24 красавiка 2024, Серада, 15:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Харэограф з Баранавічаў: Праца патрабуе шмат сілаў, а заробак невялікі

3
Харэограф з Баранавічаў: Праца патрабуе шмат сілаў, а заробак невялікі

Як маладому спецыялісту выжыць без дапамогі бацькоў?

Маладая харэографка адной з баранавіцкіх дзяржаўных установаў апавяла Intex-press, чаму вярнулася з Менска дадому, ад чаго залежыць яе заробак, на чым ёй не атрымліваецца зэканоміць і чаму яна хоча з'ехаць за мяжу:

– У дзяцінстве я хацела быць архітэктаркай і сем гадоў хадзіла на заняткі ў адну з баранавіцкіх мастацкіх школаў. Акрамя гэтага, я з сямі гадоў танчыла ў вядомым гарадскім ансамблі. Танцы былі маім хобі.

Паступаць на архітэктарку я перадумала, бо гэтая прафесія апынулася не такой, як я ўяўляла. Чарцяжы, лічбы – гэта не зусім маё. Ды і для паступлення патрабаваліся вялікія прахадныя балы: колькасць ахвотных на адно месца была велізарная.

Таму я паступіла ў Менск на маркетолага на завочнае аддзяленне. Спачатку жыла ў Менску, працавала ў грамадскім харчаванні, здымала кватэру. Але неўзабаве зразумела, што такая нервовая праца не для мяне. Ды і заробак быў невялікі – блізу 600 рублёў.

Для выжывання ў Менску самой зусім недастаткова. Калі зразумела, што не атрымліваецца, надумала вярнуцца ў Баранавічы і шукаць працу ў родным горадзе.

Праца цяжкая, а заробак невялікі

У Баранавічах знайсці працу, якая падышла б мне, было няпроста. Паўгода я глядзела вакансіі ў інтэрнэце і паралельна прадаўжала займацца танцамі, пакуль у адной з баранавіцкіх установаў культуры мне не прапанавалі пасаду харэографа. Так у мяне з'явілася і праца, і магчымасць займацца любімай справай адначасова.

Мой графік стандартны: пяць дзён працую, два дні – выходныя. Заробак залежыць ад колькасці дзяцей, якія прыходзяць да мяне займацца. Месяц на месяц не выпадае, але ў сярэднім я атрымліваю 550 рублёў.

Мяркую, што для такой працы, якая патрабуе шмат сілаў, заробак невялікі. Але паколькі я жыву дома з мамай, мне не трэба здымаць кватэру, у мяне няма пазык, усё больш-менш задавальняе.

«Сям'я рада, што я жыву дома»

Паспрабаваўшы жыць самастойна, я зразумела, што гэта даволі складана. Каб быць фінансава незалежнай і мець магчымасць плаціць за жыллё, трэба атрымліваць добры заробак. Пакуль без дапамогі бацькоў мне цяжка.

Я – адзінае дзіця ў сям'і, у нас двухпакаёвая кватэра, у мяне асабісты пакой. Навошта мне марнаваць грошы на арэнду жылля? Да таго ж мая сям'я рада, што я жыву дома.

За камуналку плацяць бацькі, з мяне яны нічога не патрабуюць. Таксама нядаўна я аформіла растэрміноўку на новы мабільны тэлефон – за яго плаціць мама. Я толькі аплачваю мабільную сувязь. Думаю, што без дапамогі бацькоў я не выжыла б. Ліпець у адзіночку дастаткова складана.

Ежу дадому мы набываем супольна. З майго заробку на набыццё прадуктаў сыходзіць блізу 150 рублёў за месяц. Я стараюся харчавацца правільна і ў добрай ежы сабе не адмаўляю. Магу спакойна зайсці ў краму і набыць усё, што захачу.

Ссабойку на працу не бяру. Звычайна на перакус набываю садавіну, гародніну і дзіцячае пюрэ.

«Касметыка патрэбная толькі для выступаў»

Апошнія паўгода касметыкай я практычна не карыстаюся. На працы я шмат танчу з вучнямі, пацею, таму фарбавацца няма патрэбы. Касметыка мне патрэбная толькі для выступу на канцэртах і калі ёсць жаданне сустрэцца з сябрамі.

Увогуле добрая касметыка – гэта нятаннае задавальненне. Таму чым менш фарбавацца, тым больш грошай застаецца на іншыя – больш важныя выдаткі. Сваю касметычку я папаўняю тады, калі касметычныя сродкі сканчаюцца.

Што тычыцца побытавай хіміі, то сама я нічога не набываю. Кожны месяц аддаю маме 40 рублёў на шампуні, гелі, зубную пасту і іншыя прадметы гігіены.

Абноўкі – кожны месяц

Вопратку і абутак я звычайна набываю на баранавіцкім рынку і ў інтэрнэт-крамах. Усё залежыць ад настрою і колькасці грошай.

Новыя рэчы я набываю кожны месяц, але не скажу, што выбіраю дарагія: магу, напрыклад, набыць кофтачку як за 80 рублёў, так і за 5. Усё залежыць ад таго, наколькі мне нешта спадабаецца.

Апошні раз я абнавіла свой гардэроб і набыла адну пару абутку, выдаткавала 230 рублёў.

Праз поўнае паглыбленне ў прафесію (а працаваць з дзецьмі дастаткова цяжка: кожны дзень ты павінна быць у добрым настроі і выдатнай форме) часу на забавы практычна няма.

Пасля заняткаў я часта ачухваюся дома або прыдумляю і адпрацоўваю новыя рухі для танцаў.

Выбрацца з сяброўкай у кавярню за апошні месяц атрымалася толькі два разы. Схадзіць у кіно ці яшчэ некуды не было ні часу, ні сілаў.

Траціна паездак – на таксі

На чым у мяне не атрымліваецца зэканоміць, так гэта на транспартных выдатках. На працу і справы я ў асноўным езджу на аўтобусах і маршрутках. Таму праязны не набываю – няма сэнсу. Да таго ж прыкладна траціна маіх паездак – гэта паездкі на таксі. Звяртацца да гэтага віду транспарту мне даводзіцца, бо часам магу спазняцца ці мне не хочацца дабірацца на аўтобусе праз непагадзь.

У мінулым месяцы на праезд у мяне сышло блізу 40 рублёў.

Трэба давучыцца

Цяпер мяняць працу я не планую. Нават нягледзячы на тое, што пражыць адной на 500 рублёў без дапамогі бацькоў нерэальна. Вярнуўшыся ў Баранавічы, я магу не лічыць кожную капейку. Але ж так не павінна быць.

Я хачу давучыцца ў ВНУ і ўладкавацца паводле сваёй спецыяльнасці. Але не ў Беларусі. Мне здаецца, у нашай краіне ў многіх прафесіях праца не аплачваецца належна. А без добрага заробку ты не можаш стаць фінансава незалежнай і жыць самастойным жыццём. Я не хачу ўсё жыццё жыць з бацькамі і за іх кошт.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках