18 красавiка 2024, Чацвер, 3:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эстонскія школы прызнаныя найлепшымі ў Еўропе

11
Эстонскія школы прызнаныя найлепшымі ў Еўропе
ФОТА: AFP

У чым сакрэт поспеху?

У апублікаваным надоечы рэйтынгу якасці школьнай адукацыі Эстонія заняла першае месца ў Еўропе і пятае - у свеце, следам за кітайскімі гарадамі, пакінуўшы далёка ззаду Расею, Латвію ды іншых спадчынніц савецкай школьнай сістэмы, паведамляе ВВС. Як гэта здалела Эстонія і яе школьнікі?

У новым рэйтынгу PISA (Міжнародная праграма ацэнкі якасці навучання школьнікаў) эстонскія школьнікі занялі першыя месцы ў Еўропе ва ўсіх трох катэгорыях: чытанне, матэматыка і натуральныя навукі.

PISA праводзіць свае даследаванні раз на тры гады з пачатку гэтага стагоддзя, і першае месца ў Еўропе Эстонія займала і ў 2015 годзе, у выніку папярэдняга даследавання.

Падчас гэтых даследаванняў сотні тысяч 15-гадовых школьнікаў з дзясяткаў краін праходзяць разгорнутыя тэсты на пісьменнасць і ўменне ўжываць веды на практыцы.

У Эстоніі сур'ёзная перабудова савецкай адукацыйнай сістэмы пачалася ўжо ў першыя постсавецкія гады. Напрыклад, сістэма, падобная да расейскай ЕГЭ - адзіныя выпускныя экзамены-тэсты і паступленне ў ВНУ на падставе набраных на іх балаў - была ўведзеная ў Эстоніі ўжо ў 90-я.

Цяпер, праз 28 гадоў пасля раскідання СССР, эстонская школа ўжо вельмі далёка адышла ад савецкай мадэлі.

"Нашы настаўнікі карыстаюцца шырокай прафесійнай самастойнасцю ў тым, як вучыць дзяцей", - пачынае пералічваць складнікі поспеху дэпутатка парламента Эстоніі Лійна Керсна, якая займаецца пытаннямі адукацыі.

"У Эстоніі шырока распаўсюджаныя сучасныя метады навучання, - кажа далей дэпутатка, - у тым ліку праблемнае навучанне, праектнае навучанне, лічбавае навучанне, навучанне жыццёвым уменням. Мэта - злучыць розныя дысцыпліны, зрабіць навучанне больш практычным, звязаным з рэальным жыццём, каб дзіця разумела існасць рэчаў і заканамернасці".

Праблемнае навучанне - гэта калі замест гатовых ведаў настаўнік прапануе вучням разам паставіць праблему і развязаць яе, каб прыйсці да гэтых ведаў; праектнае навучанне мае на ўвазе, што вучні ў адзіночку або групамі ажыццяўляюць розныя праекты, часта на сутыку розных дысцыплін; лічбавае навучанне ўключае і кампутарную пісьменнасць, і спалучэнне звычайнага навучання з навучаннем у Інтэрнэце; навучанне жыццёвым уменням практыкуецца ў малодшых класах.

На думку Лійны Керсны, найважнейшы складнік поспеху эстонскай школы - гэта высокі ўзровень настаўнікаў.

ФОТА: AFP

Акрамя іншага, набіраць і ўтрымліваць у школе маладых энтузіястаў дапамагае параўнальна нядрэнная заплата: сярэдні заробак школьнага настаўніка ў Эстоніі ў другім квартале 2019 складаў да выліку падаткаў 1513 еўраў, што крыху больш за сярэдні заробак у краіне, а сярэдні заробак выхавальніка ў дзіцячым садзе - 1145 еўраў.

Лійна Керсна мяркуе, што якасці эстонскай школы спрыяе яшчэ і тое, што вельмі многія дзеці актыўна ўдзельнічаюць у тэматычных гуртках.

"Гэта дае дзецям магчымасць развіваць моцныя бакі, кругагляд і цікавасць да спецыфічных дысцыплін. А пералік гурткоў уражвае нават у маленькіх сельскіх школах", - кажа Керсна.

Акрамя таго, дэпутатка адзначае важнасць сістэмы слоўных ацэнак. Паводле ейных слоў, яна падтрымлівае ў дзяцей цікаўнасць і самаацэнку, што вельмі важна для навукі.

Слоўныя ацэнкі - калі настаўнік не ставіць "пяцёрку" або "двойку", а піша або кажа словамі: "вельмі добра" альбо, напрыклад, "вось тут яшчэ трэба папрацаваць" - шырока ўжываюцца ў Эстоніі ў малодшых і сярэдніх класах, у старэйшых жа збольшага ўжо ставяць балы.

Накіраванасць на поспех

Са слоў арганізатаркі даследавання PISA ў Эстоніі Гунды Тырэ, якую цытуе газэта Eesti Paevaleht, эстонскія школьнікі выявіліся і самымі накіраванымі на поспех: яны ўпэўненыя, што людзі самі здольныя развіваць свой інтэлект, і гатовыя ўкладваць ва ўласнае развіццё, каб забяспечыць сабе лепшую будучыню.

Чатыры першыя радкі ў сусветным рэйтынгу занялі кітайскія або пераважна кітайскія гарады. Першымі сталі Пекін, Шанхай, Цзянсу і Чжэцзян (PISA працавала менавіта ў гэтых гарадах, а не ва ўсёй КНР), другое месца заняў Сінгапур, трэцяе - Макаа, чацвёртае - Ганконг.

Іншыя краіны-спадчынніцы савецкай сістэмы адукацыі апынуліся значна ніжэй за Эстонію, хоць і на неблагіх месцах: Латвія - на 30-м (з 79), Расея - на 31-м, Літва - на 34-м, Беларусь - на 36-м, Украіна - на 39-м.

Брытанскія школьнікі занялі 14-е месца.

Расея ў параўнанні з рэйтынгам 2016 года апусцілася на тры пазіцыі, але навуковы кіраўнік Інстытута адукацыі вышэйшай школы эканомікі Ісак Фрумін тлумачыць, што гэта не страшна.

"Там ёсць тры галоўныя індыкатары, і ў двух з іх - матэматыка і натуральныя навукі - мае спецыялісты ацэньваюць змены як статыстычна нязначныя. У чытання спусціліся, але неістотна. Горш тое, што не выраслі, бо дагэтуль з 2000 года Расея амаль увесь час расла - паводле аб'ектыўных вынікаў, а не паводле месца, бо паводле месца лічыць нельга - у рэйтынг увесь час дадаюцца новыя краіны", - сказаў Фрумін.

У Эстоніі школьнікі вучацца і на эстонскай, і на расейскай мове. Вынікі расейскамоўных школьнікаў выявіліся горшымі. У даследаванні ў Эстоніі ўдзельнічаў 5371 школьнік. 4000 з іх прайшлі тэсты на эстонскай мове, 1371 - на расейскай.

У той жа час, як адзначае газэта Eesti Päevaleht, расейскія школьнікі Эстоніі таксама паказалі вельмі неблагія вынікі: калі б яны выступалі асобна, то занялі б прыкладна 22-23-е месца ў свеце.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках