Аповеды пра няёмкія моманты, што робяць людзей больш крэатыўнымі
- 9.12.2019, 13:15
- 5,509
У іх раскрываецца творчы патэнцыял.
Няёмкія сітуацыі і збянтэжанасць раскрываюць творчы патэнцыял, упэўненыя спецыялісты Школы мэнэджмэнту Kellogg. Яны правялі шэраг даследаванняў, каб даказаць гэта, піша часопіс «Нож».
У першым эксперыменце ўдзельнічалі 111 добраахвотнікаў. Даследнікі падзялілі іх на дзве групы: адных папрасілі згадаць выпадак, за які ім сорамна, а іншых – апавесці гісторыю, якая прымушае іх ганарыцца сабой.
Потым удзельнікам раздалі сашчэпкі для паперы і прапанавалі прыдумаць для іх як мага больш крэатыўны спосаб ужывання. Людзі з першай групы згенеравалі на 26% больш ідэй, чым з другой. Акрамя таго, іх прапановы былі значна больш разнастайнымі – ад выкарыстання сашчэпак у якасці завушніцаў да ўпрыгожвання імі кактэйляў.
У другім эксперыменце ўдзельнічалі 93 мэнэджары, якія праходзяць універсітэцкія курсы кіраўнікоў. Іх выпадковым чынам падзялілі на групы з трох чалавек – адны каманды павінны былі апавядаць няёмкія моманты, а іншыя дзяліліся прыемнымі ўспамінамі.
Спачатку ў многіх з тых, хто апавядаў пра ганебныя сітуацыі, узнікала пытанне: хто павінен пачаць першым. Потым усе неўнікнёна пераадольвалі збянтэжанасць і ў выніку групы разам смяяліся, але не з чалавека, а з гісторыі і яе нязначнасці.
Потым усіх удзельнікаў прасілі прыдумаць, як незвычайна выкарыстоўваць кардонную скрынку. Вынік быў такі самы, як у першым эксперыменце – пераказчыкі няёмкіх гісторый справіліся з заданнем лепш на 26%.
«Калі людзі агучваюць няёмкія сітуацыі, яны прыбіраюць бар'ер самацэнзуры, – кажа Лі Томпсан, адна з аўтараў даследавання. – Гэта можа спатрэбіцца кампаніям на практыцы, бо ўсе кіраўнікі чакаюць ад супрацоўнікаў цікавых ідэяў, незалежных меркаванняў і ацэнкі».