20 красавiка 2024, Субота, 6:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юры Хашчавацкі: Лукашэнку здадуць за мілую душу

45
Юры Хашчавацкі: Лукашэнку здадуць за мілую душу
ЮРЫ ХАШЧАВАЦКІ
ФОТА: CHARTER97.ORG

Прызнанні экс-байца САХРа – гэта толькі пачатак.

Вядомы беларускі рэжысёр Юры Хашчавацкі пракаментаваў Charter97.org сенсацыйныя прызнанні экс-байца САХРа Юрыя Гараўскага, які заявіў «Нямецкай хвалі», што 20 гадоў таму ён удзельнічаў у выкраданнях і забойствах беларускіх апазіцыянераў – праціўнікаў Лукашэнкі.

– Вы рэжысёр фільма «Звычайны прэзідэнт», які першым расказаў, хто насамрэч ёсць Лукашэнка. Цяпер выйшаў фільм-інтэрв'ю «Нямецкай хвалі», дзе пра выкраданні і забойствы Захаранкі, Ганчара і Красоўскага ўпершыню апавядае жывы сведка і суўдзельнік, былы баец САХРа Юрый Гараўскі. Як Вы ацэньваеце з'яўленне гэтага відэа?

– Хачу сказаць, што з цягам часу будзе ўсё больш і больш з'яўляцца такіх людзей, якія, з'ехаўшы на Захад, будуць апавядаць, у якую брыду штурхнула іх лукашэнкаўская ўлада – і гэта сапраўды так.

З аднаго боку, яны будуць спрабаваць пакаяцца, а з другога – сысці такім чынам ад адказнасці.

Вядома, хто цікавіўся тэмай зніклых палітыкаў у Беларусі, той ведае пра ўсе тыя факты, якія апавёў былы баец САХРа – за выключэннем, можа быць, некаторых дэталяў. Але галоўнае было вядома: мы ведалі, што гэта было, што на загад Лукашэнкі ўсе гэтыя людзі былі пакараныя. Усе гэтыя 20 гадоў мы пра гэта ведалі.

Вось у чым увесь жах: грамадзянская супольнасць у Беларусі пра гэта ведае – а ўсім астатнім напляваць. У тым ліку – нашым заходнім партнёрам у свой час. Добра, што «Нямецкая хваля» цяпер паказала гэтае відэа. А што было некалькі гадоў таму, калі ў іх з'яўляліся чарговыя надзеі на тое, што Лукашэнку можна цывілізаваць?

Я гэта добра ведаю, таму што сам спрабаваў паказаць на нямецкіх каналах пэўныя фільмы – і там фактычна было тое, што называецца цэнзурай у адносінах да Лукашэнкі. Быў час, калі яны стараліся сябе вельмі мякка паводзіць і не сапсаваць стасункаў з дыктатарам.

Так, «Нямецкая хваля» – малайцы, што апублікавалі гэты артыкул, але варта сказаць галоўнае: усе ўсё выдатна ведалі, у тым ліку на Захадзе. Але пасля гэтага – ехалі ў Менск, абдымаліся, браталіся, вёдрамі каву выпівалі... Як можна ўвогуле было сядзець за сталом, які ім даў забойца, і абмяркоўваць мірны працэс на Данбасе?

Яшчэ раз паўтару: пра гэтыя злачынствы было вядома доўгія гады – з моманту, калі людзі стаялі ў кіламетровым ланцугу з партрэтамі зніклых, калі амапавец ударыў па твары Святлану Завадскую... Госпадзе, жонку зніклага, забітага чалавека, Дзмітрыя Завадскага, прылюдна велізарны монстр б'е па твары ў прысутнасці дзіцяці, Юрыя Завадскага – што зрабілі б пасля гэтага ўсе жыхары ў нейкай іншай краіне? Так, былі потым пратэсты, нехта нешта казаў... Дык мільёны павінны былі выйсці і знесці гэтую ўладу!

Але ўсім было пляваць, у тым ліку і нямецкім уладам, дзе «Нямецкая хваля» цяпер паказвае чарговую праўду.

– Але пагадзіцеся – цяпер ёсць сведчанні чалавека, які знаходзіцца ў ЕЗ, заявіў пра суўдзел у цяжкім злачынстве і просіць прытулку. Хоць бы логікай фармальных бюракратычных працэдураў жа мусіць быць пачатае нейкае расследаванне...

– Я дрэнна ведаю міжнародныя юрыдычныя механізмы для такіх справаў. Не магу сказаць, наколькі разгляд просьбы пра прытулак і допыт Гараўскага кампетэнтнымі службамі той краіны, дзе ён знаходзіцца, а таксама пратакол гэтага допыту стануць больш важкімі сведчаннямі, чым, напрыклад, даклад Хрыстаса Пургурыдэса датычна зніклых у Беларусі асобаў, зроблены ў свой час на найвышэйшым узроўні.

І хіба ён нешта даў? Не – тут рэч у іншым. Тут трэба глядзець, якія бізнэс-сувязі ў беларускіх уладаў з нямецкімі і галандскімі прамыслоўцамі, колькі туды было накіравана «разбаўляльнікаў» і «растваральнікаў» – вось што трэба шукаць. І тады мы можам зразумець, чаму нават Хрыстас Пургурыдэс нічога не змог супрацьпаставіць бізнэс-лобі.

Дзякуй Богу, што на «Нямецкай хвалі» з'явілася гэтая інфармацыя, але не выключана, што яна з'явілася ў нечыіх бізнэс-інтарэсах – каб крыху націснуць на Лукашэнку. Таму што даказваць, што гэтыя людзі былі злачынна забітыя – ужо проста не мае сэнсу.

Ужо неабходна канкрэтна займацца расследаваннем, браць Дзмітрыя Паўлічэнку, саджаць яго, як гэта ў свой час зрабілі старшыня КДБ Мацкевіч і генпракурор Беларусі Бажэлка – трэба вяртацца да гэтай зыходнай кропкі, арыштоўваць вінаватых, браць Паўлічэнку і Шэймана і атрымліваць ад іх інфармацыю пра заказнікаў.

Зразумела, што ў Беларусі гэта цяпер зрабіць немагчыма, але гэта можна пачаць рабіць на Захадзе – калі яны сапраўды з'яўляюцца нашымі партнёрамі і дэкларуюць нейкія маральныя каштоўнасці.

– Лукашэнка ў такім выпадку таксама апынуўся б на лаве падсудных?

– Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка павінен знаходзіцца ў турме паводле зусім іншых падставаў. Вядома, і паводле гэтых у тым ліку – але гэта ўжо дадатковы артыкул да ягоных больш ранніх злачынстваў.

Рэч у тым, што Лукашэнка цягам першых паўтара гадоў свайго прыходу да ўлады здзейсніў масу злачынстваў, за якія яго неабходна саджаць. Гэта і парушэнне Канстытуцыі, і стварэнне злачынных пазабюджэтных фондаў – там цэлы куст злачынстваў.

Калі разглядаць гэтага чалавека з пункту гледжання крымінальнага права, можна пачаць з простых рэчаў. Можна пачаць з таго, каб спытаць яго, што такое пазабюджэтны фонд, што такое фонд Эсамбаева, што такое «Торгэкспо». Гэта ўсё было ўжо ў 1995 годзе. А ад гэтага можна і далей прайсціся па ўсіх кропках – аж да палітычных выкраданняў і забойстваў. А па дарозе ўзнікнуць пытанні і ў фармаванні Цэнтрвыбаркама і ўчастковых камісій – якія былі загады, як рабіліся фальсіфікацыі.

Гэта ўсё вельмі проста: трэба браць ад самага пачатку злачыннага ланцужка. Напрыклад, тая дзяўчына, якая на апошніх «выбарах» спрабавала ўкінуць бюлетэні, расказала б – як сведка на допыце – пра тое, што яе паслала гэта зрабіць кіраўніца, дырэктарка дзіцячага садка, дзе яна працуе, і старшыня ўчастковай камісіі адначасова.

Вельмі добра! Далей прыводзім на допыт дырэктарку дзіцячага садка – і гэтак далей ланцужком даходзім да галоўнага. А хто галоўны ў нас у гэтых пытаннях? Аляксандр Рыгоравіч! Здасць яго Ярмошына за мілую душу – адарвіце яе толькі ад яе катэджа ў Драздах і баршчу і пасадзіце. Адразу здасць Лукашэнку. Ды яго ўсе здадуць – абсалютна. Варта толькі ім адчуць, што ягоная ўлада захісталася.

Але рэч у тым, што пра гэта проста казаць – па-дурному. Узгадайце, як у Беларусі дзясяткі тысячаў людзей выходзілі на вуліцы. А цяпер што? Пакуль не прачнецца ў беларусах пачуццё ўласнай годнасці, ні пра якое пакаранне для Лукашэнкі казаць не выпадае.

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках