25 красавiка 2024, Чацвер, 19:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аўтааматар: Вядома, да чаго прывядуць дарожныя «фокусы» ўладаў

8
Аўтааматар: Вядома, да чаго прывядуць дарожныя «фокусы» ўладаў
Фотa: onliner.by

На беларускіх дарогах адбываецца неймавернае.

Базавая велічыня ў Беларусі з 1 студзеня вырасце да 27 рублёў. Пра тое, як гэта адаб'ецца на беларускіх кіроўцах, Charter97.org апавёў аўтамабіліст са стажам, актывіст «Еўрапейскай Беларусі» Васіль Сямёнаў:

– Я думаю, што наўрад ці хтосьці будзе ў захапленні ад гэтых новаўвядзенняў. Павышэнне базавай велічыні заўважаць не адразу, а тады, калі ўбачаць памеры розных плацяжоў. Вырастуць дзяржмыты, кошт рэгістрацыі і зняцця з уліку і, вядома, штрафы. Гэта ж адзін з асноўных артыкулаў папаўнення бюджэту. Адначасова з ростам штрафаў павялічваецца і іх колькасць. На дарогах ставяць новыя камеры фіксацыі хуткасці, супрацоўнікі ДАІ часцей праводзяць розныя мерапрыемствы, мэта якіх – сабраць больш штрафаў. Думаю, што гэтая тэндэнцыя захаваецца – уладам востра неабходна папаўняць бюджэт.

– Нядаўна стала вядома, што «дарожны падатак» усё ж плануюць «адвязаць» ад тэхагляду. Як мяркуеце, гэта адбудзецца?

– Наўрад ці, хоць гэтага даўно патрабуюць беларускія аўтамабілісты. Цяпер дзяржмыта прывязаная да тэхагляду, што кіроўцы ўважаюць вельмі несправядлівым. Розныя людзі ездзяць з рознай частатой і гэтак жа па-рознаму эксплуатуюць праезную частку. Самы правільны варыянт – прывязаць збор да паліва, але на гэта ўлады не пойдуць, бо гэта ўдарыць па іх кішэні.

Калі ўсё ж дарожны падатак «адвяжуць» ад тэхагляду, то хутчэй за ўсё, вырастуць і штрафы за няпройдзены тэхагляд, і ягоны кошт, і кантроль за аплатай. Без яго стане ездзіць фактычна немагчыма. А пакуль гэтага яшчэ не адбылося, будзем ездзіць, як і раней, проста трэба быць больш уважлівымі. Пытанне ж не ў тым, што дарожны падатак высокі, пытанне ў тым, што ён ідзе на што заўгодна, але не на дарогі. Ад'язджаеш за Менск на пяць-дзесяць кіламетраў, збочваеш з галоўных магістраляў – адны ямы і выбоіны, асабліва вясною.

Усё, што звязана з дарогамі, я расцэньваю больш чым крытычна. Бо нават здаць на правы з кожным годам станавіцца ўсё цяжэй, як і пераздаць тым, хто з якой-небудзь прычыны страціў іх. Да таго ж гэтыя паслугі становяцца даражэйшыя і даражэйшыя.

У нас у краіне ні адно новаўвядзенне ў сферы транспарту і камунікацый не палегчыла жыццё звычайным людзям. Увесь час ускладняецца сістэма з тымі ж ПДР. Ускладняецца дарожная разметка, з'яўляюцца новыя знакі, новыя правілы. Калі заязджаеш на перакрыжаванне, на якім дзесяць знакаў, то нават не паспяваеш паглядзець часам вакол – ці няма па дарозе перашкодаў, каб выпадкова не парушыць. Гэта робяць для таго, каб садраць грошай больш, але ж і супрацоўнікі ДАІ гэта абавязаныя рабіць таму, што іх сама сістэма прымушае ўвесь час нешта ўскладняць. Яны павінны ўвесь час «удасканальваць» сваю дзейнасць і гэта рэгулярна выяўляецца ў павелічэнні нязручнасцяў для кіроўцаў і пешаходаў. Новаўвядзенні так хутка мяняюцца, што кіроўцы са стажам часам нават не ў курсе, што цяпер адбываецца на дарогах у новых правілах.

Мяркуючы нават з афіцыйнай інфармацыі, з якой я пазнаёміўся на электронным табло ў РАУС Фрунзенскага раёна Менска, у параўнанні з мінулым годам сёлета адбылося значнае пагаршэнне дарожнай сітуацыі са смерцямі, траўмамі, проста аварыямі. Таму ні да чаго добрага гэтыя іх дарожныя «фокусы» не прыводзяць. Ужо проста перагнулі палку. Такі бардак на дарогах развялі, што проста жах!

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках