18 красавiка 2024, Чацвер, 18:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зяленскі сустрэўся з украінцамі, якія арганізавалі Еўрамайдан

7
Зяленскі сустрэўся з украінцамі, якія арганізавалі Еўрамайдан

Актывісты заклікалі прэзідэнта Украіны да выразнай пазіцыі на нармандскім саміце.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі сустрэўся з былымі студэнтамі, якія арганізавалі Еўрамайдан у 2013 годзе і пацярпелі ў цэнтры Кіева ў ноч з 29-га на 30 лістапада. Пра гэта паведаміла прэс-служба прэзідэнта Украіны.

"Мне заўсёды было цікава, чым цяпер займаюцца людзі, з якіх гэта ўсё пачалося. З якіх пачалася рэвалюцыя. Мы хацелі пазнаёміцца асабіста, хацелі прагаварыць, якія існуюць праблемы, бачанне ў цэлым, дзе вы і чым займаецеся", – заявіў Зяленскі на сустрэчы.

Ён прапанаваў былым студэнтам удзельнічаць у пытаннях жыццядзейнасці краіны.

Актывісты апавялі кіраўніку дзяржавы пра пачатак Майдана, пра свае матывы ўдзелу ў пратэстах, якія перараслі ў Рэвалюцыю годнасці.

Паводле звестак прэс-службы, пасля гэтага адны з прысутных ваявалі на Данбасе, іншыя ўдзельнічалі ў валанцёрскай дапамозе і цяпер цесна супрацоўнічаюць з ветэранамі і профільнымі міністэрствамі. Некаторыя працуюць у сферы адукацыі і навукі.

Адной з найважнейшых тэмаў, якая абмяркоўвалася, было расследаванне злачынстваў супраць удзельнікаў Еўрамайдана, адзначылі ў прэс-службе прэзідэнта.

"Для вас справа Майдана – гэта вельмі асабістае. І, паверце, для нас таксама. Я хачу, каб мы скончылі гэтую справу. Каб мы змаглі расследаваць яе цалкам, і ўсе тыя, хто недзе ходзіць, ездзіць або лётае, а павінны сядзець – каб яны сядзелі", – сказаў Зяленскі.

Актывісты заклікалі прэзідэнта на сустрэчы "Нармандскай чацвёркі" ў Парыжы не згаджацца на выбары на Данбасе "пад рулямі аўтаматаў". Яны падкрэслілі, што хочуць вярнуць акупаваныя тэрыторыі, але не коштам саступак у дзяржаўным суверэнітэце.

Зяленскі заявіў, што інтарэсам Украіны не здрадзіць, дадалі ў прэс-службе прэзідэнта.

30 лістапада 2013 года блізу 4-й раніцы "Беркут" вельмі жорстка разагнаў мітынг на Майдане ў Кіеве. На плошчу заехала тэхніка, удзельнікі пратэстаў, якія спалі на плошчы, пачалі яе блакаваць. Тады сілавікі адціснулі ўсіх да Стэлы Незалежнасці, пасля чаго ўжылі сілу: білі людзей дубінкамі, цягнулі па зямлі, збівалі нагамі. Білі ўсіх, у тым ліку жанчынаў.

1 снежня 2013 года на акцыю пратэсту ў цэнтры Кіеве выйшлі, паводле розных звестак, ад 500 тыс. да 1,6 млн чалавек. Мітынг скончыўся сутыкненнямі з праваахоўнікамі на вуліцы Банкавай, паблізу Адміністрацыі Прэзідэнта. Пасля гэтага ва Украіне пачаліся масавыя пратэсты, якія прывялі ў лютым 2014 года да змены ўлады.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках