28 сакавiка 2024, Чацвер, 15:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

7 cнежня, 12.00 — Плошча Калiноўскага!

22
7 cнежня, 12.00 — Плошча Калiноўскага!
Павел Севярынец

Справа за намі.

Паводле апошняй інфармацыі, Лукашэнка і Пуцін збіраюцца дамаўляцца пра «паглыбленую інтэграцыю» 7 снежня ў Cочы. 6 снежня Румас будзе размаўляць з Мядзведзевым. Усе іх краплёныя дарожныя карты рыхтуюцца поўнай хадой.

Асноўных беларускіх вулічных завадатараў, у тым ліку і мяне, сёння атаварылі штрафамі — якраз падчас «гістарычнай і эпахальнай» прамовы Лукашэнкі перад прызначаным ім «парламентам». Але не затрымалі — і гэта ясны сігнал: на гэтым этапе улада сама зацікаўленая ў масавых пратэстах за незалежнасць.

Мне зразумелыя меркаванні, маўляў, гэта чарговая частка мерлезонскага балету пра інтэграцыю, Лукашэнка ніколі ня пойдзе і т. д. Хацелася б, каб так было. Але. Калі вы думаеце, што гэта ўсё пустыя словы і пустыя паперкі — глыбока памыляецеся.

Масква паўтарае тое, што яна ўжо рабіла ў 1772, 1793 і 1795 годзе. Спярша эканамічным, юрыдычным, карупцыйным, інфармацыйным, вайсковым шляхам нас карпатліва прывязваюць да Расеі, а потым застаецца прыбраць з шахматнай дошкі пару фігураў, тыпу Панятоўскага альбо Лукашэнкі - і аншлюс.

Без зялёных чалавечкаў і заходніх санкцыяў.

У выпадку грубага ламання закону бачнасць закону павінна вытрымлівацца асабліва дбайна, як казаў класік.

Што ж рабіць нам?

А нам застаецца толькі малітва да Бога і адкрыты пратэст.

Вось ужо пятыя суткі, як навіны пра агульны ўрад, парламент і дамовы гуляюць па Беларусі.

7 снежня, 12.00, Плошча Каліноўскага (Кастрычніцкая) — адкрыты масавы пратэст. Калі Лукашэнка і Пуцін будуць размаўляць пра дзяржаўную здраду, любы пратэст выбухае ў інфармацыйнай прасторы. Нават калі на вуліцы трыста спартанцаў на чале з Нінай Багінскай, пяцьдзясят журналістаў і сотня ціхароў.

Калі пратэсту 7 снежня ня будзе, таварыш Пяскоў зможа спакойна паўтарыць словы здрадніка Анквіча на Немым Сойме ў Гародні 1793-га:

- Молчаніе есть знак согласія.

Кажуць, што прастора завялікая для пратэсту.

Але гэта Плошча Каліноўскага. Пасля Божага цуду на гары Гедзіміна, па-мойму, тут адзінае месца для такога пратэсту.

Кажуць, што трэба было рыхтаваць і яднаць апазіцыю.

Яшчэ з канца верасня я размаўляў з лідарамі беларускіх дэмакратычных сілаў пра масавыя акцыі ў падтрымку незалежнасці з асноўнай 7 снежня. Мікалай Статкевіч, "Еўрапейская Беларусь», NEXTA, Рух салідарнасці «Разам» такія акцыі рабілі, і я на іх быў. За два месяцы на сустрэчах у больш як дваццаці гарадах Беларусі прасіў людзей рыхтавацца 7 снежня ехаць у Менск.

Магутная маніфестацыя прайшла ў Вільні ў дзень пахавання Каліноўскага і паўстанцаў.

Гэта і была падрыхтоўка, на якую мы з вамі аказаліся здольныя.

Цяпер мы стаім перад яўным фактам здачы дзяржавы. У нас ужо няма трох месяцаў. У нас тры дні.

Справа за намі.

Хто здольны — маліцеся. Хто гатовы — стаўце перапосты, нясіце гарбату, збірайце грошы на падтрымку сем'ям аштрафаваных і затрыманых.

Калі мяне ўсё-такі заграбуць да суботы — дакладна ведаю, што на пратэстах будуць людзі, маральна гатовыя да хапуна, цёпла апранутыя, са сцягамі, здольныя прынамсі расказаць журналістам, Беларусі і ўсяму свету, чаму яны супраць аншлюсу.

Іх будзе больш, чым вы думаеце - не буду называць колькасць і прозвішчы са зразумелых прычынаў.

Чытаючы гісторыю здачы Рэчы Паспалітай у васемнаццатым стагоддзі, я ніяк ня мог даўмецца: Як можна было настолькі бяздарна, моўчкі, седзячы па сваіх нішах, здаць дзяржаву.

Цяпер пачынаю разумець.

Але веру, што ў сённяшняй Беларусі знойдуцца тыя, хто верыць, можа і пераможа.

Таму 7 снежня а 12.00 мы выйдзем з масавым пратэстам на Плошчу Каліноўскага (Кастрычніцкую).

Жыве Беларусь – з Богам!

Павел Севярынец, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках