20 красавiка 2024, Субота, 8:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гародня, Кракаў, Шчэцін: Беларусы пратэстуюць супраць «інтэграцыі»

Гародня, Кракаў, Шчэцін: Беларусы пратэстуюць супраць «інтэграцыі»
ФОТА: AP

Акцыі за нашу незалежнасць прайшлі адначасова ў некалькіх гарадах і краінах.

«Тут не Расея, тут – Беларусь». Блізу сотні чалавек выйшлі 15 снежня ў Гародні на акцыю ў абарону незалежнасці Беларусі, паведамляе «Белсат».

Удзельнікі акцыі кажуць:

«Не дома ж сядзець, калі такія падзеі адбываюцца ў краіне».

«Трэба выходзіць, таму што трэба нешта рабіць».

«Незалежнасць – гэта вельмі важна, гэта ўсё, што ў нас ёсць».

«Здзіўляе, чаму няма нашых кіраўнікоў, чыноўнікаў. Ад гэтага залежыць іх будучыня. Як прыйдуць расейцы, яны не захаваюць сваіх месцаў».

Стаўшы ў жывы ланцуг на Старым мосце праз Нёман, удзельнікі рушылі ўніз да самай ракі. Дзе зачыталі рэзалюцыю, якую сімвалічна адправілі ў сплаў па Нёмане – да Санкт-Пецярбурга, дзе 20 снежня павінны сустрэцца Лукашэнка і Пуцін.

«Гэтую рэзалюцыю водным шляхам па Нёмане праз Балтыйскае мора мы сёння накіроўваем кіраўнікам абедзвюх дзяржаваў для таго, каб данесці наша меркаванне», – адзначае намеснік старшыні партыі БНФ Вадзім Саранчукоў.

«20 снежня, відавочна, будзе падпісанае пагадненне пра інтэграцыю. Мы ж, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, не хочам страціць сваю незалежнасць», – кажа арганізатар гарадзенскай акцыі Мікалай Салянік.

ВАДЗІМ САРАНЧУКОЎ. ФОТА: ВАСІЛЬ МАЎЧАНАЎ / «БЕЛСАТ»

Тэкст рэзалюцыі таксама вышлюць у амбасаду Расеі ў Менску. Акцыі ў падтрымку незалежнасці нашай краіны і супраць палітычнай інтэграцыі з Расеяй прайшлі сёння і ў Польшчы. У Кракаве пад Генконсульствам Расеі пратэставалі дзясяткі студэнтаў.

«Мы хочам сказаць, што Расея – гэта сапраўды турма для народаў. Мы не хочам у ёй быць, мы не хочам быць у “расейскім свеце”, мы супраць гэтага. Ганьба Расейскай Федэрацыі!» – кажа арганізатар пратэсту, украінскі студэнт Антон Чарапенка.

Удзельнікі пікету таксама звярнуліся да Сейма Польшчы з просьбай падтрымаць беларусаў у іх барацьбе за незалежнасць. З дзясятак чалавек пратэставалі сёння і пад консульствам Расеі ў Шчэціне. На абодвух пікетах удзельнікі трымалі плакаты ў падтрымку Пятра Маркелава, які адбывае 14 сутак адміністрацыйнага арышту за патрабаванне пералічыць галасы на выбарчым участку.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках