28 сакавiка 2024, Чацвер, 16:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сочынскі аблом

8
Сочынскі аблом
ФОТА: «Радыё Свабода»

А ў Менску спальвалі партрэты Пуціна.

Паводле вынікаў перамоваў 7 снежня ў Сочы, у рэзідэнцыі «Бачароў Ручай», кіраўнікі Беларусі і Расеі не сталі рабіць заяваў. І гэта можа быць ускосным сведчаннем таго, што хваліцца няма чым, піша ў артыкуле на сайце naviny.by палітолаг Аляксандр Класкоўскі.

Больш-менш добрую міну паспрабаваў зрабіць постфактум кіраўнік Мінэканамразвіцця РФ Максім Арэшкін, які паведаміў журналістам, што Расея і Беларусь маюць разуменне, як прасоўвацца ў спрэчных пытаннях.

«Сёння быў напружаны дзень. На самай справе вельмі плённа папрацавалі ў цэлым шэрагу кірункаў. У сельскай гаспадарцы, сувязі, мытні, рэгуляванні нафтавага рынку. Дасягнулі вельмі сур'ёзнага прагрэсу, нават у пытанні нафты і газу пазіцыі былі вельмі сур'ёзна збліжаныя», – запэўніў Арэшкін.

У пачатку ж перамоваў у «Бачаровым Ручаі» Лукашэнка падкрэсліў: «Мы не просім, як некаторыя кажуць, танны газ, танную нафту... Галоўнае, каб роўныя былі ўмовы».

Але роўныя ўмовы – гэта і значыць зрабіць таннейшымі энэргарэсурсы для беларусаў. Напрыклад, у 2019 годзе Беларусь атрымлівае газ за 127 даляраў за тысячу кубоў, а Менск хацеў бы паводле кошту Смаленскай вобласці, то-бок недзе за 70 даляраў (плюс кошт далейшага транспартавання). Або ўзяць падатковы манеўр у расейскай нафтанцы: расейскія НПЗ атрымліваюць кампенсацыю (зваротны акцыз на нафту), беларускія ж – дзірку ад абаранка і апынаюцца ў стратах. Кошт пытання для Беларусі – сотні мільёнаў даляраў за год.

Гэта значыць, гэтыя роўныя ўмовы, па-першае, накладныя для Масквы. Па-другое, калі даць адразу ўсё, чаго хоча Менск, то як потым прымусіць яго да выканання дарожных картаў?

Масква ўжо абламалася з глыбокай інтэграцыяй у пачатку 2000-х. Бо да саюзнай дамовы 1999 года таксама прыкладалася свайго роду дарожная карта, згодна з якой, сярод іншага, ужо да 2005 года павінна была з'явіцца адзіная валюта. Але гэты і іншыя нязручныя пункты Менск замарудзіў і ў выніку пахаваў.

Праўда, як высветлілася, не назусім. Цяпер Масква дзейнічае хітрэй і, мяркуючы з усяго, мае намер не абсыпаць беларускага партнёра выгодамі, а адломліваць па кавалачку перніка з выкананнем дарожных картаў. Гэта будзе вагаром ціску.

Так што ні газу паводле кошту Смаленскай вобласці, ні поўнай кампенсацыі нафтавых стратаў, ні іншых запытаных саступак у поўным аб'ёме Менску, хутчэй за ўсё, пакуль не відаць. Прадоўжыцца глейкае гандляванне за кожную капейку расейскіх субсідый (якія беларускі бок, зрэшты, субсідыямі не ўважае).

А ў Менску спальвалі партрэты расейскага прэзідэнта

Так, у пачатку сочынскай сустрэчы ў зале ненадоўга згасла святло, і гэта можна ўважаць нейкім сімвалам. Ужо амаль год перамовы датычна «паглыблення інтэграцыі» пакрытыя цемрай таямніцы. Спробы беларускай грамадскасці, апазіцыйных дэпутатаў дамагчыся ад уладаў нейкай яснасці адфутбольваюцца.

Калі Лукашэнка 7 снежня пачынаў перамовы з Пуціным (якому на развітанне падарыў каўбасу, сала і загадкавую бутлю), у Менску ўдзельнікі акцыі пратэсту рвалі партрэты расейскага прэзідэнта. Шэсце па горадзе ўперамешку з мітынгамі доўжылася пяць гадзінаў.

Рызыкі будуць узрастаць

...У «Бачаровым Ручаі» святло хутка ўключылі, а вось перспектывы «паглыбленай інтэграцыі» па-ранейшаму ў змроку.

У прынцыпе Лукашэнку патрэбны нейкі хоць часовы кампраміс, каб правесці прэзідэнцкія выбары 2020 года. Але вельмі сумнеўна, што на іх састарэлы кіраўнік, апошнія гады кіравання якога нагадваюць брэжнеўскі застой, пойдзе з нейкай наватарскай праграмай.

Без рэформы ж эканамічнай і палітычнай мадэлі рызыкі для Беларусі, у тым ліку рызыка паглынання вялікай суседкай, будуць толькі ўзрастаць.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках