25 красавiка 2024, Чацвер, 16:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Брэсцкая крэпасць таксама можа «аддаць» пакараных смерцю паўстанцаў Каліноўскага

1
Брэсцкая крэпасць таксама можа «аддаць» пакараных смерцю паўстанцаў Каліноўскага

Якія яшчэ месцы ў горадзе маюць сувязь з паўстаннем і асобай героя?

У Брэсцкай крэпасці былі пакараныя смерцю 5 удзельнікаў паўстання 1863 г. Якія яшчэ месцы ў горадзе маюць сувязь з паўстаннем і асобай Каліноўскага?

Пра гэта, а таксама пра тое, як перад паўстаннем з крэпасці таемна знікала зброя, дзе ўпершыню знайшлі «Мужыцкую праўду», і чаму для нас важныя руіны бернардынскага кляштара, расказаў b-g.by краязнавец Ігар Бараноўскі.

Касцёл на плошчы Леніна

Брэст «забурліў» значна раней за пачатак паўстання ў Літве, якім лічыцца дата 1 лютага 1863 года. Ужо пасля крывавага разгону маніфестацыі 27 лютага 1861 года ў Варшаве берасцейцы аднымі з першых на тэрыторыі сучаснай Беларусі падтрымалі ўзбунтаваную антырасійскім духам Варшаву. А пазней і Вільню. У Брэсце адбываліся хваляванні сярод мясцовай шляхты, мясцовых католікаў, і сярод першых важных для паўстання месцаў варта адзначыць касцёл Узвышэння Святога Крыжа, пабудаваны ў 1856 годзе, незадоўга да паўстання, замест шматлікіх храмаў і кляштараў у Старым горадзе, дзе паўстала расейская крэпасць. У гэтым храме пасля набажэнстваў спяваліся рэлігійна-патрыятычныя песні, забароненыя ўладамі. А на самыя набажэнствы людзі прыходзілі са знакамі жалобы, жанчыны – у чорных строях, і гэта таксама пераследавалася ўладамі. Удзельнікі набажэнстваў яшчэ доўга не разыходзіліся, абмяркоўвалі падзеі ў Варшаве, дзе былі забітыя першыя паўстанцы.

Фота: tamdaleko.ru

Менавіта каля берасцейскага касцёла ў канцы 1862 года ўпершыню ў Брэсце быў знойдзены адзін з нумароў «Мужыцкай праўды» – першай беларускай газеты, якую нелегальна выдаваў Кастусь Каліноўскі са сваімі паплечнікамі Валерыем Урублеўскім і Феліксам Ражанскім. Пра гэта даносіў у сваім рапарце вайсковы начальнік Брэста падпалкоўнік Вімберг.

Розныя нумары «Мужыцкай праўды» знаходзілі шмат дзе ў Берасцейскім павеце, і цалкам верагодна, што сам Канстанцін Каліноўскі мог мець дачыненне да яе распаўсюду. Вядома, што ён не раз бываў пад Брэстам, у маёнтку Відамля (сённяшні Камянецкі раён), дзе жыў ягоны дзядзька Юры Каліноўскі, а таксама стрыечны брат Ян Каліноўскі, што быў доктарам і пазней таксама далучыўся да ўдзелу ў паўстанні ў складзе Берасцейскага атраду.

Карчма купца Глухоўскага (месцазнаходжанне дакладна невядомае)

Фота: domofoto.ru

Калі паўстанне ўжо ішло, у велікодны час на пачатку красавіка 1863 года Кастусь Каліноўскі пад псеўданімам Чарноцкі наведаў Брэст. Тут ён сустрэўся з Апалінарам Гафмейстарам – аўтарытэтным дзеячам, былым палітычным ссыльным, які быў вядомы сваім прагрэсіўным і патрыятычным духам, асветніцтвам сярод сялян. Каліноўскі прапанаваў яму стаць адным з кіраўнікоў паўстанцкай арганізацыі ў Берасцейскім ваяводстве – грамадзянскім начальнікам паўднёвай часткі Гарадзенскай губерніі, фактычна Берасцейскага, Кобрынскага і Пружанскага паветаў. Сустрэча адбылася ў карчме купца Глухоўскага, куды Гафмейстар любіў заходзіць, каб пачытаць свежыя газеты, абмяняцца думкамі з мясцовай грамадскасцю. Улічваючы гэта, можна зрабіць выснову, што карчма, верагодна, знаходзілася ў цэнтры горада.

Гафмейстар не адказаў адразу, і Каліноўскі пазней з’явіўся да яго на кватэру. Вядома, што на той момант Гафмейстар, які меў маёнтак у Шастакове (сёння – Камянецкі раён), з пачаткам паўстання ўжо з месяц жыў у Брэсце. Але дзе менавіта знаходзілася ягоная кватэра – таксама невядома.

«Трэба было б гісторыкам, краязнаўцам і архітэктарам яе адшукаць, суадносячы з планамі ўжо новага Берасця, якое паўстала замест старога Берасця, чыё месца заняла крэпасць, – кажа Ігар Бараноўскі. – Мы можам пакуль толькі здагадвацца, дзе былі тыя знакавыя мясціны ў цэнтры Берасця. Магчыма, на Шашэйнай каля гандлёвых радоў, магчыма дзесьці на тагачасных вуліцах Мядовай (цяперашняя Карла Маркса), дзе жыло шмат купцоў, ці Мільённай (Савецкай)».

Казематы Брэсцкай крэпасці. Брыгіцкі і бернардынскія кляштары

Цікава, што Брэсцкая крэпасць вельмі цесна звязаная з паўстаннем. Пяцера паўстанцаў былі пакараныя смерцю на яе тэрыторыі. Не выключана, што тут калісьці, як і Вільні, адкрыецца месца пахаванняў. Але нават і без гэтага ў крэпасці варта б паставіць памятныя знакі ў гонар паўстанцаў.

Фота: tr.topwar.ru

У першую чаргу крэпасць звязаная з асобай Юзафа Каліноўскага. Гэта зусім не сваяк Кастуся Каліноўскага, але вядомы ўдзельнік паўстання, які кіраваў вайсковымі справамі ў Вільні. Пазней, пазбегшы смяротнага прысуду і адбыўшы ссылку ў Сібіры, ён стаў манахам-кармелітам пад імем Рафал і вядомы цяпер як святы каталіцкай царквы. З восені 1860 да мая 1863 года Юзаф Каліноўскі служыў у Брэсцкай крэпасці вайсковым інжынерам і быў адным з яе будаўнікоў. Ён пабудаваў адзін з парахавых склепаў, пакуль яшчэ невядома, на Кобрынскім ці на Цярэспальскім умацаванні.

Кляштар брыгітак на тэрыторыі крэпасці быў ператвораны ў перасыльную турму. У ёй сядзелі многія паўстанцы, якіх, паводле царскай статыстыкі, з восені 1863 года ў крэпасці ўвесь час было каля сотні. Не толькі былы кляштар, але і шэраг казематаў фартэцыі былі запоўненыя паўстанцамі.

Сярод тых, хто сядзеў у Брыгіцкай турме, быў вядомы ўдзельнік паўстання Раман Рагінскі, кіраўнік атрада, які прайшоў з-пад Белавежскай пушчы, ад Высокага (самы заходні горад Беларусі, цяпер Камянецкі раён) праз усё Заходняе Палессе аж да Турава паўстанцкім рэйдам каля 750 кіламетраў. Атрад на сваім шляху захапіў Шарашоў і Пружаны, але ўрэшце быў цалкам разбіты пад Боркамі (цяпер Ганцавіцкі раён). Царскі генерал Іван Носціц, які пераследаваў атрад Рагінскага, адзначаў харобрасць, мужнасць і вайсковы талент кіраўніка атрада і пазней нават уратаваў яго ад смерці.

Ад’ютант Рагінскага Багуслаў Паўловіч таксама трапіў у палон пасля паразы пад Боркамі і быў расстраляны ў крэпасці. Гэты малады чалавек скончыў у свой час Берасцейскі кадэцкі корпус, які змяшчаўся ў перабудаваным будынку былога бернардынскага кляштару. І хоць кадэты яшчэ задоўга да паўстання былі пераведзеныя з Брэста ў Маскву, а пасля ў Вільню, кадэцкі корпус у былым бернардынскім кляштары, ад якога засталіся сёння толькі руіны, таксама можна лічыць адным з памятных месцаў, звязаным з паўстаннем, дзе гартаваўся дух яго будучых актыўных удзельнікаў.

Фота: twitter.com

Як з крэпасці таемна знікала зброя

Паўстанне ў Брэсце падтрымалі не толькі такія маладыя вайскоўцы расейскай арміі, як Багуслаў Паўловіч ці шараговец Станіслаў Адамовіч, які таксама быў пакараны смерцю ў Брэсцкай крэпасці, але таксама студэнты, мясцовая шляхта, берасцейскія чыноўнікі, дактары, аптэкары, судовыя работнікі. Напрыклад, восенню 1863 года ў берасцейскіх турмах знаходзіліся аптэкар разам з сынам, два адстаўныя афіцэры, трое леснікоў, доктар Міхаіл Бурмінскі, а таксама гарадскія чыноўнікі: Франц Бартноўскі, сакратар берасцейскага магістрата, які трапіў у палон з атраду Казіміра Нарбута – аднаго з берасцейскіх паўстанцкіх атрадаў; Кіпрыян Бучынскі, засядацель берасцейскага павятовага суда; Ісакевіч, чыноўнік пружанскага павятовага суда. З розных берасцейскіх устаноў пасля паўстання было звольнена 33 чыноўнікі як палітычна нядобранадзейныя. Сярод тых, хто падазраваўся ва ўдзеле ці ў спачуванні паўстанню, аказаліся нават паліцэйскія прыставы.

Сярод арыштаваных прадстаўнікоў гарадскога насельніцтва былі таксама і габрэі: купцы, рамеснікі, рабочыя. Яны дапамагалі дастаўляць паўстанцам зброю. Вядома, што яшчэ да пачатку паўстання з крэпасці дзякуючы габрэям таемна знікала зброя. Пра гэта пазней сведчыў сам Раман Рагінскі. Царскія ўлады так і не выявілі, якім чынам гэтая зброя з крэпасці знікала.

У турмы Брэсцкай крэпасці трапілі і жанчыны, патрыятычна настроеныя шляхцянкі, якія агітавалі за паўстанне, збіралі грошы для яго. Быў таксама і манах аднаго з каталіцкіх манастыроў з Пружаншчыны, 18-гадовы сын праваслаўнага святара з Берасцейскага павету. Нямала было і сялян. Вядома, што на канец 1864 года з Берасцейскага павету было выслана каля сотні сялян разам з сем’ямі ў далёкія рэгіёны Расіі. Большасць з іх была адпраўлена пад нагляд губернатара ў Калужскую і Тульскую губерніі.

Асабнякі Ягмінаў на вуліцы Міцкевіча

Сярод берасцейскай шляхты, звязанай з паўстаннем, варта адзначыць вельмі заможны род Ягмінаў. Павел Ягмін быў, можна сказаць, адным з галоўных фінансістаў паўстання. Яго «укладанні», канешне, прагарэлі. Пасля паўстання ён згубіў свае маёнткі ў Берасцейскім і Пружанскім паветах. Сёння ў Берасці захаваліся два дамы Ягмінаў на вуліцы цяперашняй Міцкевіча, вядомыя асабнякі: у адным з іх знаходзіцца псіханеўралагічны дыспансер, у другім – Упраўленне па барацьбе з эканамічнай злачыннасцю. У дамах Ягмінаў у Брэсце збіралася патрыятычная шляхта і абмяркоўвала падзеі, збірала грошы.

Адзіная магіла паўстанцаў у Брэсце

Да гэтага спіса памятных мясцінаў можна дадаць пахаванне на каталіцкіх могілках на вул. Пушкінскай, знойдзенае краязнаўцам Іванам Чайчыцам. На крыжы па-польску напісаныя імёны Ірэны і Францішка Карнелюкоў і іх дзяцей Яна і Юзэфы, паўстанцаў 1863 года. Кім яны былі, пакуль невядома. Можна сказаць, што гэта адзіны афіцыйны памятны знак у гонар паўстанцаў у Брэсце.

Ігар Бараноўскі адзначае, што гэта толькі пачатак працы па вывучэнні гісторыі паўстання ў Брэсце. Вядома зусім няшмат. Многае яшчэ належыць удакладніць і адшукаць.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках