24 красавiка 2024, Серада, 8:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сямашка распавёў, пра што дамовіліся Лукашэнка і Пуцін

71
Сямашка распавёў, пра што дамовіліся Лукашэнка і Пуцін
УЛАДЗІМІР СЯМАШКА
ФОТА: DELFI

Пасол Беларусі ў РФ пракаментаваў вынікі перамоў у Сочы.

Перамовы паміж дэлегацыямі Беларусі і Расеі 7 снежня ў Сочы прайшлі з абмеркаваннем шэрагу праблемных пытанняў. Пра гэта ў каментары для дзяржаўных СМІ заявіў пасол Беларусі ў Расеі Уладзімір Сямашка, паведамляюць naviny.by.

Ён пракаментаваў вынікі перамоў аб найбольш праблемных пазіцыях.

Так, паводле слоў Сямашкі, абмяркоўвалася пытанне кампенсацыі выдаткаў ад падатковага манеўру.

«Пакуль мы не дамовімся аб уніфікацыі падатковага заканадаўства, складана будзе развязаць тое пытанне. Таму там тэрміны крыху ссунутыя», - сказаў Сямашка ў эфіры тэлеканала АНТ.

Паводле слоў амбасадара, пытанне кампенсацыі выдаткаў ад падатковага манеўру павінна быць разгледжанае з 1 студзеня 2022 года. «А як жыць два гады – 2020-ы і 2021-ы? Таму Лукашэнка і Пуцін паставілі задачу задаць кірунак па гэтых праблемных пытаннях, каб урад, ужо канкрэтныя міністры адпрацавалі гэтыя задачы на працягу двух тыдняў, пажадана да 20 снежня», - сказаў беларускі амбасадар.

Што да пытанняў паставак нафты, то «знайшлі такую досыць адчувальную развязку, кампенсацыю, няхай не ў поўным аб'ёме - гэта перагледзець формулы коштааўтварэння на нафту, якія сёння існуюць паміж нашымі НПЗ і расейскімі нафтавымі кампаніямі».

Наконт пытання кошту газу ў 2020 годзе «стораны абмяняліся пазіцыямі, шмат у чым яны не супадалі». На наступным тыдні гэтае пытанне будзе зноў абмяркоўвацца на перамовах з «Газпрамам» і Міністэрствам энэргетыкі Расеі.

Што да адзінай сельскагаспадарчай палітыкі, то, адзначыў беларускі пасол, кампрамісны варыянт знойдзены - «яго трэба аформіць нармальна». Даручэнні профільным міністэрствам дадзеныя.

Таксама «на сустрэчы знайшлі складаную развязку і магчымасць для дарожнай карты супрацоўніцтва нашых мытных службаў». «Стаіць задача да 1 чэрвеня 2020 года адпрацаваць усю нарматыўную базу - і беларускую, і расейскую, трэба сказаць, што гэта сотні заканадаўчых актаў», - адзначыў Сямашка.

Нагадаем, што 7 і 8 снежня ў Менску прайшлі масавыя акцыі за незалежнасць Беларусі. Мітынгі і шэсці кожны дзень працягваліся па 5 гадзін і сабралі тысячы чалавек.

Арганізатары акцый заклікалі людзей выйсці 20 снежня, а 18-00 на Кастрычніцкую плошчу Менску, калі будуць праходзіць новыя перамовы паміж Пуціным і Лукашэнкам.

Напісаць каментар 71

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках