28 сакавiка 2024, Чацвер, 14:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ядзерныя выбухі ля атола Бікіні: наступствы адбіваюцца і праз 73 гады

7
Ядзерныя выбухі ля атола Бікіні: наступствы адбіваюцца і праз 73 гады

Тады ўпершыню выпрабавалі атамную бомбу пад вадой.

Здарэнне адбылося 25 ліпеня 1946 года на атоле Бікіні. У той дзень там прайшло пятае выпрабаванне атамнай бомбы, але ўпершыню выбух быў падводным, паведамляе расейская служба ВВС.

Усе мы бачылі гэтыя кадры: велізарны грыб узнімаецца над Ціхім акіянам, а выбуховая хваля паглынае караблі, якія знаходзяцца паблізу, імі ахвяравалі, каб спраўдзіць, на што здольная сіла атама.

Праз 73 гады навукоўцы вярнуліся туды, каб скласці карту акіянскага дна.

ВЫБУХ ВЫКІНУЎ ВЫСОКА У ПАВЕТРА 2 МЛН ТОН ВАДЫ, ПЯСКУ І СЦЁРТЫХ У ПАРАШОК КАРАЛАЎ
ФОТА: NAVAL HISTORY AND HERITAGE COMMAND

"Пастанавілі выбраць Бікіні праз яго аддаленасць і прасторную лёгкадаступную лагуну", - расказаў кіраўнік даследчай групы Арт Трэмбаніс з Дэлавэрскага ўніверсітэта.

"Як сказаў тады камедыйны актор Боб Хоўп: як толькі скончылася вайна, мы знайшлі адзін некрануты вайной лапік на Зямлі і распляжылі яго дашчэнту", - дадаў ён.

У рамках аперацыі "Скрыжаванні" на атоле прайшлі два амэрыканскія выпрабаванні - "Эйбл" і "Бэйкер". 21-кілатонная бомба "Бэйкер", якая атрымала назву "Гелен з Бікіні", была падарваная на глыбіні 27 м.

ТАПАГРАФІЧНАЯ КАРТА АКІЯНСКАГА ДНА. ВАКОЛ ЯМІНЫ ВІДАЦЬ ЗАТОПЛЕНЫЯ КАРАБЛІ
ФОТА: CSHEL UNIVERSITY OF DELAWARE

Выбух выкінуў высока ў паветра 2 млн тон вады, пяску і сцёртых у парашок каралаў.

Трэмбаніс перад экспедыцыяй меркаваў, што, нягледзячы на неверагодна моцны выкід энэргіі, большая частка спярэшчанага выбухам акіянскага дна ўжо мелася выраўнавацца доннымі адкладамі.

Але прагноз не апраўдаўся. Ягоная даследчая група, якая складалася з акіянографаў, геолагаў, марскіх археолагаў і інжынераў, выявіла дакладна выяўленую западзіну.

З дапамогай рэхалота яны склалі тапаграфічную карту марскога дна плошчай 800 м і рэльефам прыкладна 10 м.

ДАЙВЕР ДАСЛЕДУЕ ГАРМАТЫ АВІЯНОСЦА "САРАТОГІ"
ФОТА: CSHEL UNIVERSITY OF DELAWARE

"Гэта падобна да таго, як калі б Капітан Марвэл ударыла па планеце і пакінула ў ёй увагнутасць", - расказаў Трэмбаніс журналістам, якія сабраліся ў Амэрыканскім геафізічных звязе на прэзентацыю вынікаў даследаванняў навуковай суполкі.

"Мы хацелі ўзняць заслону і па-сапраўднаму прадэманстраваць гэта месца, - расказаў ён у інтэрв'ю Бі-бі-сі. - Толькі ў канцы 1980-х - пачатку 90-х вадалазы ўпершыню змаглі абследаваць гэты абшар. І нават тады дзеля абмежаванняў яны агледзелі толькі невялікую колькасць карабельных адломкаў".

"Мы выкарыстоўвалі сучасныя гідраакустычная тэхналогіі; мы мелі магчымасць скласці карту ўсёй дзялянкі. Гэта як калі паехаць уночы да Вялікага каньёна з адным ліхтарыкам альбо адправіцца туды на дзень і адразу ўсё ўбачыць. Мы змаглі ўбачыць размяшчэнне караблёў, наколькі блізка яны знаходзяцца адзін да аднаго, і мы ўбачылі, што кратэр па-ранейшаму ёсць. Прырода ўсё яшчэ нагадвае нам пра сваю рану, атрыманую ад выбуху бомбы", - адзначыў навуковец.

КАРМАВАЯ ЧАСТКА "САРАТОГА" РАЗБУРАЕЦЦА
ФОТА: ARTHUR TREMBANIS

Характэрна, што кратэр нагадвае пакрытую рабізной структуру, нешта накшталт пялёсткаў ружы. Гэта сведчыць пра тое, што ўся велізарная маса, узнятая ў паветра, абрынулася ўніз у водным слупе і рассеялася па дне акіяна.

Часткова правядзенне даследавання было абумоўленае патрэбай больш дакладнага разумення працягу ўздзеяння выбуху на навакольнае асяроддзе. Хоць узровень радыяцыі прыкметна знізіўся, існуе праблема забруджвання ад патанулых караблёў.

Гэтыя старыя караблі, якія плавалі пад сцягамі ЗША, Японіі і Нямеччыны, не былі падрыхтаваныя да затаплення для далейшага стварэння з іх штучных рыфаў. Гэта мела б на ўвазе поўны дэмантаж іх абсталявання.

КАРТА ДЭМАНСТРУЕ РЭЛЬЕФНУЮ СТРУКТУРУ ЯМІНЫ АД ВЫБУХУ
ФОТА: CSHEL UNIVERSITY OF DELAWARE

Паводле сцэнару выпрабаванняў, што імітавалі ваенныя дзеянні, трэ’ было пакінуць караблі ў стане баявой гатовасці. Гэта, сярод іншага, мела на ўвазе, што караблі былі з запасам паліва і нават з боепрыпасамі.

"Калі мы складалі карту, мне нават не трэба было глядзець на прыладную дошку, каб зразумець, што мы знаходзімся побач з амэрыканскім авіяносцам "Саратогай", бо я адчуў пах дызельнага паліва. Ён быў вельмі моцны, і яго лёгка можна было адрозніць", - расказаў Трэмбаніс.

"З лінейнага карабля "Нагата", флагмана японскага флоту, на якім адмірал Ісароку Ямамота склаў план нападу на Пёрл-Харбар, праточваецца паліва, якое распаўсюдзілася на шмат міль", - кажа навуковец.

Караблі разбураюцца ў вадзе, і забруджванне ад іх можа ператварыцца ў яшчэ большую праблему, адзначыў Трэмбаніс.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках