24 красавiка 2024, Серада, 3:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

СМІ: Асобная сустрэча Пуціна і Зяленскага пройдзе пасля перамоваў «Нармандскай чацвёркі»

11
СМІ: Асобная сустрэча Пуціна і Зяленскага пройдзе пасля перамоваў «Нармандскай чацвёркі»

Інфармацыю пацвердзілі ў Крамлі.

Асобная двухбаковая сустрэча прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна і прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага запланаваная ў Парыжы ў Елісейскім палацы пасля перамоваў "Нармандскай чацвёркі", паведаміла 9 снежня крыніца ТАСС.

Паводле словаў суразмоўцы, двухбаковая сустрэча Пуціна і Зяленскага пройдзе пасля заканчэння асноўнай часткі нармандскага саміту і пасля супольнай прэс-канферэнцыі чатырох лідараў краінаў нармандскага фармату.

Пры гэтым асобныя сустрэчы Пуціна з прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам і канцлеркай Нямеччыны Ангелай Меркель плануюцца да пачатку паседжання "Нармандскай чацвёркі", адзначыла крыніца ТАСС. Ён дадаў, што на сустрэчу чатырох лідараў адведзена 2,5 гадзіны.

Гэтую інфармацыю пацвердзілі ў Крамлі, паведамляюць расейскія СМІ.

Памочнік прэзідэнта Расеі Юры Ушакоў адзначыў, што даўжыня сустрэчы будзе залежаць ад Зяленскага і Пуціна.

"Сустрэча Пуціна з Зяленскім пройдзе пасля заканчэння саміту ў нармандскім фармаце. Даўжыня перамоваў будзе залежаць ад лідараў Расеі і Украіны", – сказаў ён.

Раней паведамлялася, што нармандскія перамовы будуць доўжыцца блізу трох гадзінаў.

У 2014 годзе, адразу пасля анэксіі Крыма, на ўсходзе Украіны Расея пачала ўзброеную агрэсію. Баявыя дзеянні вядуцца паміж Узброенымі сіламі Украіны з аднаго боку і расейскай арміяй і падтрыманымі Расеяй баевікамі, якія кантралююць частку Данецкай і Луганскай абласцей, з другога. Афіцыйна РФ не прызнае свайго ўварвання ва Украіну, нягледзячы на прад'яўленыя Украінай факты і доказы.

Перамовы пра ўрэгуляванне канфлікту на Данбасе вядуцца ў трохбаковай кантактнай групе ў Менску (Украіна, Расея, АБСЕ), а таксама ў нармандскім фармаце – з удзелам прадстаўнікоў Украіны, Францыі, Нямеччыны і Расеі. Кіраўнікі дзяржаваў нармандскага фармату сустракаліся апошні раз 19 кастрычніка 2016 года ў Берліне.

Зяленскі заяўляў, што мае намер абмеркаваць на саміце тэрміны абмену "ўсіх на ўсіх" і выразныя тэрміны дэакупацыі Данбаса.

9 снежня прэзідэнт Украіны прыбудзе ў Елісейскі палац у 15.55 паводле кіеўскага часу. У 16.05 Зяленскі сустрэнецца з Макронам, у 16.30 – з Меркель, а 17-й адбудзецца сустрэча ўсіх лідараў чатырох краінаў, у 19.45 лідары "Нармандскай чацвёркі" сустрэнуцца з журналістамі.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках