28 сакавiка 2024, Чацвер, 19:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Süddeutsche Zeitung: «Паўночны струмень – 2» яшчэ можа сарвацца

3
Süddeutsche Zeitung: «Паўночны струмень – 2» яшчэ можа сарвацца

У праекта ёсць ахілесава пята.

Трубаправод «Паўночны струмень – 2» амаль дабудаваны, аднак ЗША ўсё яшчэ спрабуюць спыніць праект: гэтай ноччу Кангрэс ЗША прагаласаваў за санкцыі, якія могуць, сама менш, затармазіць будаўніцтва «Паўночнага струменю – 2», трубаправода з Расеі ў Нямеччыну. Трэба будзе яшчэ ўхваленне Сената, аднак пастанова можа мець больш далёкія наступствы. Самыя асноўныя пытанні і адказы прыводзіць газета Süddeutsche Zeitung (пераклад – inosmi.ru).

Што ўяўляе з сябе «Паўночны струмень – 2»?

У Балтыйскім моры ўжо ёсць вялікі трубаправод, па якім газ з Расеі ідзе ў ЕЗ – «Паўночны струмень – 1». Ён быў уведзены ў эксплуатацыю яшчэ ў 2011 годзе і дасягнуў мяжы сваіх магутнасцяў. Дапамагчы яму транспартаваць большы аб'ём газу закліканы «Паўночны струмень – 2». Трубаправод праходзіць пераважна па дне Балтыйскага мора – ад расейскага ўзбярэжжа да Грайфсвальда. Даўжыня «Паўночнага струменю – 2» складзе 1230 км. Гэта адзін з самых доўгіх марскіх трубаправодаў у свеце. На гэты момант трэба будзе дабудаваць яшчэ блізу 300 км.

Як будуць выглядаць санкцыі?

Санкцыі накіраваныя на аператараў трубаўкладнікаў у Балтыйскім моры. Дзяржсакратар ЗША цягам 60 дзён павінен будзе дакласці Кангрэсу, якія караблі задзейнічаныя і якім кампаніям яны належаць. У дачыненні да мэнэджараў і асноўных акцыянераў гэтых фірмаў ЗША ўвядуць забарону на ўезд. Дзейсныя візы будуць ануляваныя. Транзакцыі датычных асобаў, якія адносяцца да іх бізнэсу або ўласнасці ў ЗША, будуць заблакаваныя.

Якія інтарэсы ў ЗША?

ЗША непакояцца, што Еўропа і асабліва Нямеччына праз «Паўночны струмень – 2» трапяць у залежнасць ад Расеі – эканамічна і палітычна. Пры дапамозе праекту Расея яшчэ мацней зможа выкарыстаць свае энэргетычныя пастаўкі як сродак ціску для рэалізацыі сваіх мэтаў. Але інтарэсы ЗША не толькі геапалітычныя, але і эканамічныя. Калі краіна раней была, у асноўным, імпарцёрам выкапнёвага паліва, за мінулыя гады яна ператварылася ў буйнога вытворцу і экспарцёра. Асабліва дзякуючы так званаму метаду гідраразрыву ЗША могуць здабываць нашмат больш газу, чым раней. Вядома ж, яны хочуць прадаваць яго і ў Еўропу.

Якія яшчэ кампаніі апынуцца пад санкцыямі?

Уласнікам «Паўночнага струменю – 2» з'яўляецца расейскі канцэрн Газпрам. Аднак за ім стаяць інвестары з ЕЗ. Акрамя двух нямецкіх канцэрнаў Uniper і Wintershall Dea гэта французская кампанія Engie, аўстрыйская OMV і брытанска-галандская група кампаній Shell. На іх прыпадае 50 адсоткаў фінансавання праекта, кошт якога ацэньваецца на 9,5 млрд еўраў. Адсоткі ў сваіх крэдытах яны ўбачаць толькі пасля запуску трубаправода. Таму поўны правал праекта нікому не выгадны. Застаецца чакаць, як Сенат ЗША паставіцца да ініцыятывы, заявілі ў Uniper. Таксама ў гэтым пытанні яны знаходзяцца ў кантакце з «адпаведнымі органамі федэральнага ўрада».

Чаму санкцыі ўводзяцца толькі цяпер – калі праект практычна гатовы?

Да гэтага Кангрэс і Белы дом спадзяваліся на дацкі ўрад. Таму што трубаправод павінен праходзіць і праз дацкія тэрытарыяльныя воды – і спачатку датчане адмаўляліся выдаваць дазвол. У канцы кастрычніка Данія ўсё ж яго выдала. Тым самым адпаў апошні бар'ер у ЕЗ на шляху рэалізацыі трубаправода. Гэта магло стаць спускавым кручком для санкцый, таму што іншым чынам трубаправод ужо не затармазіць. Гэта «больш чым несяброўскі акт», кажа Олівер Хермес (Oliver Hermes), старшыня Усходняга камітэта нямецкай эканомікі. Урэшце, усе дазволы выдадзены.

Ці можна ўвогуле яшчэ спыніць «Паўночны струмень – 2»?

Санкцыі могуць, сама менш, моцна абмежаваць будаўніцтва. Таму што такіх караблёў, як Pioneering Spirit, які цяпер пракладае трубы ў Балтыйскім моры, няшмат. Гэты карабель уважаецца найбуйнейшым у свеце ў сваім кшталце і належыць кампаніі Allseas. На «Паўночны струмень – 2» працуе таксама і карабель канцэрна Saipem – у гэтым глабальным бізнэсе ёсць толькі гэтыя дзве фірмы. «Гэта ахілесава пята», – кажуць у колах кансорцыуму.

Чаму і ў Еўропе ёсць праціўнікі праекта?

Краіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы з самага пачатку былі супраць ініцыятывы. Украіна непакоіцца, што яе трубаправодная сетка стане залішняй. Тым самым краіна страціць транзітныя зборы, такую важную крыніцу прыбыткаў. Яшчэ важнейшае стратэгічнае значэнне трубаправодаў у сітуацыі, калі сілы паміж Расеяй і Украінай размеркаваныя не роўным чынам. Расея анэксавала ўкраінскі паўвостраў Крым і фактычна кантралюе тэрыторыі ўсходняй Украіны. Украіна хоць і атрымала незалежнасць ад расейскіх газавых паставак, каб не стаць ахвярай шантажу, але калі па трубаправодзе на Захад не будзе ісці газ або яго будзе занадта мала, яна баіцца, што ў Расеі будзе яшчэ менш прычынаў, каб браць да ўвагі пазіцыі Украіны. Краіны Усходняй Еўропы бачаць сітуацыю падобным чынам і непакояцца, што ў выпадку канфліктнай сітуацыі яны апынуцца адрэзанымі ад газу. Акрамя таго, на думку многіх у ЕЗ, трубаправод супярэчыць мэце дыверсіфікацыі энэргетычных паставак і меншай залежнасці ад расейскага газу.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках