28 сакавiка 2024, Чацвер, 14:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Замежныя лекі знікаюць з беларускіх аптэк

19
Замежныя лекі знікаюць з беларускіх аптэк

Хто і чаму не дае беларусам лячыцца танна?

Якасныя замежныя лекі знікаюць з аптэк, таму што трэба прымусіць нас аддаваць свае грошы за айчынныя аналагі. Задача - 50% рынку лекаў павінна быць айчынным. Пакуль беларусы думаюць, як выжыць, дзяржаву хвалюе пытанне, як на нас зэканоміць. Або зарабіць.

Нашы лекі менш эфектыўныя, чым імпартныя. А замежныя медыкаменты дзяржаўнымі метадамі з рынку выцясняюць - і кошты растуць. Хварэць у Беларусі цяпер дорага. «Белсат» разбіраўся, хто і чаму не дае беларусам лячыцца танна.

«Мы можам вырабляць свае лекі. І тады была пастаўленая задача: да 50 % уласнай вытворчасці. Мы дасягнулі», – запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

План аддаць 50 % рынку айчынным лекам сапраўды зрэалізавалі. Пра якасць тых лекаў гаворкі не было. Галоўны рэдактар сайту «Ежедневник» Сяргей Сацук, вядомы сваімі медычнымі расследаваннямі, звяртаў увагу на тое, як штогод расце колькасць сканфіскаваных з абарачэння лекавых сродкаў. У 2017 годзе з 23-х няякасных найменняў пятнаццаць былі беларускія. То бок 65 % ад усіх. У 2014 годзе гэтая доля была ўсяго 10 %. У 2018 годзе забарону наклалі толькі на тры найменні лекаў, і ўсе тры – беларускія.

Каб куплялі беларускія аналагі, з рынку зніклі замежныя «Тэрафлю», «Колдрэкс», «Адэстон», «Тамоксіфэрэн». Людзей пазбаўляюць выбару – што купляць і чым лячыцца. Дзяржаўная палітыка прывяла да таго, што беларусы масава набываюць лекі за мяжой. У Вільні на прэпараты для хіміятэрапіі беларусам адмыслова робяць зніжкі – на 20 %. Тым часам на радзіму гэтыя прэпараты не завозяць увогуле – каб куплялі беларускае.

Віталю для курсу лячэння мочакаменнай хваробы трэба было прапіць курс «Праліту» і «Цыстону». Лекі ён набыў ва Украіне, бо якраз быў там па справах, і заўважыў, што кошты ніжэйшыя. І такім чынам зэканоміў 100 рублёў.

«Праліт суперкапсулы». У нас яны каштуюць 27–30 рублёў, а ва Украіне – 15–20 рублёў. То бок 10 рублёў – з кожнага пачка. 9 пачкаў мне трэба выпіць – 90 рублёў розніца», – падлічвае Віталь Любянчук.

У Польшчы можна зэканоміць яшчэ больш. 14 капсулаў «Лінэкс фортэ» ў Польшчы – 10 рублёў супраць нашых 15 рублёў. «Эсэнцыяле фортэ», для пячонкі, 50 штук каштуюць танней, чым пачак 30 штук у нас. Рыбін тлушч «Мэлер» таннейшы на 7 рублёў, «Плавікс» для разрэджвання крыві – 28 таблетак за 60 рублёў, супраць 43.

«Дзве версіі, чаму такая розніца. Альбо хтосьці дакладае да кошту сваю долю альбо кепска дамаўляецца», – тлумачыць для сябе такія кошты Віталь.

Гэтак жа лічыць і Лукашэнка:

«Самае галоўнае – гэта ўсталяванне таго кошту, які існуе на сусветных рынках, і праца без пасярэднікаў. Вядома, што пасярэднікі да 30 %, а часам і больш павялічваюць кошты».

Для адных лекі – гэта толькі паказнікі і долі рынку, для іншых – пытанне жыцця і смерці.

«Так выглядае тое, што каштуе 60 еўраў, калі везці з-за мяжы, ці 90, калі набываць тут у перакупаў. Такая прылада-помпа, каб паставіць сэнсар», – кажа Крысціна Вітушка.

Гэта сучасная сістэма маніторынгу глюкозы для хворых на дыябет, якая дазваляе хутка даведацца ўзровень цукру ў крыві. У нас яе афіцыйна не прадаюць. Альтэрнатыва – толькі праколатыя пальцы, глюкометр і тэст-палоскі.

«Гіпаглікемічная кома – калі ўзровень цукру зніжаецца вельмі моцна. І калі гэта адбываецца ў сне, можна не прачнуцца. І калі ёсць такая прылада, то можна назіраць і прыблізна ведаць, у які час зніжаецца крытычна, ставіць будзільнік, прачынацца, мераць», – тлумачыць неабходнасць прылады Крысціна.

Датчык трэба мяняць кожныя два тыдні. Адразу шмат праз мяжу не правязеш, таму ўвесь час даводзіцца прасіць некага са знаёмых. Здароўе жанчыны залежыць ад людзей, якія ёй дапамагаюць. А хто дапаможа астатнім беларусам?

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках