25 красавiка 2024, Чацвер, 10:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы: Паходы ў тэатры і музеі падаўжаюць жыццё

12
Навукоўцы: Паходы ў тэатры і музеі падаўжаюць жыццё

Пажылыя людзі жывуць даўжэй, калі захапляюцца мастацтвам.

Прычым, паводле ацэнак брытанскіх навукоўцаў, чым часцей яны гэта робяць, тым ніжэйшая сярод іх смяротнасць. З чым звязаны гэты эфект, незразумела, але выяўляецца ён незалежна ад стану здароўя, сацыяльнага статусу, дабрабыту і ступені інтэграванасці чалавека ў грамадства. Даследаванне апублікаванае ў часопісе British Medical Journal, перадае N+1.

Сярод разнастайных рэкамендацый для тых, хто хоча пражыць даўжэй, акрамя здаровага ладу жыцця, правільнага харчавання і фізічных нагрузак, у апошні час сталі з'яўляцца сацыяльныя сувязі. Усё больш даследаванняў паказваюць, што ўзровень сацыяльнай актыўнасці і спосаб бавіць вольны час звязаныя з рызыкай смяротнасці ў пажылых людзей. Як менавіта гэта працуе, да гэтага часу не зусім ясна. Магчыма, рэч у тым, што сацыяльныя сувязі зніжаюць узровень псіхалагічнага стрэсу, чаму падае сіла запаленчых працэсаў у імуннай сістэме і тканкі ва ўсім арганізме разбураюцца павольней.

Дэйзі Фэнкорт (Daisy Fancourt) і Эндру Стэптаў (Andrew Steptoe) з універсітэцкага каледжа ў Лондане пастанавілі праверыць, наколькі вольны час, звязаны з мастацтвам, уплывае на выжывальнасць пажылых людзей. Для гэтага яны адабралі звесткі пра 6710 удзельнікаў з Ангельскага лангіцюднага даследавання старэння (ELSA), якіх апытвалі раз на два гады і сачылі за іх смяротнасцю цягам 14 гадоў.

Даследнікі пыталіся ўдзельнікаў даследавання, як часта яны сустракаюцца з мастацтвам – браліся да ўвагі паходы на канцэрты, у музеі і тэатры. У той самы час навукоўцаў цікавілі і сацыяэканамічныя характарыстыкі: пол, узрост, сямейны статус, паходжанне, узровень адукацыі, занятасць і прыбытак.

Акрамя таго, яны збіралі звесткі і пра здароўе ўдзельнікаў даследавання: праблемы з перамяшчэннем, псіхіятрычныя захворванні, парушэнні кагнітыўных функцый, разлады зроку, цяжкія дыягназы, у тым ліку ў анамнезе, а таксама паленне і ўжыванне алкаголю. Нарэшце, даследнікі бралі да ўвагі і трываласць сацыяльных сувязяў: колькасць блізкіх сяброў, частату сустрэчаў са сваякамі, удзел у грамадскай дзейнасці і іншых актыўнасцях, наяўнасць хобі і суб'ектыўнае адчуванне адзіноты.

Цягам часу назірання памерлі 29,8 адсоткаў удзельнікаў даследавання. Пры гэтым, як і варта было чакаць, часцей паміралі больш старыя і адзінокія людзі, мужчыны, курцы і пацыенты з цяжкімі захворваннямі. У той самы час за 14 гадоў памерла 47,5 адсоткаў сярод тых, хто не захапляўся мастацтвам, то-бок увогуле не наведваў музеяў і тэатраў, і толькі 26,6 адсоткаў з тых, хто хадзіў туды адзін ці два разы на год. Тыя ж, для каго такія выхады ў свет былі больш рэгулярнымі (раз на некалькі месяцаў), памерлі толькі ў 18,6 адсотках выпадкаў.

Пасля таго як аўтары працы ўзялі да ўвагі ўсе чыннікі, звязаныя са здароўем і сацыяэканамічным статусам удзельнікаў даследавання, яны выявілі, што рэдкія сустрэчы з мастацтвам зніжаюць рызыку памерці на 14 адсоткаў, а частыя – на 31 адсотак, у параўнанні з тымі, хто мастацтвам не захапляецца. То-бок карысць ад мастацтва мела дозазалежны характар: чым больш сустрэчаў, тым даўжэйшае жыццё.

Аўтары працы не ставілі задачай вызначыць механізмы, з дапамогай якіх мастацтва звязанае з даўгалеццем. Але яны адзначаюць, што, перш чым іх шукаць, неабходна высветліць, ці робіць такі самы эфект – прыкладное мастацтва, гэта значыць непасрэдныя заняткі, напрыклад маляваннем ці музыкай.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках