29 сакавiка 2024, Пятніца, 12:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Падобна, што Пуцін сапраўды завозіць ядзерную зброю ў Крым»

10
«Падобна, што Пуцін сапраўды завозіць ядзерную зброю ў Крым»

Канадскі аналітык – пра вынікі перамоваў у нармандскім фармаце.

Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін не адмовіцца ад фактычнага кантролю над акупаванай часткай Данбаса і будзе выкарыстоўваць яго для дэстабілізацыі не толькі Украіны, але і ўсёй Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Такое меркаванне ў інтэрв'ю Крым.Реалии выказаў старшы навуковы супрацоўнік канадскага Інстытута Макдональда-Лар’е (Macdonald-Laurier Institute), эксперт у пытаннях Расеі, Цэнтральнай і Усходняй Еўропы Маркус Колга.

Аналітык упэўнены, што ўкраінскае кіраўніцтва ў адзіночку не зможа атрымаць дыпламатычную перамогу ў перамовах з Пуціным. На ягоную думку, стрымаць памкненні Масквы магчыма толькі ў рамках намаганняў у калектыўнай еўрапейскай бяспецы.

СТАРШЫ НАВУКОВЫ СУПРАЦОЎНІК КАНАДСКАГА ІНСТЫТУТА МАКДОНАЛЬДА-ЛАР’Е МАРКУС КОЛГА

«Сустрэча ў “нармандскім фармаце”, якая адбылася ў Парыжы 9 снежня, – гэта першая міжнародная сустрэча падобнага ўзроўню з удзелам новага прэзідэнта Украіны. Уладзімір Зяленскі фактычна апынуўся ў сітуацыі, дзе ён вымушаны быў удзельнічаць у перамовах з Уладзімірам Пуціным. Пры гэтым Пуцін – вельмі дасведчаны перамоўнік, які знаходзіцца ля ўлады больш за два дзесяцігоддзі. Беручы да ўвагі гэтыя абставіны, я сказаў бы, што прэзідэнт Зяленскі рабіў усё магчымае, каб адстаяць інтарэсы Украіны, аднак наўрад ці хтосьці ўсур'ёз спадзяваўся, што для яго магчыма будзе выйсці з гэтых перамоваў пераможцам», – прызнае эксперт.

Сярод станоўчых момантаў сустрэчы Маркус Колга называе дасягнутыя дамоўленасці пра новы абмен палоннымі.

«На жаль, гэтыя дамоўленасці не ўключылі крымскіх палітвязняў. Тэма Крыма ў прынцыпе не падымалася на гэтых перамовах, і, на жаль, я не думаю, што Эмануэль Макрон захоча ўключыць тэму анэксіі Крыма ў “нармандскі фармат”. На гэты момант самая надзённая праблема, якая патрабуе развязання пры перамовах – гэта парушэнні рэжыму спынення агню з боку Расеі, і Зяленскаму даводзіцца неяк развязваць гэтае пытанне, што, безумоўна, вельмі складана, калі маеш справу з Пуціным», – адзначае канадскі аналітык.

Пры гэтым Маркус Колга падкрэслівае, што канчатковая мэта Пуціна заключаецца не толькі ў кантролі над Данбасам, але і ў поўнай дэстабілізацыі Украіны.

«Калі вядомы расейскі публіцыст Андрэй Піянткоўскі параўноўвае акупаваныя тэрыторыі з ракавай пухлінай, якую Масква спрабуе ўкараніць у палітычнае цела Украіны, важна адзначыць, што гэтая “пухліна” не будзе абмяжоўвацца толькі ўкраінскай тэрыторыяй. Менавіта таму гэта вельмі важна для такіх заходніх дзяржаваў, як Канада, краіны Балтыі і Польшча, працаваць разам, каб прадухіліць распаўсюд гэтага “раку” ў Еўропе. Размаўляючы з канадскімі палітыкамі, я ўвесь час адзначаю, што дапамога Украіне ў абароне яе суверэнітэту на Данбасе і ў Крыме неабходная для стрымлівання расейскіх каналаў дэстабілізацыі ў краінах NATO», – сказаў Маркус Колга.

На ягоную думку, «дзейнасць расейскіх шпіёнаў у краінах Балтыі і Цэнтральнай Еўропы, у тым ліку ў Эстоніі, з'яўляецца добрай ілюстрацыяй актыўнасці Крамля на гэтым напрамку».

«Яшчэ адзін яркі прыклад – гэта бунты ў Эстоніі 2007 года ў сувязі з падзеямі вакол Бронзавага салдата. Ужо даказана, што яны былі ініцыяваныя Расеяй, а іх арганізатары цесна ўзаемадзейнічалі з расейскай амбасадай. Для нас відавочна, што Пуцін не спыніць гэтых намаганняў, роўна як і не адмовіцца ад замарожанага канфлікту на Данбасе і сваіх спробаў знішчыць украінскі суверэнітэт", – упэўнены канадскі эксперт.

Магчымым развязаннем праблемы Маркус Колга мяркуе ўдзел канадскіх міратворцаў на Данбасе, што можа прадухіліць прадаўжэнне перастрэлак на лініі размежавання.

«Калі Расея і Украіна пагодзяцца на такі варыянт, я не бачу прычынаў, чаму Канада магла б адмовіцца адправіць сваіх міратворцаў на Данбас. Аднак праблема ў тым, што Пуцін можа не пагадзіцца на гэта», – асцерагаецца эксперт.

Маркус Колга мяркуе, што стрымліваць агрэсіўную палітыку Масквы неабходна не толькі на «еўрапейскім» кірунку, але і ў акваторыі Чорнага мора.

«Паводзіны Расеі ў Чорным моры – гэта пагроза не толькі для Украіны, але і для ўсіх краінаў Чарнаморскага рэгіёну. Падобна на тое, што Пуцін сапраўды завозіць ядзерную зброю ў Крым, і гэта сур'ёзная падстава для непакою, у тым ліку для Турцыі. Нягледзячы на тое, што Турцыя сёння, падобна, аддае перавагу супрацоўніцтву з Расеяй у шэрагу кірункаў, на месцы турэцкага ўрада я вельмі насцярожыўся б. Відавочна, што Пуцін спрабуе дамінаваць на ўсёй тэрыторыі ад Блізкага Усходу да Заходняй Еўропы, і краіны NATO абавязаныя паставіцца да гэтага сур'ёзна», – перасцерагае канадскі аналітык.

БЫЛЫ ПАЛІТВЯЗЕНЬ АЛЕГ СЯНЦОЎ І КАНАДСКІ АНАЛІТЫК МАРКУС КОЛГА

На думку эксперта, нягледзячы на цікавасць асобных краінаў да ўзаемадзеяння з Расеяй, у рамках NATO магчымая выпрацоўка адзінай стратэгіі рэгіянальнай бяспекі.

«Нават у Злучаных Штатах, пры ўсёй іх цяперашняй паглыбленасці ва ўнутрыпалітычныя пытанні, дастаткова людзей у палітычным істэблішменце, якія занепакоеныя сітуацыяй ва Украіне. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, ЗША эфектыўна ўзаемадзейнічае са сваімі хаўруснікамі ў рамках G7 і NATO, і абедзве гэтыя арганізацыі ўсё яшчэ застаюцца вельмі функцыянальнымі. Таму мне здаецца, што менавіта ў рамках гэтых інстытутаў магчымае стварэнне міжнароднай кааліцыі, здольнай стрымаць Расею. Мы бачылі, да прыкладу, як Турцыя першапачаткова выступала супраць новай абароннай стратэгіі, якую Балтыйскія дзяржавы прапанавалі ў Лондане. Аднак у канчатковым выніку яны адступілі, і стратэгія была зацверджаная. Гэта выдатна дэманструе, як развязваюцца пытанні ў рамках NATO», – адзначае Маркус Колга.

Што тычыцца праблемы Крыма, які застаецца за рамкамі «нармандскага фармату», канадскі эксперт упэўнены: Уладзіміру Зяленскаму варта прадаўжаць падымаць гэтую тэму нават у выпадку, калі яе не атрымаецца ўключыць у перамоўны працэс.

Вызваленне краінаў Балтыі ад савецкай акупацыі заняло дзесяцігоддзі, але ўвесь гэты час ЗША, Вялікая Брытанія, Канада і шэраг іншых краінаў не прызнавалі акупацыі

«Вызваленне краінаў Балтыі ад савецкай акупацыі заняло дзесяцігоддзі, але ўвесь гэты час ЗША, Вялікая Брытанія, Канада і шэраг іншых краінаў не прызнавалі акупацыі, і гэта было вельмі важна для грамадзянаў балтыйскіх дзяржаваў і бежанцаў, якія прыязджалі з іх. Тое самае тычыцца і крымскіх татараў. Людзям патрэбная надзея, што рана ці позна Крым вернецца ва Украіну (пад кантроль украінскай дзяржавы – КР), і частая любая згадка гэтай тэмы сама менш дазволіць ёй заставацца на паверхні. Хто ведае: можа быць, пасля Пуціна, калі ў Расеі з'явіцца новы лідар, гэта сапраўды стане магчымым», – выказвае надзею Маркус Колга.

Пры гэтым эксперт адзначае, што Канада прапануе Украіне ўсебаковую падтрымку.

«Канадскія вайскоўцы арганізуюць трэніроўкі для ўзброеных сілаў Украіны. Таксама Канада пастаўляе ўніформу, матэрыяльную дапамогу і абсталяванне для ўкраінскай арміі. Украінская дыяспара ў Канадзе таксама вельмі моцная і, магчыма, самая актыўная ў падтрымцы сваёй радзімы. Яны вельмі шмат зрабілі для сваёй краіны, не толькі ў частцы дапамогі ў сувязі з вайной, але і ў намаганнях рэфармавання ўрада. Сюды ж адносяцца і прыватныя інвестыцыі. Украіна і Канада маюць асаблівыя стасункі, і няма ніякіх прыкметаў таго, што гэта можа змяніцца. Мне здаецца, што нават калі, дапусцім, заўтра зменіцца ўвесь канадскі ўрад, гэтыя стасункі захаваюцца», – упэўнены Маркус Колга.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках