20 красавiка 2024, Субота, 6:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: Давайце зробім сабе свята!

19
Зміцер Бандарэнка: Давайце зробім сабе свята!

Лічба года.

Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка ў інтэрв'ю Charter97.org падвёў вынікі 2019 года.

- Што даў гэты год для разумення сітуацыі ў Беларусі? Якія найбольш значныя тэндэнцыі вы б маглі назваць?

- На мой погляд, у 2019 гады мы назіралі дзве асноўныя тэндэнцыі - вельмі дынамічныя, але рознанакіраваныя.

Першая - гэта павелічэнне актыўнасці беларусаў і грамадзянскай супольнасці ў абароне сваіх правоў, найперш, права на сваю ўласную, самастойную і незалежную дзяржаву.

Другая тэндэнцыя - гэта паскораная дэградацыя рэжыму Лукашэнкі ва ўсіх галінах. Можна нават казаць аб актыўным самапаглянанні сістэмы. Давайце ўспомнім адстаўку і арышт намесніка кіраўніка Савета бяспекі Андрэя Уцюрына, былога кіраўніка службы бяспекі Лукашэнкі, адстаўку аднаго з слупоў рэжыму, міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча, адстаўку кіраўніка і першага намесніка кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі пасля краху так званых «парламенцкіх выбараў», адстаўку начальніка Генеральнага штаба і яго намесніка, масавыя крымінальныя справы супраць Міністэрства аховы здароўя і афіляваных з ім структур, а таксама іншых чыноўнікаў у розных рэгіёнах і «прыдворных іх» бізнэсоўцаў.

Трэба яшчэ сказаць пра крах Лукашэнкі ў эканоміцы, якая не расце ўжо шмат гадоў, і 2019 год не стаў выключэннем. Таксама зламаліся дзве ўлюбёныя цацкі Лукашэнкі: біятлон і хакей, прычым, на ўсіх узроўнях. Мы сапраўды назіраем паскоранае падзенне рэжыму - магчыма, нават паводле «прынцыпу даміно».

А з другога боку, у 2019 годзе мы бачылі значна ўзрослую актыўнасць беларусаў, якія абаранялі сваіх дзяцей - як, напрыклад, жанчыны, якія змагаліся за арыштаваных на працяглыя тэрміны паводле крымінальнага артыкулу 328 Крымінальнага кодэкса.

Апазіцыйныя рухі і палітычныя партыі ўжылі новую тактыку падчас так званай «выбарчай кампаніі», якая была выкарыстаная структурамі БНК і «Еўрапейскай Беларусі» для актыўнага байкоту «выбараў». Удалося правесці сотні пікетаў і некалькі яркіх акцый.

Можна таксама назваць 2019 год «годам блогераў». Яны, са слоў аднаго з міністраў Лукашэнкі, сёння вызначаюць парадак у многіх рэгіёнах - і не толькі. Мы ведаем, што многія блогеры ўдзельнічалі ў так званай «выбарчай кампаніі» ў якасці кандыдатаў і/або вельмі актыўна яе асвятлялі.

Безумоўна, трэба адзначыць і магутны экалагічны рух, накіраваны супраць Астравецкай атамнай станцыі, а таксама супраць акумулятарнага завода ў Берасці, цэлюлознага завода ў Светлагорску і шкодных для здароўя беларусаў вытворчасцяў у іншых абласцях.

Магу сказаць, што ў 2019 годзе беларуская грамадзянская супольнасць, беларускія грамадзяне і апазіцыя сапраўды паказалі сваю сілу і гатоўнасць бараніць свае правы, у тым ліку і на вуліцах.

- А што з таго, што адбылося вы б назвалі «падзеямі года»? І каго - «людзьмі года»?

- Добра, паспрабую. Лічба года - гэта 90%. Пра тое, што, з усіх назіранняў, 90% беларусаў ненавідзяць Лукашэнку, у гэтым годзе не казаў толькі лянівы.

Фільмам года я б назваў фільм блогера NEXTA «Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы». Гэты фільм стаў магутным ударам па ўладзе, яго за пару месяцаў паглядзела большасць беларусаў, і нават у інтэрв'ю Аляксею Венядзіктаву Лукашэнка плакаўся, як яго крыўдзілі.

Слоган года: «Калгаснай дыктатуры - баста!», які агучвалі не проста на кухнях, а праз гукаўзмацняльную апаратуру на сотнях пікетах у Менску і іншых гарадах.

Расследаванне года, якое ўзрушыла ўсю краіну - гэта праца журналістаў «Нямецкай хвалі» аб раскрыцці страшных злачынстваў беларускіх уладаў.

Лідары года, на мой погляд - гэта каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Яўген Афнагель і сустаршыня БХД Павел Севярынец. Гэта людзі, якія вельмі ярка заявілі пра сябе менавіта ў 2019 годзе. З'явілася яшчэ шмат лідараў, у тым ліку, і сярод моладзі, але Афнагель і Севярынец выйшлі на новы ўзровень.

Магу таксама назваць галоўная падзея і антыпадзея года.

Галоўнай падзеяй года, на мой погляд, стала цырымонія перапахавання Кастуся Каліноўскага і ягоных паплечнікаў, паўстанцаў 1863 года, у Вільні. У гэтай падзеі ўзялі ўдзел тысячы беларусаў, і Вільня стала бел-чырвона-белай у гэтыя два дні урачыстасцяў.

Агулам, 2019 год парадаваў знакавымі падзеямі. Іх было вельмі шмат - яркіх і наступальных з нашага боку.

А антыпадзея звязаная з другім бокам: гэта руйнаванне крыжоў у народным мемарыяле ў Курапатах.

- Як названыя вамі ў пачатку інтэрв'ю тэндэнцыі будуць развівацца ў 2020 годзе? Чаго можна чакаць у найбліжэйшай перспектыве?

- Паводле маёй інфармацыі, на перамовах у Сочы і Санкт-Пецярбургу «маскоўскія таварышы» вельмі настойліва рэкамендавалі Лукашэнку не браць удзелу ў прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, бо ведаюць, наколькі ён непапулярны, наколькі неэфектыўны яго апарат кіравання.

У Расеі вельмі сур'ёзна баяцца беларускага Майдана, таму рэкамендуюць Лукашэнку на прэзідэнцкіх выбарах у 2020 годзе вылучыць пераемніка. Звярніце ўвагу, што ўсе «дарожныя карты», якія пералічваюцца, пачнуць дзейнічаць з 2021 ці 2023 года. Гэта значыць, Лукашэнка свайго не дабіўся: ніякіх «пернікаў» ад расейцаў, вялікіх крэдытаў, ніякай падтрымкі ў 2020 годзе ён не атрымае.

Лукашэнка на перамовах прасіў іх аб дапамозе, але расейцам не патрэбна дэстабілізацыя ў Беларусі, таму яны ціснуць на беларускага правадыра, каб ён не ішоў на гэтыя выбары. Натуральна, дыктатар можа дзейнічаць паводле прынцыпу факту, які адбыўся: гэта значыць, падтрымаеце, нікуды не дзенецеся. Але такой дрэннай сітуацыі ў яго яшчэ ніколі не было.

2019 год паказаў, што беларускі народ прачынаецца, грамадзянская супольнасць і апазіцыя набіраюць сілу, і гэта дае нам, усім грамадзянам Беларусі, шанец на змену сітуацыі.

- Чаго б вы хацелі пажадаць беларусам, каб 2020 год быў лепшы за гэты?

- Хацеў бы нагадаць, што нічога з нічога не адбываецца, і надзея, што хтосьці развяжа праблемы беларусаў замест нас саміх, ілюзорныя. Беларусы могуць добра працаваць, шмат працаваць, але ёсць праблемы, якія немагчыма развязаць на ўзроўні аднаго чалавека, сям'і, працоўнага калектыву ці нават Парку высокіх тэхналогій.

Ёсць пытанні, якія трэба тэрмінова разглядаць калектыўна: гэта незалежнасць і дэмакратычны лад краіны. Мы ведаем, што ў дэмакратычных краінах, краінах Еўрапейскага Звязу, людзі жывуць лепш, багацей і спакайней - і нікуды ад гэтага не сысці. Калі мы хочам шчасця для сябе, сваіх дзяцей і будучых пакаленняў Беларусі, то нам трэба цяпер вырашыць гэтае пытанне, адхіліць Лукашэнку і змяніць уладу. Калі мы будзем падтрымліваць адзін аднаго, калі нас будзе шмат, то гэта не так складана будзе зрабіць.

Давайце ўявім, якая радасць будзе ў краіне - і мы самі можам гэтае свята сабе зладзіць - калі Лукашэнкі ва ўладзе ўжо не будзе.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках