30 сакавiка 2024, Субота, 11:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Час ужо прагнаць гэтага мезазойскага яшчара

38
Час ужо прагнаць гэтага мезазойскага яшчара
Крыніца: medialeaks.ru

Беларусам трэба крыху напружыцца, каб жыць нармальна.

Пра гэта ў інтэрв'ю Charter97.org заявіла актывістка грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Паліна Шарэнда-Панасюк, каментуючы мінулую «выбарчую кампанію» і актуальную палітычную сітуацыю ў нашай краіне.

– Ваша кампанія падчас «выбараў» была адной з самых яркіх, а ваш відэазварот на БТ літаральна «ўзарваў» інтэрнэт: толькі на YouTube-канале «Хартыі-97» яго паглядзелі больш за 40 тысячаў чалавек. Што Вы адчувалі, калі казалі на тэлевізіі на ўсю краіну пра тое, што Лукашэнка павінен сысці?

– Я адчувала вельмі вялікую адказнасць за кожнае сваё слова. Таму кожнае слова было максімальна выверанае. Бо было яшчэ і абмежаванне 5 хвілінаў. І за гэтыя 5 хвілінаў трэба было сказаць так, каб прабіць гэтую сцяну, якую ўзвялі за гады дыктатуры. Таму я адчувала велізарную адказнасць за тое, што трэба сказаць.

– Як Вы думаеце – атрымалася прабіць гэтую сцяну?

– Вядома, і рэзананс ад гэтага выступу я адчула і адчуваю яго і цяпер. Напрыклад, на апошніх акцыях у Менску да мяне падыходзілі незнаёмыя людзі, якія пазнавалі мяне, падыходзілі, паціскалі руку і казалі: «Дзякуй вам вялікі, мы глядзелі ваш выступ на тэлевізіі ці на YouTube. Вы – вельмі адважная і мы за гэта вас паважаем. Вельмі добра, што ёсць такія людзі, як вы – у нас цяпер ёсць надзея».

Для многіх гэты выступ быў як «глыток паветра». Не тое каб гэтыя людзі не ведалі, што ў Беларусі ёсць дыктатура, а менавіта тое, што гэтыя словы былі дакладна сказаны. Словы, якія многія пра сябе думаюць, але баяцца сказаць уголас. І вось – яны былі сказаныя. Больш за тое, яны былі сказаныя праз дыктатарскую тэлевізію. Вядома, гэта ўзрушальна.

– Акрамя гэтага выступу, была яшчэ і трохмесячная кампанія на вуліцах – Ваша і Вашых калегаў у «Еўрапейскай Беларусі». Як Вы яе ацэньваеце?

– Самае моцнае ўражанне – што людзі выходзілі на плошчы і казалі тое, што ўжо лунае ў Беларусі ў паветры: Лукашэнка павінен сысці.

Хтосьці да гэтага часу баіцца гэта сказаць, а ёсць людзі, якія зрабілі першы крок – яны гэта сказалі. Гучна, называючы рэчы сваімі імёнамі, без абразаў. І нават на тых, хто не ўдзельнічаў у кампаніі і не казаў гэтых словаў, гэта зрабіла такое ўражанне, быццам выказалі іхнія думкі. Мы ўсе былі на адной хвалі ў гэтыя дні і адчувалі, што нас сапраўды большасць.

Гэтую палітычную кампанію я ацэньваю як адну з найбольш яркіх з 2010 года, яна была параўнальная з ёй у сваёй масавасці і ў сваім рэзанансе. Напэўна, яна была адной з самых бліскучых кампаній, якую атрымалася даць у адказ на маркотныя сцэнары дыктатуры.

Кампанія была такой яркай таму, што мы разумелі: трэба выкарыстоўваць кожны дзень, які дае магчымасць выйсці на вуліцу, мы разумелі, што кожная хвіліна на вагу золата і, не думаючы доўга, пра што гаварыць, знаходзілі самыя патрэбныя словы. Таму кампанія атрымалася такой яркай і насычанай.

– «Еўрапейская Беларусь» закончыла гэтую кампанію актыўнага байкоту «выбараў» Сустрэчай свабодных людзей у цэнтры Менска, маршам па праспекце Незалежнасці і спальваннем пасведчанняў каля Цэнтрвыбаркама. Што Вы думаеце пра гэтыя фінальныя акцыі?

– Менавіта так я і ўяўляла фінал нашай кампаніі: мы не будзем гандлявацца з Ярмошынай за тыя два адсоткі, якія яна намалюе не сваім кандыдатам.

Я хацела заклікаць да таго, каб усе незалежныя кандыдаты закончылі сваю кампанію менавіта ў той дзень, 16 лістапада, і менавіта спальваннем сваіх сведчанняў. Такі фінал сапраўды выглядае годна. Мы паказалі, што гуляем паводле сваіх правілаў. Мы зрабілі тое, што было патрэбнае нам і нашай краіне, і далі зразумець, што не будзем чакаць, што нам нешта «намалююць».

Мы паказалі, што можам перахапіць ініцыятыву і весці гульню паводле сваіх правілаў. Для мяне цалкам лагічна, што кампанія павінна была так завкончыцца. Я асабіста спаліла сваё пасведчанне кандыдаткі, следам гэта ж зрабілі і мае калегі – і я вітаю тое, што ў дыктатарскай краіне апазіцыйныя паказалі: будзем гуляць паводле сваіх правілаў.

– А як Вы ацэньваеце рэакцыю ўладаў на гульню «Еўрапейскай Беларусі» паводле сваіх правілаў?

– Я не спецыяліст псіхіятрыі, каб ставіць дыягназы, паколькі тут ужо відавочны менавіта псіхіятрычны дыягназ для ўсёй гэтай улады.

Але калі сказаць самымі звычайнымі словамі, то гэта – рэакцыя людзей, у галаве якіх да гэтага часу яшчэ не распаўся Савецкі Саюз. Яны прадаўжаюць жыць у злёгку падпраўленым, намарафечаным Савецкім Саюзе, у які яны хочуць ператварыць Беларусь.

Менавіта такое ўражанне ўзнікае, калі прыходзіш у іх камісіі і кабінеты. Мэбля, якая была ва ўжытку 30–40 гадоў таму, і тыя самыя дыскавыя тэлефоны, якія выкарыстоўваліся 30–40 гадоў таму. Каля іх, як і 40 гадоў таму, сядзяць жанчыны з мінулага, якія з'яўляюцца чальцамі камісій, і пры гэтым не ведаюць адказу ні на адно пытанне. Яны на кожнае пытанне здымаюць слухаўку з гэтага рэтра-тэлефона і тэлефануюць больш галоўным фальсіфікатарам па інструкцыі.

Уражанне такое, быццам бачыш перад сабой жывых дыназаўраў. Выпаўзлі з нейкага мезазойскага балота і расселіся ў кабінетах – вось такое ўражанне. Гэта – гіра на нагах Беларусі, якая цягне нас назад у мінулае і спрабуе штучна затрымаць час.

Яны самі – страшнае мінулае, ажылае незразумелым чынам. Яны прадаўжаюць жыць у якім-небудзь 1979 годзе і нават не арыентуюцца, што адбываецца ў свеце, у якім з'яўляюцца новыя электрамабілі і адпраўляюцца караблі на Марс і на Плутон. Для іх няма сапраўднага. А для нас з гэтымі людзьмі няма будучыні. Яны збіраюцца пазбавіць беларусаў будучыні, як у казках, калі старыя крадуць у маладых час і маладосць.

– Усё больш беларусаў выказваецца супраць таго, каб Лукашэнка вылучаўся на наступны тэрмін і патрабуюць ад дыктатара сысці. Чаму важна не дапусціць яго да новага тэрміну ва ўладзе?

– Адразу адзначу, што гэта ўжо не першая заява Лукашэнкі на тэму, што калі маўляў «народ папросіць», то ён не пойдзе на чарговы тэрмін і ўвогуле сыдзе. Мы добра памятаем, што нічога такога ён не зрабіў, бо ў яго ёсць свой асобны «народ», прадстаўлены Ярмошынай.

Я мяркую, што флэш-моб з відэа – гэта добра, але галоўнае – гэта выходзіць на Плошчу і патрабаваць так, каб ён гэта пачуў у сваіх Драздах. Каб заклік народа: «Ідзі!» – даляцеў да Драздоў. Тады, магчыма, ён і пачуе, а так у яго – вата ў вушах.

Чаму ён павінен сысці? Таму што павінен. Таму што не мае падтрымкі ў народзе ні цяпер, ні нават цягам ужо многіх гадоў. А за апошні час ён страціў нават тую невялікую частку электарату, якая яго падтрымлівала. А новае пакаленне яго проста ўжо не ўспрымае.

Маладыя беларусы (ды і не толькі маладыя) падарожнічаюць па Еўропе, бачаць, як жывуць людзі, якім транспартам карыстаюцца, у якіх крамах закупляюцца, як праводзяць вольны час. А калі яны вяртаюцца ў Беларусь, то адчуваюць сябе як чалавек, які з пяцізоркавага гатэля прыязджае дадому – а яму прапануюць жыць у абшарпанай, заляпанай «хрушчобе».

Рэжым Лукашэнкі – такая ж струхлелая «хрушчоба», якая не рамантавалася ўжо 60 гадоў і якую нам прапануюць. Сучасны чалавек ужо не можа жыць у такой «хрушчобе», ён патрабуе рамонт, ён патрабуе памяняць падлогу, змяніць сцены, зрабіць перапланаванне.

А гэтага не разумее Лукашэнка, які і сам стаў, як тая старая, нерамантаваная, забітая, з праваленай падлогай хрушчоба. Ён пастарэў маральна, ён сам – яшчар з мезазойскага балота, як і ягоныя чыноўнікі, якія займаюцца фальсіфікацыяй выбараў.

І гэтыя дыназаўры з мезазойскага балота адцягваюць Беларусь назад – не тое, што ад узроўню Злучаных Штатаў Амерыкі і перадавых краінаў, але нават ад тых краінаў, якія былі ў сацыялістычным лагеры. Польшча, Вугоршчына, нават краіны Балтыі, якія былі ў Савецкім Саюзе – ад усіх іх Беларусь адстае, і вельмі выразна.

Лукашэнка – практычна апошні прадстаўнік яшчэ тых самых савецкіх камсамольцаў, якія з апошніх сілаў, «ссінелымі пальцамі», як ён казаў, хапаюцца за ўладу, спрабуючы няхітра выжываць з дапамогай танных энэргарэсурсаў з «цэнтра».

І беларусы больш не могуць вытрымліваць у гэтай савецкай «хрушчобе», у той час як усе нармальныя людзі жывуць ужо ў сучасных кватэрах.

– У сваім тэлезвароце да беларускай нацыі Вы сказалі, што найбліжэйшы год будзе вызначальным. Чаму? У чым асаблівасці сённяшняй сітуацыі ў Беларусі?

– Мы ўбачылі, што наступны год – гэта кропка, у якой сыдзецца вельмі шмат гістарычных ліній. Гэта ў тым ліку і лінія, па якой Расея хоча ўжо даціснуць гэты рэжым і паглынуць Беларусь. Гэта і тое, што Лукашэнка хоча сам сябе «пераабраць» яшчэ раз да бясконцасці.

І безумоўна, беларусам трэба напружыцца і пераламаць ход гісторыі, прагнаць гэтага мезазойскага яшчара, каб урэшце жыць нармальна.

Я мяркую, што вельмі важна не дапусціць захопу Расеяй нашай краіны, таму мы не будзем чакаць паўтарэння канца XVIII стагоддзя ці 1939 года. Мы ведаем, што адбываецца ва Украіне, мы бачым, што адбываецца ў Грузіі, якім чынам Расея там наводзіць свой «парадак». Мы гэтага не хочам, і ад нас будзе залежаць, каб гэта не адбылося.

Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках