24 красавiка 2024, Серада, 2:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Нямецкая хваля»: Беларусы пратэстуюць супраць інтэграцыі з Расеяй

2
«Нямецкая хваля»: Беларусы пратэстуюць супраць інтэграцыі з Расеяй

Адно з асноўных нямецкіх інфармацыйных выданняў напісала пра акцыю за незалежнасць у Менску.

У той час як Лукашэнка вылецеў у Сочы, каб падпісаць дакументы пра паглыбленне інтэграцыі ў рамках «саюзнай дзяржавы», беларусы ў Менску ў суботу, 7 снежня, выйшлі на акцыі пратэсту. Спачатку некалькі сотняў людзей выстраіліся ў ланцуг уздоўж галоўнага праспекта ў Менску, а потым прайшоў мітынг у падтрымку незалежнасці краіны. Нямецкая хваля апавядае, навошта беларусы выйшлі на вуліцы.

Жывы ланцуг за незалежнасць

Нагодай для акцыі пратэсту сталі перамовы расейскага і беларускага кіраўнікоў пра паглыбленне інтэграцыі ў рамках «саюзнай дзяржавы».

Беларуская апазіцыя ўважае інтэграцыю з Расеяй пагрозай нацыянальнаму суверэнітэту і незалежнасці краіны. Таму актывісты з грамадскай кампаніі супраць інтэграцыі з Расеяй «Свежы вецер» заклікаюць беларусаў выстраіцца ў «Жывы ланцуг за незалежнасць» уздоўж менскага праспекта Незалежнасці. Цягам 15 хвілінаў людзі трымаліся за рукі і «запускалі хвалю» ў адказ на сігналы машынаў, што праязджалі міма.

ФОТА: DW

Арганізатар акцыі Андрэй Ягораў у каментары DW апавёў, што «жывы ланцуг» – гэта сімвалічная акцыя ў падтрымку незалежнасці Беларусі. «Ад людзей дагэтуль хаваюць усе дамоўленасці паміж Масквой і Менскам, якія могуць закранаць суверэнітэт Беларусі, – мяркуе Ягораў. – Але для нас важная незалежнасць нашай краіны, таму мы хацелі салідарна выказаць нашу пазіцыю – ніякія дамоўленасці без уліку меркавання грамадзянаў непрымальныя».

Арганізатары натхняліся аналагічнай акцыяй «Балтыйскі шлях» – 23 жніўня 1989 года «жывы ланцуг» злучыў Вільню, Рыгу і Талін. Тады на акцыю за незалежнасць выйшла чвэрць насельніцтва краінаў Балтыі – шмат у чым менавіта гэта прымусіла Крэмль устрымацца ад гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да балтыйскіх рэспублік.

ФОТА: DW

З бойкамі, але без затрыманняў

Пратэст прадоўжыўся мітынгам за незалежнасць на Кастрычніцкай плошчы, выйсці на які заклікаў сустаршыня партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павал Севярынец. Палітык у мегафон пытаўся ў тых, хто сабраўся: «Вы хочаце паглыбленай інтэграцыі? Каб тут кіраваў Пуцін? Лукашэнка?» У адказ раздаваліся зладныя крыкі «Не!».

Многія з удзельнікаў акцыі былі з гістарычнымі беларускімі бел-чырвона-белымі сцягамі і плакатамі: «Ніякай інтэграцыі!», «Хопіць скакаць пад маскоўскі біт», «Не расейскай акупацыі». Перыядычна людзі выкрыквалі лозунгі «Жыве Беларусь!», «Расейскай акупацыі баста», «Сашу ў Рашу».

Калі выступоўцы – апазіцыйныя палітыкі паспрабавалі выкарыстоўваць як трыбуну прыступкі Палаца Рэспублікі, людзі ў цывільным пачалі штурхаць іх адтуль. Сітуацыя дайшла да бойкі, аднак затрыманняў не было. Дэманстранты адрэагавалі на сітуацыю воклічамі «Ганьба».

ФОТА: DW

У мітынгу ўдзельнічалі апазіцыйныя палітыкі і грамадскія дзеячы. Яны заклікаюць усіх, хто сабраўся, «адстойваць незалежнасць, пакуль у Сочы яе прадаюць». Перад прысутнымі выступіў беларускі паэт і былы кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў. «Нашай краінай нельга гандляваць. Можна падпісваць міжнародныя дамовы, ствараць саюзы, што заўгодна – але толькі з ведама беларускага народа», – заявіў ён.

Пазней Павал Севярынец заклікаў людзей прайсці да плошчы Незалежнасці. Калона людзей ішла ўздоўж праспекта з велізарным бел-чырвона-белым сцягам і спявала песню «Пагоня» на словы класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча, якую апазіцыя ўважае неафіцыйным гімнам.

Затрыманняў на абедзвюх акцыях пратэсту не было.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках