Прадпрымальнік на Плошчы: Мы гатовыя стаяць за незалежнасць дні і месяцы
1- 8.12.2019, 12:28
- 34,397
У беларусаў шмат магчымасцяў змяніць сітуацыю.
Сёння ў Менску другі дзень запар праходзяць акцыі пратэсту супраць так званай «інтэграцыі» Беларусі і Расеі.
Малады прадпрымальнік апавёў, чаму ён выходзіць на Плошчу другі дзень запар:
«Я Аляксей, ІП, я прыйшоў, каб падтрымаць незалежнасць Беларусі. Яна павінна быць непарушнай і непахіснай, гэта адзіная магчымасць для нас стаць дэмакратычнай еўрапейскай краінай.
Мы маем сёння ў Беларусі аўтарытарны рэжым, як і ў Расеі. Але ў беларусаў больш магчымасцяў змяніць сітуацыю. Мы не хочам патрапіць у расейскае “балота”. Я пражыў сам 7 гадоў у Маскве і ведаю, што мы розныя людзі з расейцамі, у нас ёсць культурны кантраст. Я прыйшоў дзеля таго, каб мы засталіся Беларуссю, мы павінны самі выбіраць сваю ўладу і ў ідэале далучыцца да Еўрапейскага звязу.
Патрэбныя дзясяткі тысячаў людзей, каб паказаць, што ўсё гэта для нас важна. Я ведаю, што на самай справе так мяркуюць сотні тысячаў – але трэба, каб яны выйшлі на вуліцы. Думаю, што нашы пратэсты паўплывалі на тое, што ў Сочы нічога не падпісалі ўчора.
І я гатовы выходзіць зноў і зноў. Мы гатовыя стаяць днямі, месяцамі – нам важна цяпер абараніць сваю незалежнасць».