25 красавiка 2024, Чацвер, 12:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Парашэнка на прыкладзе Беларусі даў парады Зяленскаму перад Нармандскім самітам

47
Парашэнка на прыкладзе Беларусі даў парады Зяленскаму перад Нармандскім самітам
ПЁТР ПАРАШЭНКА

Рэкамендацыі складаюцца з чатырох пунктаў.

Пяты прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка даў чатыры парады Уладзіміру Зяленскаму перад сустрэчай нармандскай чацвёркі, якая запланаваная на 9 снежня ў Парыжы.

Адпаведны артыкул Парашэнка напісаў для «Украінскай праўды».

У сваім артыкуле Парашэнка называе нармандскі саміт самым сур'ёзным тэстам для ўкраінскай новай улады за ўвесь час пасля яе абрання, а таксама выклікам для краіны.

«Ведаю, якія гэта знясільвальныя гутаркі. Якой хуткай рэакцыі, жалезных нерваў і тоўстай скуры яны патрабуюць. І, вядома, хвалююся за вынікі. Зыходзячы з дзяржаўных меркаванняў, мяркую мэтазгодным даць некалькі парадаў», – піша ён.

Першае. Варта вярнуцца да тэмы берлінскай «дарожнай карты». Менавіта яна з'яўляецца ключом да міру і павінна стаць лакмусавай паперкай для праверкі «шчырасці» міралюбных намераў агрэсара.

«Дарожная карта» на задуму ўкраінска-нямецка-французскай кааліцыі з'яўляецца фармалізаванай структураванай лагічна-абумоўленай паслядоўнасцю бяспекі і палітычных крокаў усіх датычных бакоў, рэалізацыя якіх забяспечыць палітыка-дыпламатычнае ўрэгуляванне сітуацыі на Данбасе.

Яе ключавым аспектам з'яўляецца прыярытэт кампанента бяспекі ўсяго комплексу Менскіх дамоўленасцяў, уключаючы вывад расейскіх войскаў.

Парашэнка звяртае ўвагу на небяспечную гульню з тэрмінамі наконт умоваў прызнання выбараў у асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей. Паспешлівая згода ўкраінскіх перамоўнікаў на прымальнасць адпаведнасці выбараў «у цэлым» дэмакратычным стандартам АБСЕ, а не «цалкам», дае шырокае поле для манеўру расейскаму боку і яго марыянеткам для забеспячэння патрэбнага ім электаральнага выніку.

Другая парада: неад'емным элементам мірнага ўрэгулявання на Данбасе застаюцца міратворцы пад кіраўніцтвам ААН. Паводле словаў Парашэнкі, без міратворчага кантынгенту паводле мадэлі, прапанаванай яшчэ ў пачатку 2015 года, немагчыма гаварыць пра стварэнне неабходных умоваў бяспекі, уключаючы гуманітарнае размінаванне, ахову падчас выбараў або кантроль за мяжой.

Парашэнка нагадвае, што супольна з Нямеччынай і Францыяй была створаная канцэпцыя і мадэль размяшчэння міратворчага кантынгенту на Данбасе.

Больш за тое, падчас сустрэчаў у Вашынгтоне атрымалася скаардынаваць падыходы з амерыканскім бокам, які падтрымаў гэтую ідэю. Да актыўнага яе прасоўвання падключыўся спецпрадстаўнік Курт Уолкер.

«Аднак з тых часоў, як новая перамоўная каманда зняла з парадку дня пытанне міратворчага кантынгенту, нашы партнёры лагічна пытаюцца – і мяне асабіста – падчас мерапрыемстваў высокага ўзроўню: "Калі Украіна не падымае гэтую тэму, чаму мы павінны яе прасоўваць? Нам што, больш, чым вам трэба?" – адзначае Парашэнка.

Трэцяя парада: не варта ўключаць «газавае пытанне» ў агульны парадак дня, каб не дазволіць Расеі сфармаваць нявыгадны для Украіны «пакет дамоўленасцяў», паводле якога за «танны» газ Украіна зробіць важныя саступкі на палітычным трэку.

Паводле словаў Парашэнкі, «яшчэ нічога ў найноўшай гісторыі нам не абыходзілася так дорага, як танны расейскі газ».

«Ужо пяты год, як мы не набываем газ у Расеі і не маем у ім хоць найменшай эканамічнай неабходнасці. Таму не ведаю як хто, але наша каманда аднаўленне прамога набыцця газу ў Пуціна разглядае як капітуляцыю – прычым не толькі ў энэргетычнай, але і ў палітычнай сферы», – падкрэсліў ён.

Чацвёртая парада: не давяраць Пуціну. Ніколі і ні ў чым.

«Пуцін маніпулюе ўсім: зместам, фактамі, лічбамі, картамі, эмоцыямі. Ён ненавідзіць Украіну і ўкраінцаў і не бачыць нашага месца на палітычнай мапе Еўропы», – адзначыў пяты прэзідэнт.

Ён прывёў у якасці прыкладу «некалькі любімых фішак» расейскага прэзідэнта.

Паводле словаў Парашэнкі, фразу «як мы раней дамаўляліся» варта ўважліва правяраць ці не верыць на слова і спраўджваць з рэальнымі тэкстамі дамоўленасцяў.

«Памятаю, як і ў Менску ў лютым 2015 года апынулася, што расейскамоўны пераклад ужо распрацаванага пагаднення апынуўся занадта творчым: настолькі, што карэнным чынам мяняў змест палажэнняў, узгодненых ноччу на ангельскай мове», – піша Парашэнка.

Паводле ягоных словаў, Пуцін часта маніпулюе звесткамі пра колькасць і крыніцы абстрэлаў, колькасць тэхнікі і жывой сілы, каб даказаць, што ўкраінскі бок у большай ступені вінаваты за парушэнне рэжыму цішыні.

«Раю быць гатовым да такіх статыстычных маніпуляцый і мець лічбы і звесткі, якім давяраюць у Берліне і Парыжы», – дадаў Парашэнка.

Класічны і найбольш цынічны аргумент – «іх там няма». Пра зброю ён адкажа, што «магчыма, яна і расейская, але нам не належыць».

«Шчыра падтрымліваю намер прэзідэнта Зяленскага дамовіцца ў Парыжы пра тэрміны і механізм вываду расейскіх войскаў з тэрыторыі Данбаса. Аднак вельмі раю актыўна папрацаваць над тым, каб прывезці ў Парыж чарговыя пераканальныя фота-, відэакадры, спадарожнікавыя здымкі, расейскія ваенныя білеты, пашпарты, фотадоказы прысутнасці найноўшай расейскай зброі і тэхнікі на тэрыторыі ўкраінскага Данбаса», – падкрэслівае Парашэнка.

Ён таксама раіць Зяленскаму пазбягаць сустрэчы сам-насам з Пуціным або, калі гэта немагчыма зрабіць, «не паддавацца на ягоныя КДБ-шныя маніпуляцыі і паддобрыванні, гульню на эмоцыях і недахопах прэзідэнта».

Варта давяраць не словам, а рэальным дзеянням расейскага боку, дадаў Парашэнка.

«Напрыканцы вымушаны расчараваць тых, хто хоча сесці за стол перамоваў, паглядзець Пуціну ў вочы, зразумець, чаго той хоча ад Украіны і дамовіцца "дзесьці пасярэдзіне". Яму не патрэбныя ні Крым, ні Данбас. Яму патрэбная ўся Украіна. Хай цяперашняе развіццё падзей у паглынанні Беларусі Масквой стане ўсім прыкладам і яркім прадбачаннем таго, што чакае Украіну. Гэта таксама, дарэчы, пра танны газ. Варта прыслухацца да парадаў нашых сяброў, сярод іншых прэзідэнта Літвы, які шчыра перасцярог украінскае кіраўніцтва "не ісці на саступкі, якія могуць нанесці шкоду". Сапраўды, важна, каб той спосаб, якім будзе ўрэгуляваная сітуацыя на Данбасе, не стварыў яшчэ больш пагрозаў для ўсёй Украіны», – адзначыў Парашэнка.

Напісаць каментар 47

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках