22 верасня 2020, aўторак, 14:24
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Новыя правілы дзяржаўных закупак: Дзяцей у садках і школах будуць карміць горш?

13
Новыя правілы дзяржаўных закупак: Дзяцей у садках і школах будуць карміць горш?

Цяпер у дзіцячым харчаванні будзе ў прыярытэце кошт, а не якасць прадуктаў.

Ужо ў студзені ўправы адукацыі будуць удзельнічаць у аўкцыёнах для закупак прадуктаў харчавання для садкоў і школ паводле новых правіл, устаноўленых у ліпені гэтага года. Некаторыя ўдзельнікі будучых таргоў маюць асцярогі, што новыя правілы стануць прычынай таго, што дзяцей будуць карміць горш, чым раней, піша сайт naviny.by.

Новая рэдакцыя закона аб дзяржаўных закупках увайшла ў дзеянне 1 ліпеня гэтага года, аднак раз управы адукацыі закупляюць прадукты для дзіцячых садоў і школ амаль заўсёды раз на паўгода, большасць з іх яшчэ чакаюць аўкцыёны паводле новых правіл.

«Цяпер у прыярытэце будзе кошт, а не якасць»

Намеснік дырэктара ў камерцыйных пытаннях дробнагуртовай базы, якая пастаўляе прадукты харчавання ў дзіцячыя сады «На Заходняй», Максім Філістовіч бачыць у новай сістэме шэраг праблем, галоўная з якіх - прыярытэт кошту над якасцю.

Максім Філістовіч падаў некалькі прыкладаў, калі прадукты харчавання быццам і адпавядаюць стандартам, маюць сертыфікат якасці, але якасць гэтая сумнеўная.

Раней для садкоў закупляўся беларускі сок - больш якасны, але даражэйшы за расейскі: «Цяпер, каб канкурыраваць у кошце з прыватнікамі, наша база пачала купляць расейскі сок, які дагэтуль не купляла ніколі праз тое, што яго якасць пакідае жадаць лепшага. Цяпер у дзіцячым харчаванні будзе ў прыярытэце кошт, і якой якасці сок будуць піць дзеці, нікога не хвалюе. Паводле дзяржаўнага стандарту адпавядае - і адпавядае».

Яшчэ адзін прыклад - кітайская какава. «Яе не запарыш - яна як пласык. Але каштуе 50 капеек. Беларуская какава даражэйшая - 1,50 рубля. Вы свайму дзіцяці што купіце? Натуральна, тое, што за рубель пяцьдзесят, а ўправа адукацыі - кітайскую, бо яна таннейшая. Яны павінны купляць прадукцыю таго, хто перамог на аўкцыёне, гэта значыць, самым нізкім коштам».

«Вызначыць нейкую мяжу якасці або прапісаць у патрабаваннях нельга, гэта парушэнне закона. Нават нельга напісаць дзель змяшчэння нейкага складніка», - адзначыў Максім Філістовіч.

Яшчэ прыклад - паводле стандартаў у катлетнай ялавічыне дапускаецца да 25% жыл і сала. Ёсць вытворцы, у якіх 7% тлушчу і жыл, а ёсць тыя, у каго амаль 25%. Натуральна, што ў тых, у каго больш мяса, кошт вышэйшы: «Аднак калі мы гаворым пра катлетнае мясе, у якім 25% тлушчу і жыл, гэта азначае, што чвэрць пры гатаванні трэба выкінуць. І гэты аб'ём дзеці не даядуць».

«Ні садок, ні ўправа адукацыі не могуць выбраць прадаўца мяса, напрыклад, нават калі ведаюць прадаўца з добрай якасцю прадукцыі, - адзначыў суразмоўца. - Ёсць вытворцы, якія, не парушаючы закон, шпігуюць мяса, напрыклад, уліваюць у яго ваду. Натуральна, што пры такіх умовах могуць зрабіць цану не 10 рублёў за кілаграм, а 9 рублёў. Аднак пры гатаванні вадкасць сыдзе, дзеці недаатрымаюць бялок. Калі мы пераможам на аўкцыёне, таксама будзем вымушаныя браць больш таннае мяса ў прыватніка, якое адпавядае стандартам, але якасць якога пакідае жадаць лепшага».

Паўгода адны запяканкі

Таксама ва ўмовах аўкцыёну не прапісваецца гатунак прадукцыі: «Мы пастаўляем у сады крупы першага гатунку, але калі б прывезлі трэцяга, да нас нельга было б ужыць ніякія санкцыі - аўкцыён адбыўся».

Па-другое, ад адсутнасці канкрэтыкі ва ўмовах закупак пакутуе і разнастайнасць. Напрыклад, для гатавання мусу патрэбны адзін тып тварагу, а для запяканкі - іншы. Але на аўкцыёне закупляецца толькі адзін тып тварагу, значыць, дзецям паўгода будуць гатаваць толькі запяканку. Можа, менавіта таму многіх дзяцей ад запяканак проста нудзіць?

Цяпер паводле закону нельга змяняць пачатковы кошт - з 1 ліпеня прадавец абавязаны вывучыць цану і паведаміць кліенту, а калі кошт пастаўкі вызначыцца, то гэта зазвычай ужо на год:

«Мы не будзем удзельнічаць у некаторых аўкцыёнах, бо наперад на год на хуткапсавальныя тавары кошт немагчыма ўстанавіць. Напрыклад, за 2019 год кошт малака ў сярэднім узняўся на 30%. Крупы мы можам захоўваць – яны маюць тэрмін прыдатнасці дзевяць месяцаў - і, адпаведна, трымаць кошт. Аднак і на гэта патрэбныя вялікія выдаткі».

Вось і выходзіць, кажа Максім Філістовіч, што давядзецца закупляць для дзяцей самую танную прадукцыю: «Гэта адназначна пагаршэнне якасці харчавання ў дзіцячых садках. Мы гонімся за самым танным коштам, але пры гэтым цярпіць якасць».

Ініцыятарам таго, каб аддзелы адукацыі, а не самі школы і дзіцячыя сады, праводзілі дзяржаўныя закупы прадуктаў харчавання, было Міністэрства антыманапольнага рэгулявання.

Аднак у аддзелах адукацыі зазвычай няма спецыяліста, які б прафесійна займаўся дзяржаўнымі закупкамі, адзначыў Максім Філістовіч: «Часцей за ўсё гэта даручаюць юрысту, які не заўсёды мае веды з сфэры тэхналогіі арганізацыі харчавання».

На ягоную думку, рацыянальна было б стварыць асобнае прадпрыемства, якое б праводзіла закупкі прадуктаў харчавання для ўстаноў адукацыі:

«Працаўнікі сфэры адукацыі павінны вучыць дзяцей, а прадуктамі харчавання маюць займацца людзі, якія ведаюць, як вызначаць якасць прадуктаў. Напрыклад, мы як прафесіяналы можам прапісаць патрабаванні і ўмовы на аўкцыёне, якія значныя для якасці. Я б, напрыклад, адхіліў ад аўкцыёну кітайскую какаву, бо ведаю - яе дзецям страшна даваць».

Вучыцеся на чужых памылках

Максім Філістовіч мяркуе, што пытанне ашчады істотнае, але да арганізацыі харчавання дзяцей патрэбны асаблівы падыход. Ён падаў прыклад Вялікабрытаніі, дзе ў 80-я гады з увядзеннем закупак харчавання праз аўкцыён на 30% знізіліся выдаткі, але праз 18 гадоў на значна большую колькасць пунктаў павялічыліся выдаткі на ахову здароўя.

«Такая палітыка прыярытэту кошту над якасцю дапамагла канчаткова разбурыць адладжаную сістэму школьнага харчавання, а на харчаванне дзяцей выдаткоўвалася ў чатыры разы менш грашовых сродкаў, чым закладзена, - адзначала, кажучы пра досвед Вялікабрытаніі, расейская спецыялістка ў дзяржаўных закупах Алена Шадрына. - Усё гэта прычынілася да росту колькасці дзяцей, якія маюць залішнюю вагу, а далей - да павелічэння выдаткаў на ахову здароўя. У выніку ўзровень атлусцення ў Вялікабрытаніі стаў самым высокім у Еўропе».