28 сакавiка 2024, Чацвер, 16:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Колькі беларусам будзе каштаваць уцяпленне дома

11
Колькі беларусам будзе каштаваць уцяпленне дома

Неўзабаве жыхары будуць уцяпляць дамы за свой кошт.

Дзяржава аплаціць не болей за палову выдаткаў. Указ № 327 «Аб павышэнні энэргаэфектыўнасці шматкватэрных жылых дамоў» уваходзіць у дзеянне з 7 снежня. Колькі каштавацьме цеплавая мадэрнізацыя, якія работы яна будзе ўключаць, ці змогуць жыхары самастойна выбіраць фірму.

На гэтыя і іншыя пытанні чытачоў «Вечерній Гродно» адказаў намеснік генеральнага дырэктара ў капрамонце жылфонду і будаўніцтве аб'ектаў упарадкавання УП «Гродзенская гарадская жыллёва-камунальная гаспадарка» Аляксей Бодзіч.

Хто будзе вызначаць, уцяпляць ці не?

Ініцыятарамі цеплавой мадэрнізацыі могуць выступаць самі жыхары (уласнікі, якія валодаюць не менш чым чвэрцю галасоў), выканкам, упаўнаважаная асоба ў кіраванні агульнай маёмасцю супольнага домаўладання або ўправа таварыства ўласнікаў, арганізацыі забудоўнікаў. У кожным выпадку канчатковая пастанова застаецца за жыхарамі дома. Пытанне будзе лічыцца разгледжаным станоўча, калі на агульным сходзе прагаласуюць "за" не менш за 75%.

За чый кошт уцяпленне?

Мяркуецца, што ўласнікі жылых памяшканняў будуць кампенсаваць не менш за палову выдаткаў, а ўладальнікі нежылых (напрыклад, у доме на першым паверсе працуе аптэка або крама) - усю суму цалкам. Астатняе сплаціць дзяржава за кошт сродкаў бюджэту, а таксама пазыковых сродкаў банкаў.

Ці магчымая растэрміноўка?

Суму вызначаць прапарцыйна дзелi кожнага ўласніка ў агульнай плошчы належных яму жылых і/або нежылых памяшканняў і падзеляць на роўныя часткі. Уладальнікам жылых кватэр дадуць растэрміноўку на 10 гадоў, нежылых - на 3 гады. Для малазабяспечаных сем'яў на пастанову выканкаму тэрмін могуць павялічыць да 15 гадоў.

Колькі гэта каштавацьме?

Паводле падліках эканамістаў гарадской ЖКГ, капітальны рамонт з цеплавой мадэрнізацыяй сям'і, якая жыве ў двухпакаёвай кватэры плошчай блізу 60 кв.м, каштавацьме блізу 40 рублёў на месяц. Сума будзе ўносіцца ў рахунак як дадатковая камунальная паслуга і застанецца нязменнай на працягу ўсяго тэрміну аплаты. Плаціць трэба будзе не адразу, а пасля заканчэння ўсіх работ для павышэння энэргаэфектыўнасці.

Што, калі нехта адмовіцца?

У гэтым выпадку зробяць як з рамонтам у пад'ездзе. З кожным уласнікам укладуць пагадненне аб рэалізацыі энэргаэфектыўных захадаў. Пры гэтым усё адноа, згодны ён або не. Плаціць таксама будуць усе без вынятку. Прычым калі не ўносіць плату на часе, сума будзе павялічвацца на 0,3% за кожны пратэрмінаваны дзень.

Ці будзе ўлічвацца плата пры налічэнні субсідыі?

Так. Галоўнае, мае выконвацца ўмова - аплата ЖКП мае быць вышэйшай за 20% агульнага даходу сям'і, калі яна жыве ў горадзе, або 15% - калі ў сельскай мясцовасці.

Калі прадаў кватэру іншаму ўласніку?

Тады астатнюю суму давядзецца сплаціць датэрмінова старому ўладальніку альбо плаціць будзе новы, пры ўмове, што ён згодны.

Жыхары самі вызначаць аб'ём работ?

Не. Вызначаны адзіны для ўсіх дамоў пералік энэргаэфектыўных захадаў. Туды ўваходзяць уладкаванне аўтаматызаванага індывідуальнага цеплавога пункта, рэгулятараў на батарэі ў кватэрах, замена ўваходных дзвярэй у пад'езды на дзверы з аўтаматычным даводнікам і вокнаў на лесвічных пляцоўках, уцяпленне вонкавых сцен і перакрыццяў на гарышчы, у склепе, усталяванне размеркавальнікаў цеплавой энэргіі на ацяпляльныя прылады з дыстанцыйнай перадачай паказанняў.

Дарэчы, у Гародні пачатак ужо пакладзены: сёння ўсе дамы, дзе гэта магчыма тэхнічна, абсталяваныя групавымі прыладамі ўліку цяпла і цеплавымі рэгулятарамі.

Ці змогуць жыхары выбіраць фірму?

Наняць сваю фірму жыхары не змогуць. Арганізацыю будзе вызначаць Менск праз тэндэр. Удзельнічаць у таргах змогуць і дзяржаўныя, і прыватныя арганізацыі з кожнага рэгіёну краіны.

Ці мецьмуць жыхары гарантыі?

Паводле закону, на праведзеныя ў доме работы энэргаэфектыўнасці, як і на капітальны рамонт, будзе дзейнічаць гарантыя тэрмінам на пяць гадоў.

Якія дамы будуць уцяпляць паводле новых правілаў?

Навацыя датычыцца ўсіх дамоў, дзе будзе праводзіцца капітальны рамонт з цеплавой мадэрнізацыяй. І ўсё адно, ці былі ён уключаны ў тытульны спіс раней.

Для чаго гэта трэба?

Каб паменшыць спажыванне цяпла ў доме, больш эфектыўна і рацыянальна выкарыстоўваць цеплавую энергію ў шматпавярховіках. Сёння ўсе шматкватэрныя дамы ў Гародні трэба дадаткова ўцяпляць. Ёсць сярод іх найбольш праблемныя, напрыклад на вуліцы Белых Росах ды іншых, дзе цеплавую мадэрнізацыю трэба праводзіць найперш.

Паводле разлікаў спецыялістаў, калі цалкам уцяпліць дом, то цеплавое спажыванне яго знізіцца на 40%. А гэта значыць, што жыхары змогуць менш плаціць за ацяпленне.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках