29 сакавiка 2024, Пятніца, 13:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Свабода - самае каштоўнае, што ёсць у нашым жыцці»: Андрэй Курэйчык зняў новы фільм

1
«Свабода - самае каштоўнае, што ёсць у нашым жыцці»: Андрэй Курэйчык зняў новы фільм
АНДРЭЙ КУРЭЙЧЫК

Вядомы беларускі рэжысёр скончыў здымкі драмы «LIBERTÉ».

У Нацыянальным мастацкім музеі скончыліся здымкі новага праекта рэжысёра і сцэнарыста Андрэя Курэйчыка «LIBERTÉ» (у даслоўным перакладзе «Свабода»). Філасофская драма здымалася кінакампаніяй «БезБуслоў артс» у партнёрстве з «Рэд Студыя» на працягу ўсёй восені спачатку ў вёсцы Краскі Ваўкавыскага раёна на мяжы з Польшчай, а затым і ў Менску. Пры гэтым падрыхтоўка да праекта са слоў стваральнікаў ішла тры гады, паведамілі Chаrter97.org.

«Пасля поспеху «Руху ўверх» я наважыў, што прыйшла пара зрабіць нешта сур'ёзнае ў Беларусі, - распавядае прадзюсар і рэжысёр драмы «LIBERTÉ» Андрэй Курэйчык. - Разам з маім сябрам і сааўтарам яшчэ з часоў «Вышэй за неба» Дзмітрыем Марынінам быў абраны сюжэт, які мы прапрацоўвалі некалькі гадоў, пакуль, нарэшце, менавіта гэтай восенню нечакана для нас усё не склалася разам: сцэнар, каманда, цудоўныя акторы».

Для праекта «LIBERTÉ» кінакампаніі «БезБуслоў Артс» прыйшлося парушыць правіла «кіно пра беларусаў, для беларусаў і сіламі толькі беларускай каманды». Праект атрымаўся міжнародным: адну з галоўных роляў у беларускай карціне сыграла зорка нямецкага кіно і тэлевізіі немец Жан-Марк Бірхольц, яшчэ адну ролю нечакана прымерыў на сабе Надзвычайны і паўнамоцны пасол Францыі ў Рэспубліцы Беларусь Дыдзье Канес. Гэта першы выпадак, калі дзейны дыпламат такога рангу непасрэдна бярэ ўдзел у здымках незалежнага беларускага кіно.

Галоўную ролю ў фільме сыграла вядучая актрыса Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы Святлана Анікей, якую кінаглядач ужо палюбіў за ролі ў фільмах «Хрусталь» Дар'і Жук і «Возера радасці» Аляксея Палуяна.

«Мяне зачапіла ў гэтым фільме тэма, што чалавек здольны да канца змагацца за сваю ілюзію, за сваю прыдуманую гармонію» - распавяла акторка Святлана Анікей. Яна правяла на пляцоўцы практычна ўсе дні ад пачатку і да канца. Акрамя Святланы Анікей у фільме выканалі ролі Сяргей Уласаў, Яраслаў Шкуратаў, Юрый Цароў і Ева Анікей.

Для артыстаў праект быў вельмі складаным не толькі праз творчыя задачы і экспедыцыі ў аддаленую вёску Краскі, але і таму, што фільм здымаўся адразу на 4 мовах: расейскай, нямецкай, французскай і беларускай. У кадры кожны з персанажаў гаварыў на сваёй роднай мове. Атрымалася ўнікальнае мультылінгвістычнае кінапрастора.

Асаблівую ўвагу на праекце надалі малюнку: галоўны аператар праекта Мікіта Пінігін абраў для здымкі ўнікальныя анаморфныя аб'ектывы кампаніі COOKE ад кампаніі «Red Studia, галоўны мастак Павел Шапо стварыў метафарычны, пазачасовы мастацкі свет, у якім разгортваецца прастора драмы. Кампазітар Дзмітрый Фрыга прыступіў да напісання музыкі. Міжнародным прасоўваннем фільма займаецца прадусарка Валерыя Ледзяева.

«Гэта неверагодна абвостраная эмацыйная гісторыя, у якой пачуццё віны паміж маці і яе сынам даведзенае да ўзроўню ўзору і сілы старажытнагрэцкага канфлікту. Тэма нашага фільма - унутраная свабода і сумленне. Свабода - самае каштоўнае, што ёсць у нашым жыцці. Я не абяцаю, што гэтую карціну будзе глядзець лёгка», - так апісаў сваё кіно Андрэй Курэйчык.

Прэм'ера беларускай драмы «LIBERTÉ» чакаецца ў 2020 годзе. Фільм быў зняты без дзяржаўнай падтрымкі.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках