Алег Воўчак: Пасля заявы Гараўскага пачаўся вялікі грамадскі рэзананс
10- 26.12.2019, 21:51
- 22,627
Ні прэс-рэлізу, ні афіцыйнай заявы з гэтай нагоды ніхто так і не дачакаўся.
Кіраўнік цэнтра «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Воўчак не цешыць сябе надзеямі, што справа аб знікненні Захаранкі і Ганчара будзе аб'ектыўна расследаваная, паведамляе «Радыё Рацыя».
Следчы камітэт аднавіў папярэдняе расследаванне паводле справы аб знікненні экс-міністра ўнутраных спраў Беларусі Юрыя Захаранкі.
- У мяне ёсць інфармацыя толькі аб тым, што аднавілі папярэдняе расследаванне паводле справы Захаранкі, хоць не выключаю, што тое ж самае зроблена і паводле справаў Віктара Ганчара, а таксама Анатоля Красоўскага.
- Справу Захаранкі прыпынілі летась?
- Так, справа была прыпыненая ў снежні 2018 гада ў сувязі з тым, што як быццам не змаглі вызначыць асобаў, якія скралі Юрыя Захаранку ў траўні 1999 года.
Справу прыпынілі, органам унутраных спраў пры гэтым даецца даручэнне праводзіць аператыўна-вышуковыя мерапрыемствы па ўстанаўленні вінаватых.
А зараз у рамках папярэдняга следства павінна быць правераная версія былога спэцназаўца Юрыя Гараўскага, які днямі распавёў, што меў дачыненне да забойства Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. Павінны апытаць тых, на каго ўказаў Гараўскі, і вынесці якую-небудзь пастанову аб прыцягненні да адказнасці, альбо вынесці іншае працэсуальнае рашэнне.
- Ці ёсць надзея, што справа зрушыцца з мёртвага пункту?
- На гэты конт ілюзіяў у мяне няма. Калі б была палітычная воля ўладаў, справа даўно была б раскрытая. Таму, хутчэй за ўсё, фармальна выканаюць нейкія працэсуальныя дзеянні, але не больш за тое.
Улады ўбачылі, што пасля заявы Гараўскага пачаўся вялікі грамадскі рэзананс не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі, а таму яшчэ 18 снежня прынялі рашэнне аднавіць папярэдняе расследаванне. Праўда, даведаліся пра гэта мы толькі цяпер. Ні прэс-рэлізу, ні афіцыйнай заявы з гэтай нагоды ніхто так і не дачакаўся. Відаць, не ўважаюць гэту справу вельмі важнай. Ім і так ужо ўсё зразумела.