19 красавiка 2024, Пятніца, 16:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сенатар Грэм паабяцаў хутка закончыць імпічмент Трампа

4
Сенатар Грэм паабяцаў хутка закончыць імпічмент Трампа

Як гэта адбудзецца?

Амерыканскі сенатар-рэспубліканец Ліндсі Грэм, які ўзначальвае юрыдычны камітэт Сената ЗША, заявіў 14 снежня каналу CNN, што зробіць усё, каб хутка "пакласці канец" працэсу імпічменту прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, які пачалі ў Кангрэсе ЗША.

Паводле словаў сенатара, ён зробіць усё, каб "гэтая рэч памерла хутка" ў Сенаце.

Ён назваў "лухтой" тое, што адбываецца вакол працэсу імпічменту. Грэм перакананы, што Трамп "выйдзе з гэтага больш моцным".

Сенатар таксама заявіў, што хоча слухаць не паказанні сведак, а довады Палаты прадстаўнікоў, якія кангрэсмэны выкладуць у сваёй выснове. Паводле словаў Грэма, ён палічыў бы за лепшае, каб гэта скончылася як мага хутчэй.

24 верасня спікерка Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША, дэмакратка Нэнсі Пэласі абвесціла пра пачатак афіцыйнага расследавання ў рамках працэдуры імпічменту Трампа ў сувязі са скандалам, які пачаўся пасля публікацый The Washington Post і The New York Times пра магчымы ціск Трампа на прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага падчас тэлефоннай размовы 25 ліпеня.

25 верасня была апублікаваная стэнаграма ліпеньскай размовы Трампа і прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага. З яе вынікае, што Трамп падняў пытанне пра расследаванне дзейнасці ва Украіне Хантэра Байдэна – сына былога віцэ-прэзідэнта ЗША і свайго верагоднага спаборніка на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года Джо Байдэна. Зяленскі паабяцаў Трампу, што новы ўкраінскі генпракурор "паглядзіць на сітуацыю".

Кіраўнік Белага дому называе расследаванне "паляваннем на ведзьмаў" і настойвае, што не ціснуў на Зяленскага. Прэзідэнт Украіны заявіў, што падчас тэлефоннай размовы яго ні да чаго "не падштурхоўвалі", і падкрэсліў, што не хоча быць ублытаным у выбарчую кампанію ў ЗША.

2 снежня Рэспубліканская партыя ЗША апублікавала 123-старонкавы даклад, які адмаўляе абвінавачванні на адрас Трампа, якія могуць прывесці да ягонага імпічменту.

У Палаце прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША 3 снежня апублікавалі даклад некалькіх камітэтаў пра расследаванне паводле справы пра імпічмент Трампа. У справаздачы таксама ўказана, што Трамп злоўжыў уладай і перашкаджаў расследаванню сваіх дзеянняў у Кангрэсе. Адзначаецца, што Трамп меў намер "дамагчыся пераабрання, ускладніць перспектывы для свайго апанента на выбарах і паўплываць на выбары ў сваю карысць" і такім чынам "паставіў свае асабістыя інтарэсы вышэй за нацыянальныя інтарэсы ЗША". Трамп у Лондане 4 снежня назваў "пасмешышчам" даклад камітэта Палаты прадстаўнікоў.

10 снежня ў Белым доме заявілі, што Трамп хоча хутчэйшага разгляду пытання пра імпічмент у Сенаце.

13 снежня Юрыдычны камітэт Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША прагаласаваў за зацвярджэнне двух артыкулаў, на падставе якіх палата правядзе галасаванне пра імпічмент Трампа.

Галасаванне ў Палаце прадстаўнікоў чакаецца на наступным тыдні. Пасля гэтага пастанову будзе прымаць Сенат. Калі ў Сенаце набіраецца дастатковая колькасць галасоў, прэзідэнта адхіляюць ад пасады. У дадатак супраць яго могуць пачаць крымінальнае расследаванне або забараніць яму займаць пасады цягам пэўнага часу.

У Палаце прадстаўнікоў большасць складаецца з дэмакратаў, а ў Сенаце – з рэспубліканцаў.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках