29 сакавiка 2024, Пятніца, 4:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Вяскоўцы супраць шкоднага кітайскага завода

3
Вяскоўцы супраць шкоднага кітайскага завода
Фота: «Радыё Свабода»

Светлагорскі завод ні дня яшчэ не працаваў законна.

Актывісты з сяла пад Светлагорскам, якое найбольш пакутуе ад шкодных выкідаў метылмеркаптану з пабудаванага кітайскай карпарацыяй САМСЕ ў 2017 годзе завода беленай цэлюлозы, пачалі збор подпісаў пад скаргай у абласны суд на перашкоду ў ажыццяўленні права на правасуддзе паводле справы супраць Светлагорскага ЦКК і кітайскай карпарацыі САМСЕ.

Паводле інфармацыі «Палескай вясны», жыхары Якімавай Слабады вылучаюць патрабаванне пра выплату маральнай кампенсацыі з нагоды таго, што на ЗБЦ з лістапада 2017 года пачаліся пуска-наладачныя працы, пры гэтым усё пачало накрываць моцным пахам смярдзючага газу – метылмеркаптану, які належыць да другога класу небяспекі.

Да гэтага часу ЗБЦ афіцыйна не ўведзены ў эксплуатацыю. Працуе без прыродаахоўнага дазволу. Завод не мае станоўчай экалагічнай высновы на дзейнасць крыніцы з падвышанай ступенню небяспекі. Нягледзячы на запэўніванні ўладаў, да гэтага часу не вядуцца і самастойныя вымярэнні небяспечных выкідаў (метылмеркаптану) структурамі Міністэрства аховы здароўя і Мінпрыроды.

Як нядаўна стала вядома, пры ўсім гэтым ЗБЦ нарошчвае вытворчыя магутнасці. Пра гэта, паводле інфармацыі сайта канцэрна «Беллеспаперапрам», кіраўнікі канцэрна і СЦКК заявілі на міжнароднай канферэнцыі вытворцаў цэлюлозы і паперы, якая праходзіла ў пачатку снежня ў Вене.

«Завод выйшаў на ўстойлівы рэжым працы і паступова нарошчвае аб'ёмы выпуску прадукцыі. За 11 месяцаў гэтага года выпушчана больш за 125 тыс. тонаў цэлюлозы. У цэлым у 2019 годзе плануецца вырабіць блізу 150 тыс. тонаў цэлюлозы», – паведамляе СМІ ўстановы.

Пры гэтым кіраўнікі ўстановы і камбіната не паведамілі сваім еўрапейскім калегам пра тое, што завод ні дня яшчэ не працаваў законна. Жыхары Светлагорска і Якімавай Слабады ўпэўненыя, што ў гэтым выпадку праца завода і выпуск прадукцыі з парушэннем экалагічных законаў і міжнародных пагадненняў не павінны заставацца непакаранымі.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках