23 красавiка 2024, aўторак, 13:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Жыхарка Віцебска адваявала ў апекі дачку, якую забралі пасля таго, як патанула чужое дзіця

8
Жыхарка Віцебска адваявала ў апекі дачку, якую забралі пасля таго, як патанула чужое дзіця

Маладая маці апавяла пра тое, што ёй давялося перажыць.

Партал tut.by прадаўжае сачыць за гісторыяй 24-гадовай мамы, у якой пасля чужой трагедыі на возеры адразу паставілі ў суправаджэнне 7-гадовую дачку, а потым і зусім забралі яе з сям'і. У адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Віцебска 4 снежня прайшло пасяджэнне камісіі ў справах няпоўнагадовых, на якім пастанавілі, ці вяртаць дзяўчынку маці. Пастанова станоўчая: сёння, 5 снежня, першакласніца ўпершыню за апошні месяц прыйдзе дадому. Мама забрала яе са шпіталя, дзе здаровае дзіця знаходзілася ўвесь гэты час – на дзяржзабеспячэнні.

– Адваявалі дачку! – паведаміла радасная Марына (імёны герояў змененыя з этычных прычынаў. – Заўвага. Tut.by).

Цягам паўгода сям'я будзе знаходзіцца ў суправаджэнні – яе будуць кантраляваць. Да такой пастановы прыйшла камісія ў справах няпоўнагадовых.

Нагадаем, 28 лістапада кватэру, дзе жыве сям'я, чарговы раз наведалі прадстаўнікі школы, дзе вучыцца дзяўчынка.

– У сваім акце яны зафіксавалі, што для дзіцяці «створаны асобны пакой, у якім ёсць спальнае месца (канапа), працоўная і гульнёвая зоны». Патлумачу, што ў самым пачатку педагогі пісалі, што ў маёй дачкі няма «асобнага спальнага месца». У акце, які яны склалі пазней, падчас свайго наступнага візіту, «асобнае спальнае месца» ўжо з'явілася. А цяпер ужо ў акце ёсць і «асобны пакой». Хоць у кватэры з лета абсалютна нічога не змянілася: мы з дачкой займаем той самы адзін пакой у двухпакаёвай кватэры і спаць будзем на тым самым месцы ўдзвюх – на вялікай раскладной канапе. Гэта дазваляе казаць пра тое, што падобныя паперы на сем'і ў суправаджэнні нярэдка складаюць неаб'ектыўна, – мяркуе маладая маці.

Нагадаем, 24-гадовая жыхарка Віцебска мяркуе, што ў яе незаконна забралі 7-гадовую дачку Аксану. У чэрвені гэтага года дзяўчына адпачывала ў кампаніі, дзе ў адной з жанчынаў патануў 2-гадовы сын. Пасля гэтага сям'ёй зацікавіліся органы апекі, Аксану паставілі ў суправаджэнне.

А 4 лістапада камісія ў справах няпоўнагадовых Кастрычніцкага раёна Віцебска, надумала, што маці «вядзе амаральны лад жыцця», прызнала, што дзяўчынцы патрэбная дзяржаўная абарона і забрала яе з сям'і.

Пад амаральнымі паводзінамі маецца на ўвазе тое, што ў «дачыненні да мацi вызначаныя факты ўжывання алкагольных напояў, яна змушалася да адказнасці паводле артыкула 17.3 КаАП".

У Марыны ёсць «адміністрацыйка» – за з'яўленне ў грамадскім месцы ў стане ап'янення (арт. 17.3 КаАП). Але дзяўчына сцвярджае, што ў міліцэйскія пратаколы патрапіла толькі аднойчы ў жыцці – у той самы злашчасны дзень у чэрвені, калі ў суседкі, з якой яна адпачывала на возеры, патануў сын.

Маладая маці пабывала са сваёй праблемай на прыёмах у некалькіх чыноўнікаў. Жанчына датэлефанавалася на прамую лінію з губернатарам Мікалаем Шарстнёвым. Кіраўнік абласной управы адукацыі Дзмітрый Хома паведаміў яму, што камісія ў справах няпоўнагадовых Кастрычніцкага раёна прыняла заўчасную пастанову пра канфіскацыю дзіцяці і сітуацыя патрабуе дадатковага разгляду.

Да раніцы 5 снежня дзіця знаходзілася ў абласной дзіцячай лякарні, на дзяржаўным забеспячэнні. Калі б дзяўчынку не вярнулі ў сям'ю, яе перавялі б у дзіцячы дом.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках