2 красавiка 2020, Чацвер, 22:29
Народны карантын
Рубрыкі

Андрэй Саннікаў: Самая галоўная перамена можа адбыцца ў 2020 годзе

19
Андрэй Саннікаў: Самая галоўная перамена можа адбыцца ў 2020 годзе

Чалавекам года ў Беларусі быў і будзе чалавек пратэсту.

Пра гэта, падводзячы ў інтэрв'ю Charter97.org вынікі 2019 года, заявіў лідар грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Андрэй Саннікаў.

– Пачнем з кантэксту: якія падзеі ў свеце ў 2019 годзе, на Вашу думку, найбольш паўплывали на Беларусь?

– Я вылучыў бы дзве падзеі, якія могуць паўплываць на Беларусь у найбліжэйшы час. Яны абедзве звязаныя з выбарамі.

Першая – гэта выбары прэзідэнта Украіны і выбары ў Еўрапейскі парламент. Ад пазіцыі новых уладаў Украіны многае залежыць. Калі яны хочуць рэальна забяспечыць свае межы і атрымаць у асобе Беларусі хаўрусніцу, а не крамлёўскі плацдарм, то ім неабходна адмовіцца ад палітыкі "бізнэсу з дыктатарам" і пастарацца нарэшце ўзяць на сябе ролю дэмакратычнага рэгіянальнага лідара. Тое, што ва ўкраінскай прэсе з'явіўся аналітычны матэрыял з рэальным партрэтам дыктатара, можна ўважаць спадзеўным сігналам.

Другое – выбары ў Еўрапарламент, пасля якіх там склалася ўнікальная сітуацыя. Упершыню дэлегацыі ў стасунках з Беларуссю, Украінай і Расеяй узначалілі польскія палітыкі, адпаведна Роберт Бедрань, Вітальд Вашчыкоўскі і Рышард Чарнецкі. Гэта можа дазволіць Еўразвязу прыняць агульную стратэгію не для асобных краінаў, а ў дачыненні да рэгіёну, заснаваную на каштоўнасцях, а не на наіўных спадзяваннях дамовіцца з дыктатарамі. Гэта вялікая адказнасць, але польскія палітыкі, якія добра ведаюць сваіх усходніх суседзяў, могуць прапанаваць для ключавых краінаў рэгіёну больш рэалістычны падыход, можа быць, нават наўзамен неадэкватнага Усходняга Партнёрства.

Падтрымка дэмакратыі ў Беларусі з боку Еўразвязу і Украіны – важны чыннік для пераменаў у нашай краіне.

– Што з таго, што адбылося ў Беларусі, Вы ўважаеце найбольш знакавым і важным для нашай краіны?

– Я адзначыў бы, што ўся восень прайшла пад нашымі нацыянальнымі сімваламі. Прыкметныя апазіцыйныя акцыі і пікеты, якія праводзіла "Еўрапейская Беларусь" і іншыя ўдзельнікі БНК пад нацыянальнымі сцягамі, звярнулі ўвагу людзей і прадэманстравалі, што ў Беларусі ёсць лідары і ёсць моладзь, якая не баіцца ўдзельнічаць у супраціве.

Важнай падзеяй для Беларусі стала перапахаванне парэшткаў Кастуся Каліноўскага і ягоных паплечнікаў-паўстанцаў у Вільні на дзяржаўным узроўні, годна, з належнымі ўшанаваннямі. У Вільні мы ўбачылі вобраз той краіны, якой павінна быць і будзе Беларусь. Уся Вільня ў тыя дні была ў нашых сцягах. У Вільні грамадзяне Беларусі былі вольнымі, годнымі сваёй гісторыі і сваёй Бацькаўшчыны. Сімвалічна і тое, што разам з намі памяць герояў ушанавалі прэзідэнты. Законна абраныя прэзідэнты Літвы і Польшчы.

І, нарэшце, апошнія акцыі ў падтрымку незалежнасці таксама прайшлі пад нашай нацыянальнай сімволікай.

Вось гэтая ўзрослая грамадзянская актыўнасць, гатоўнасць людзей змагацца за свабоду – вельмі важныя і каштоўныя.

– Ці можна назваць падзеяй года сенсацыйныя прызнанні экс-байца САХРа Юрыя Гараўскага пра ўдзел у "эскадроне смерці"?

– Я назваў бы гэта знакавай падзеяй, важнай для ўсіх нас. Прызнанні Гараўскага нагадалі пра страшныя злачынствы гэтага рэжыму, пра тое, што мы не маем права замоўчваць гэтую трагедыю. Акрамя таго, прызнанні ўдзельніка злачынстваў і прафесійная журналісцкая праца "Нямецкай хвалі" даюць надзею на міжнароднае расследаванне палітычных забойстваў у Беларусі. Прававая аснова для гэтага ёсць: даклад Хрыстаса Пургурыдэса 2004 года Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ) пра зніклых людзей у Беларусі і адпаведная рэзалюцыя ПАРЕ. Гэты дакумент можна фактычна ўважаць матэрыялам папярэдняга следства.

– А каго, на Вашу думку, можна назваць чалавекам года?

– Такіх у Беларусі шмат у розных сферах. Годных, яркіх, таленавітых людзей у нас вельмі шмат: у культуры, навуцы, спорце... Аднак пакуль існуе гэты рэжым, чалавекам года ў Беларусі быў і будзе чалавек пратэсту супраць гэтай абрыдлай улады. А вылучыць я сёння хацеў бы тых, хто праводзіць гэтыя святочныя дні ў турме. Гэта Яўген Афнагель, Максім Вінярскі, Леанід Кулакоў, Павал Севярынец, Алесь Чахольскі, Алена Таўстая і іншыя. Нізкі паклон ім і ўсім тым, хто выходзіць з пратэстамі на вуліцы і плошчы Беларусі.

– Што адыходны год «адкрыў» для Вас асабіста, якія высновы з ягоных падзей Вы зрабілі для сябе?

– Адыходны год дадаў упэўненасці, што "наша справа слушная". Ён быў, бадай, самым выкрывальніцкім для ўлады. Дзеянні Лукашэнкі і ягоных набліжаных былі настолькі неадэкватныя, што нават афіцыйныя медыя перасталі хаваць прагрэс дуры свайго гаспадара. Кіраўнік, які так ганьбіць краіну і яе грамадзянаў, не мае ў грамадстве ніякай падтрымкі.

Гэта пацвердзіла і кампанія, якую праводзілі актывісты БНК, сярод іншых "Еўрапейская Беларусь", у час так званых "парламенцкіх выбараў". У сутнасці, гэта была кампанія байкоту і выкрыцця рэжыму. У нейкай ступені паўтарылася сітуацыя 2010 года, калі людзі ахвотна падтрымлівалі апазіцыю і не хавалі сваёй нянавісці да рэжыму.

– Што Вас натхніла больш за ўсё ў 2019 годзе?

– Безумоўна, дні памяці Кастуся Каліноўскага ў Вільні. А яшчэ 2019 год быў для мяне асабліва багатым на сустрэчы з выдатнымі людзьмі, лідарамі пратэстаў у Венесуэле, Ганконгу, лідарамі супраціву тыбетцаў, уйгураў, кубінцаў... Розныя сітуацыі ў нашых краінах, шмат каму цяжэй, чым нам, але ўсе яны ўпэўненыя, што іх барацьба патрэбная іх народам, што тыранія будзе пераможаная.

– Некаторыя падзеі, якія адбыліся на стыку 2019 і 2020 года, будуць фармаваць інфармацыйную позву і пасля навагодніх святаў. Што Вы можаце сказаць з нагоды таемных перамоваў Пуціна і Лукашэнкі і акцый за незалежнасць Беларусі?

– Па-першае, неабходна разумець, што перамовы пра лёс Беларусі вядуць два нелегітымныя кіраўнікі, ублытаныя ў забойствах і ваенных злачынствах. Так, гэтыя закулісныя сваркі будуць вызначаць інфармацыйны парадак дня наступнага года, але ніяк не адаб'юцца на прававых асновах незалежнасці Беларусі. Іншымі словамі, Крэмль можа паспрабаваць з дапамогай Лукашэнкі нас акупаваць, але падпарадкаваць Беларусь ён не зможа і не зможа дамагчыся міжнароднага прызнання сваёй акупацыі.

Важнай падзеяй можа стаць і візіт дзяржсакратара ЗША Майка Пампеа ў Менск. Гэта другі візіт такога ўзроўню ў незалежную Беларусь. Першым быў візіт Джэймса Бэйкера ў снежні 1991 года. Гэты візіт, безумоўна, звязаны з занепакоенасцю ЗША пытаннямі бяспекі ў рэгіёне і агрэсіўнай палітыкай Расеі. Спадзяюся дзяржсакратар добра разумее, што рэжым Лукашэнкі – гэта пагроза рэгіянальнай бяспецы, а не чыннік стабільнасці, як сцвярджае прапаганда.

– Вашы прагнозы на 2020 год: як будуць развівацца найбольш важныя падзеі і якія змены могуць адбыцца ў Беларусі?

– Усе чакаюць самай галоўнай перамены, і яна сапраўды можа адбыцца ў 2020 годзе. Нянавісць да рэжыму – гэта эмацыйны стан грамадства ў Беларусі сёння. Гэта неўнікнёна выльецца ў пратэсты і можа прывесці да тых самых жаданых пераменаў.

– Што Вы хацелі б пажадаць беларусам, каб 2020 год быў лепшы за стары?

– Мне не падабаецца, калі людзі з глыбакадумным выглядам паўтараюць: "Кожны народ заслугоўвае свайго кіраўніка". Я мяркую, што ў гэтай фразы ёсць прадаўжэнне і цалкам яна гучыць так: "Кожны народ заслугоўвае свайго кіраўніка, калі ён яго выбірае".

Нам трэба вярнуць выбары на ўсіх узроўнях. Гэта тым больш неабходна, што знаходжанне ва ўладзе нелегітымнага кіраўніка значна павялічвае пагрозу нашай незалежнасці з боку Крамля.

2020 год стане годам, калі назапашаныя ў Беларусі праз неадэкватны рэжым праблемы – палітычныя, эканамічныя, сацыяльныя – крытычна абвострацца і будуць патрабаваць свайго развязання. Гэта стварае магчымасці для вызвалення Беларусі ад абрыдлай дыктатуры, для вяртання сумленных выбараў, для абароны незалежнасці.

Гэтага і хочацца пажадаць нам усім: адвагі, салідарнасці, адказнасці.