24 красавiка 2024, Серада, 8:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ён вам не пацан

38
Ён вам не пацан
ІРЫНА ХАЛІП

Аляксандр Лукашэнка не дацярпеў.

Пра расейска-беларускія стасункі ён павінен быў гутарыць у суботу, у Сочы, з Уладзімірам Пуціным. А на два дні раней ён павінен быў усяго толькі выступіць перад дэпутатамі ранейшага і новага скліканняў, каб павітаць адных і сказаць апошняе бывай іншым. У выніку выступ перад дэпутатамі ўсё роўна абярнулася маналогам пра стасункі з Расеяй.

Нічога дзіўнага, бо 8 снежня, у дваццатую гадавіну падпісання дамовы пра стварэнне «саюзнай дзяржавы», Пуцін і Лукашэнка мусяць падпісаць праграму інтэграцыі. Ва ўсякім выпадку, пра гэта яны гавораць ужо год. І туманна абяцаюць нейкія неймаверныя дзясяткі і сотні дарожных картаў, некаторыя з якіх, паводле словаў чыноўнікаў абедзвюх краінаў, ужо ўзгодненыя, а некаторыя нават перспектывы такой не маюць. І сустрэча ў Сочы ўжо прызначаная. І беларусы ў сацыяльных сетках пішуць на аватарках «я за незалежнасць!».

Дык вось Аляксандр Лукашэнка запэўніў усіх, што ніякай пагрозы суверэнітэту Беларусі няма: «Запомніце: я не пацан, які адпрацаваў 3-4-5 гадоў "прэзідэнтам". Мне хапіла – вось так! І я не хачу перакрэсліць усё тое, што я зрабіў разам з вамі, з народам: стварыў суверэнную, незалежную дзяржаву, каб яе цяпер пакласці ў нейкую скрыню з крыжам наверсе і некуды выкінуць ці камусьці перадаць? Пры мне гэтага не будзе ніколі».

Лукашэнка сказаў, што ніхто не збіраецца захопліваць Беларусь, ніхто не прэтэндуе на яе незалежнасць, а гэта значыць, што па-дурному добраахвотна гэтую незалежнасць камусьці аддаваць. Чарговы раз публічна пакрыўдзіўся на апазіцыю: «Бачыце, яны больш рупяцца за "незалежнасць", чым вы ці я. Што мы там падпішам нейкія такія дакументы, якія не ў інтарэсах Беларусі. Ніхто ніколі не падпіша тыя дакументы, якія нам прынясуць шкоду. Сёння ўвогуле не ідзе ў перамовах з Расеяй гаворка пра палітыку, дыпламатыю і гэтак далей... Калі нехта перажывае, што заўтра будзе агульны парламент, на гэтую тэму нават размоваў няма. Калі нехта перажывае за тое, што заўтра ў нас будзе прэзідэнт не Лукашэнка, а нехта іншы (я маю на ўвазе цяпер, без выбараў), таксама не хвалюйцеся. Мы не вядзём дыялог у палітычных пытаннях. З прэзідэнтам Пуціным яшчэ ў Сочы больш за год таму дамовіліся па-сяброўску. Я яму кажу: мы не пацягнем гэтыя пытанні, калі пачнем іх абмяркоўваць».

Ён патлумачыў: 6 снежня ў Сочы будуць працаваць прэм'ер-міністры і іх памочнікі. І толькі на наступны дзень – «мы сустрэнемся і паглядзім, што напрацавалі прэм'ер-міністры і кіраўнікі групаў, і, калі гэта магчыма, прымем пастанову». Але гаворка ідзе, паводле словаў Аляксандра Лукашэнкі, выключна пра эканамічную позву. І, мяркуючы з усяго, эканамічны парадак дня – гэта зусім не пытанні інтэграцыі: «Пра якую можна казаць далейшую інтэграцыю, калі мы сёння не маем дамовы пра пастаўкі прыроднага газу? Хоць пра гэта дамовіліся даўно. І нашы ўрады правалілі гэтыя дамоўленасці. Не з віны беларускага ўраду. То-бок у нас заўтра новы год, а мы не маем дамовы пра аб'ём і кошты паставак прыроднага газу. Не развязаныя пытанні пра нафту. Нават элементарнае пытанне да гэтага часу не развязанае пра брудную нафту. Мы нешта мяркуем, пастанаўляем. А яны робяць выгляд, што гэтай бруднай нафты не было. А мы ж правалілі ВУП у асноўным праз нафтавыя праблемы. Таму што да нашай нафтаперапрацоўкі яшчэ прывязаная нафтахімія».

Рыторыка зразумелая. І чакаць сенсацый 8 снежня не варта. Хутчэй за ўсё, усё пройдзе паводле ўжо звыклага сцэнара: публічныя абдымкі, клятвы ў вечным сяброўстве і партнёрстве, здзіўленне з нагоды пытанняў пра інтэграцыю – «а мы і не збіраліся». І добра, што не збіраліся. Галоўным у сенсацыі прызначаць Дзмітрыя Мядзведзева – гэта ж ён летась першы загаварыў пра выкананне «саюзнай дамовы»: пра адзіны эмісійны цэнтр, суды, мытні, падліковую палату. Гэта было сказана 13 снежня 2018 года ў Берасці на пасяджэнні саюзнага саўміна, якое пачыналася з абмеркавання нявіннай тэмы роўмінгу. У Беларусі гэтую заяву ўспрынялі як пагрозу прымусу да інтэграцыі. Праз год Аляксандр Лукашэнка запэўнівае, што ніякіх палітычных пагадненняў з Масквой падпісваць не збіраецца, а ў гэты самы час Дзмітрый Мядзведзеў на прэс-канферэнцыі заклікае беларусаў не баяцца змяншэння суверэнітэту праз інтэграцыю.

Мабыць, так яны і надумалі размеркаваць ролі: Пуцін маўчыць, Мядзведзеў патрабуе неадкладнага збліжэння, Лукашэнка публічна супраціўляецца.

У выніку нічога не адбываецца, затое імітуецца вялікі і складаны палітычны працэс, а журналістам і палітолагам ёсць што абмяркоўваць і аналізаваць. Спектакль заслугоўвае воплескаў.

Праўда, у той самы дзень Аляксандр Лукашэнка змяніў кіраўніка сваёй адміністрацыі і прызначыў на гэтую пасаду першага намесніка старшыні КДБ Ігара Сяргеенку. Але гэта больш падобна на барацьбу не з вонкавага пагрозай, а з унутранай.

Ірына Халіп, «Новая газета»

Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках