24 красавiка 2024, Серада, 8:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Новая газета»: «Слава нацыі, не інтэграцыі!»

23
«Новая газета»: «Слава нацыі, не інтэграцыі!»

Нядзеля - выдатны дзень для шпацыраў па Менску.

У суботу, 7 снежня, падчас сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі, не адбылося нічога новага і непрадказальнага, піша уласная карэспандэтка «Новай газеты» ў Беларусі Ірына Халіп.

Перамовы працягваліся пяць гадзін і не скончыліся нічым. Зрэшты, адзіная нечаканасць - гэта адсутнасць нават звычайных для такіх сустрэч супольных заяў пасля перамоў з клятвамі ў дружбе і абяцаннямі вечнага хаўрусніцтва. Пасля пяцігадзінных перамоў Лукашэнка сеў у самалёт і паляцеў у Менск. Ніякіх выхадаў да прэсы, ніякіх поціскаў рукі і пацалункаў у дыяфрагму.

Падчас пратакольнага здымку перад пачаткам перамоў Лукашэнкі быў значна больш гаваркі і нават красамоўны: «За гэтыя 20 гадоў зроблена нямала. Гэта вядома. Нямала трэба будзе зрабіць. Мы гэта не ўтойваем. Вы заўважылі, што нашы ўрады сур'ёзна аналізавалі дамову, глядзелі, што можна зрабіць, што мы сёння не можам рабіць, каб лішнюю працу не выконваць. І мы з вамі да гэтага пытання звярталіся не аднойчы і карэктавалі дзеянні нашых груп у аналізе і выпрацоўцы некаторых планаў далейшай інтэграцыі».

Сказаў шмат - і нічога выразнага.

Потым, праўда, досыць выразна сфармуляваў парадак дня. Заявіў, што адзіная просьба, з якой ён прыехаў, - гэта роўныя ўмовы для суб'ектаў гаспадарання ў Беларусі і Расеі: "Не просім нічога, не намагаем ні на чым. Мы дамовіліся даўно, развіваючы нашую дамову: людзі і суб'екты гаспадарання павінны мець роўныя ўмовы для жыцця і працы. Роўныя ўмовы - больш нічога не трэба. Мы не просім, як, некаторыя кажуць, танны газ, танную нафту. Мы гатовыя і па 200 даляраў газ купляць, і нафту купляць не па 63 даляры за барэль. Галоўнае, каб роўныя былі ўмовы. Калі нашы прадпрыемствы купляюць за 200, значыць, і канкурэнтныя прадпрыемствы павінны мець такі ж кошт. У адваротным выпадку мы проста не створым аснову нашых стасункаў. Вы як навуковец, кандыдат эканамічных навук разумееце гэта не горш за мяне. Вось адзіная праблема, над якой у прынцыпе працуюць нашы ўрады. Мы сабраліся для таго, каб развязаць гэтыя пытанні».

ФОТА: ТАСС

Але пытанні развязаныя не былі. Пяць гадзін перамоў не прынеслі нічога, акрамя абмену падарункамі. Пуцін падараваў Лукашэнку самавар, а Лукашэнка Пуціну - прадуктовы набор з цукеркамі, сырам і салам. І разышліся, наўрад ці задаволеныя адзін адным, мяркуючы з афіцыйнага маўчання. Дамовіліся, зрэшты, сустрэцца 20 снежня ў Санкт-Пецярбургу. Але гэта не новая сустрэча для працягу перамоў, а даўно запланаваная ў рамках саміту ЕАЭС.

Адзінай афіцыйнай асобай, якая пракаментавала вынікі перамоў, стаў кіраўнік Мінэканамразвіцця Расеі Максім Арэшкін: «Сёння быў напружаны дзень. Сапраўды вельмі плённа папрацавалі ў цэлым шэрагу кірункаў. У сельскай гаспадарцы, сувязі, у мытні, рэгуляванні нафтавага рынку. Дасягнулі вельмі сур'ёзнага прагрэсу, нават у пытанні нафты і газу пазіцыі былі вельмі сур'ёзна збліжаныя».

Магчыма, блізкасць дайшла да такой ступені, што нават супольны выхад да прэсы з заявай пасля перамоў быў лішнім.

«Мы настолькі блізкія, што слоў не трэба».

8 снежня Пуцін і Лукашэнка адправілі адзін аднаму віншаванні з дваццацігоддзем падпісання саюзнай дамовы. А ў Менску пачалася новая акцыя за незалежнасць Беларусі. Нядзеля - выдатны дзень для шпацыраў па горадзе. Блізу дзвюх тысяч дэманстрантаў сабраліся на Кастрычніцкай плошчы са сцягамі і плакатамі і накіраваліся спачатку на плошчу Перамогі, а затым - да расейскай амбасады, скандуючы «Слава нацыі, не інтэграцыі!» і «Жыве Беларусь!». Адзін з арганізатараў акцыі Павел Севярынец назваў 8 снежня «пазітыўным днём пратэсту». Таму што для Лукашэнкі і Пуціна 8 снежня - гэта дзень падпісання саюзнай дамовы. А для людзей гэта дзень падпісання Белавежскіх пагадненняў, якія канчаткова знішчылі Савецкі Саюз і падарылі нам усім незалежнасць.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках