24 красавiка 2024, Серада, 17:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Павышэнне пенсійнага ўзросту: што схавалі ад беларусаў?

45
Павышэнне пенсійнага ўзросту: што схавалі ад беларусаў?

Лідар прафзвязу РЭП жорстка адказаў уладам.

З 1 студзеня 2020 году зноў будзе павышаны пенсійны ўзрост для беларусаў.

У адпаведнасці з так званай «рэформай» Лукашэнкі пенсійны ўзрост павышаюць на 6 месяцаў кожны год. З 1 студзеня 2020-га пенсійны ўзрост для мужчын складзе 62 гады, для жанчын - 57 гадоў. Да 2023-га ён дасягне 63 і 58 гадоў адпаведна.

Адначасова з пенсiйным узростам павышаецца і мінімальны страхавы стаж, неабходны ад для атрымання пенсіі, у выніку чаго ўсе больш беларусаў трапляе ў «пенсійную» пастку.

Як адаб'ецца на жыцці нашых грамадзян чарговае павышэнне ўзросту выхаду на заслужаны адпачынак? На пытанні Charter97.org адказвае Генадзь Федыніч..

- Прафзвяз РЭП у сваёй «Платформе», якая змяшчае 32 народныя патрабаванні да ўлады, запатрабаваў увесці мараторый на павышэнне ўзросту выхаду на пенсію на ўзроўні 2019 года (56 гадоў жанчыны і 61 год мужчыны). Як вы пракаментуеце чарговае павышэнне пенсійнага ўзросту ў Беларусі?

- Пакуль гэта толькі патрабаванні прафзвязу РЭП. Але спадзяюся, што хутка яны стануць народнымі. Гэта звязана з тым, што пенсійную рэформу даўно трэба было праводзіць. Але не так, як у нас: калі павышэнне пенсіённага ўзросту ўводзіцца ўказам прамінулай датай і людзі трапляюць у пенсійную пастку. І такіх людзей ужо не сотні, такіх людзей - тысячы, а ўсё дзякуючы крайняму непрафесіяналізму ўладаў.

У гэтым выпадку дзяржава бачыць толькі праблему ў тым, што не стае сродкаў, каб папоўніць дастатковым спосабам Фонд сацыяльнай абароны, з якога выплачваюцца пенсіі. Але якім чынам яго можна папоўніць, калі сотні тысяч людзей выехалі ў пошуках працы за межы Беларусі? Дык можа, замест бяздумнага павышэння пенсіённага ўзросту трэба задумаў пра тое, як вярнуць гэтых людзей на годны заробак?

Цяпер вельмі востра стаіць пытанне ўжо згаданай пенсійнай пасткі. Мы гаварылі ўладам у сваіх патрабаваннях: людзі, якія дзесяцігоддзямі, да прыкладу, даглядалі хворых родзічаў, засталіся ні з чым. А гэта - катаржная праца. Ім дзяржава абяцала, што ўсё гэта ўвойдзе ў працоўны стаж. Таму што паняцце «страхавы стаж» - гэта было тое ж самае, што і «працоўны стаж».

Цяпер улады, нікога не папярэдзіўшы, увялі страхавы стаж - і многія катэгорыі людзей, якія працавалі ўсё жыццё, засталіся без пенсій.

Прабачце, а вайскоўцы? Ніхто з іх у сацстрах рубля не заплаціў. Міліцыя - ніхто рубля не заплаціла. Але яны атрымліваюць пенсіі - і не слабыя пенсіі. Дык чаму адны грамадзяне атрымаліся першага гатунку, а іншыя - другога гатунку?

Вазьміце сродкі з бюджэту - і заплаціце тым людзям, якіх вы пазбавілі пенсій сваім указам, уведзеным прамінулай датай. Прынамсі, варта было папярэдзіць народ загадзя, якія віды дзейнасці не будуць уваходзіць у страхавы стаж. А наогул, трэба было ў дзяржбюджэце прадугледзець гэтыя грошы - але ніяк прамінулай датай не ўводзіць падобныя ўказы, не проста непапулярныя, а якія забіраюць кроўна заробленае ў людзей. Гэтыя ўказы - самая яркая дэманстрацыя таго, наколькі ўлады не паважаюць наш народ.

Што тычыцца пытанняў павышэння пенсіённага ўзросту. Я скажу так: занадта шмат у нас з'явілася нейкай дзіўнай інфармацыі пра «чаканую працягласць жыцця». Давайце глядзець праўдзе ў вочы! Колькі сёння ў сярэднім жыве беларус пасля пенсіі? Два гады, тры, паўтара? А народ у нас усё выдатна разумее. А ўлады дзейнічаюць па прынцыпе: няма чалавека - няма праблемы.

Калі б была гадоў 10 ці 15 назад ўведзеная назапашвальная сістэма пенсійнага фармавання, то назапашаныя за жыццё сродкі, у выпадку чаго, перадаваліся б блізкім сваякам або па завяшчанні. А ў нас гэта ўсё знікае, таму што мужчыны ў сярэднім не жывуць доўга пасля выхаду на пенсію, а пасля павышэння пенсіённага ўзросту шматлікія і зусім не будуць да яе дацягваць.

Да таго ж усе выдатна разумеюць, што на сённяшнюю пенсію 370-400 рублёў няма магчымасці нармальна пражыць. Разумеюць - і працягваюць гэта бязладдзе. Чаму вы адразу кідае людзей пасля выхаду на пенсію на зусім іншы рэжым харчавання? Чаму нашы пенсіянеры не могуць дазволіць сабе нармальныя лекі?

Вы прымушаеце пенсіянера перасяліцца з двухпакаёвай кватэры ў аднапакаёвую. Больш за тое: потым выселіць адтуль за нявыплату рахункаў ЖКГ і пасяліць у які-небудзь бамжатнік. Гэта што, «сацыяльна арыентаваная» эканоміка дзяржавы?

Калі сёння ў вас няма сродкаў плаціць нармальныя пенсіі, то давайце мы тады перагледзім сумы пенсій для ўсіх чыноўнікаў, а таксама для міліцыі і вайскоўцаў. За якія такія заслугі перад Айчынай, перад грамадзянамі Беларусі гэтыя «слугі народа» сёння атрымліваюць такія пенсіі? А народ у гэты час атрымлівае пенсіі, на якія нельга пражыць.

Вось пра гэта сёння трэба думаць: дзе ўзяць сродкі на пенсіі для людзей. А ўзяць напэўна можна. Проста сёння ў нас - велізарная непразрыстасць і бюджэту, і розных фондаў, у тым ліку «прэзідэнцкага». А гэта ж усё - народныя грошы.

Гэта адштурхвае людзей і выклікае глыбокі недавер да існага рэжыму. Сёння ўжо на кожнай вуліцы, у кожным рынку і ў транспарце гэта чуваць. Пра гэта трэба задумацца, таму што рана ці позна прыйдзе новае кіраўніцтва - і прыйдзецца адказаць.

- Дарэчы, у сваёй «пенсійнай палітыцы» ўлады пастаянна спасылаюцца на Еўропу...

- Так Еўропа павялічвае пенсійны ўзрост. Але ўзровень жыцця яе працягласць зусім розныя з Беларуссю. Давайце дасягаць таго ўзроўню жыцця - і тады ніякіх праблем. Тады будзе куды больш бязбольна праходзіць пытанне павышэння пенсіённага ўзросту.

Але гэта ж не робіцца. Усё робіцца па прынцыпе: «Я сказаў - значыць, так павінна быць».

Ведаеце, не праходзіць гэта ўжо - і не пройдзе. Таму што народ ужо дастала тое, што рашэнні аб пенсійным узросце прымаюцца без яго ведама, не раячыся з грамадствам. Што ўлады не глядзяць на сітуацыю, у якой жывуць сённяшнія пенсіянеры, а больш за тое - ганяюць гэтых пенсіянераў, калі яны нешта там прадаюць на вуліцы, і яшчэ і штрафамі абкладваюць.

Улада не можа даць пенсій - хай хоць не перашкаджае людзям падзарабіць. А наогул, сышоўшы на пенсію, людзі павінны адпачываць. Зрабіце сёння пенсію хоць бы 700 рублёў - і ўбачыце, што ні адзін пенсіянер, за рэдкім выключэннем, не пойдзе працаваць. Ён ужо адпрацаваў за сваё жыццё. А атрымліваецца цяпер, што ўсё жыццё паклаў на тое, каб атрымліваць няшчасных 300-400 рублёў. Так што мы тады пабудавалі за гэтыя 25 гадоў?

- Разам з павышэннем пенсіённага ўзросту павялічваецца і мінімальны страхавы стаж, неабходны для атрымання пенсіі. «Платформа» прафзвязу РЭП патрабуе ад уладаў яго зніжэння з 20 да 10 гадоў. Чаму гэта важна?

- Гэта важна, па-першае, таму, што страхавы стаж спачатку быў 5 гадоў, потым -10, потым - 20. Пры гэтым тое, што раней называлася працоўным стажам, замянілі прамінулай датай гэтым вось «страхавым», нечакана выключыўшы з яго многія гады жыцця і працы нашых грамадзян.

Калі ўжо для вас так важная гэтая «рэформа», тады, будзьце ветлівыя, вярніце ў страхавы стаж тыя гады, на працягу якіх жанчыны, напрыклад, нарадзілі і даглядалі за сваімі дзецьмі. Інакш у тых, хто выгадаваў дваіх дзяцей, вы скралі па 6 гадоў.

Вярніце 5 гадоў вучобы на дзённым аддзяленні, вярніце тэрміновую службу ў войску. Вы гэта ўсё банальна скралі напраўду. Вярніце людзям гэта - і большасці дастаткова будзе стажу для атрымання пенсіі.

А цяпер, калі стажу не стае - атрымаеце сацыяльную пенсію ў 150 рублёў. Гэта што? Людзей проста зрабілі бамжамі? Я ўвесь час кажу, што нельга сацыяльную палітыку, якая тычыцца значнай часткі ці большасці грамадства, рабіць у кабінетах. Гэта злачынна. Трэба ведаць, як жыве народ, перш чым прымаць нейкія рашэнні.

Інакш - будзе абурэнне, і рана ці позна гэты рубікон грамадства пройдзе. Гэты непрафесіяналізм, гэта несправядлівае і абыякавае стаўленне да народу - рана ці позна адаб'юцца. І адаб'ецца тым, што народ выкажа недавер да гэтай улады.

- Як зменіцца жыццё простых беларусаў пасля чарговага павышэння пенсіённага ўзросту ў 2020 годзе?

- Лічбы - упартая рэч, а цэннікі на прадукты харчавання і на паслугі ў нас растуць пастаянна.

З Новага года павялічацца выдаткі і на транспарт, і на ЖКГ, па тых жа 5 даляраў дададуць за ацяпленне вады. Інфляцыя цяпер ёсць, а надбаўкі, якую пенсіянерам дадуць - яе ўжо практычна няма.

Таму я прагназую, што сітуацыя для людзей з узняццем пенсійнага ўзросту толькі пагоршыцца. Без эфектыўнай эканомікі, дабрабыт большасці грамадзян, як працоўных, так і пенсіянераў, будзе толькі падаць. Гэта ўжо аксіёма, гэта ўжо нават не тэарэма.

Людзі адчуюць гэтую дынаміку ў 2020 годзе на сабе. Людзі ўжо нават не вераць ва ўсе гэтыя абяцанні ў перадвыбарчыя гады: што нешта там «падымуць». «Абяцанкі-цацанкі» - а дурню радасць. Людзі яму не вераць.

Таму што беларусам хочацца жыць годна ўжо сёння - і кожны дзень. А не жыць нейкімі байкамі пра паслязаўтрашні дзень і «зацягніце паясы». І людзі заслужылі, каб больш не слухаць гэтых баек.

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках