – тут нават падчас «дармаедскіх пратэстаў» цішыня была. Няхай прывыкаюць.

Хацелася б падзякаваць за падтрымку ўсім, хто хваляваўся, хто чакаў і пісаў. Гэта адчувалася нават за кратамі. А самым лепшым падарункам стала акцыя, якая прайшла ў дзень, калі мне стукнула 30 гадоў, у Менску.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках