25 красавiка 2024, Чацвер, 12:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мэр Вільні: Давайце выкарыстаем агульнае мінулае для перспектывы свабоднай Беларусі

2
Мэр Вільні: Давайце выкарыстаем агульнае мінулае для перспектывы свабоднай Беларусі
ФОТА: «РАДЫЁ СВАБОДА»

Гісторыя ВКЛ нагадвае, што Масква не была гаспаданяй на беларускіх землях.

Найбліжэйшая геаграфічна да Вільні сталіца - Менск - яшчэ больш аддаляецца ад нас. Гэта павінна турбаваць нашу замежную палітыку значна больш, чым цяпер, піша мэр Вільні Рэмігіюс Шымашус у «Фэйсбуку».

Пагаварыўшы пяць гадзін, Пуцін расстаўся з Лукашэнкам, так і не дамовіўшыся. Гэта, хутчэй за ўсё, па меншай меры на некаторы час, добрая вестка. Аднак у нас пад носам, па той бок мяжы Еўразвязу, адбываецца нешта вельмі важнае для нас, для ўсёй Літвы.

Беларусь сёння - гэта іншы свет, які захрас у аўтарытарызме, абмежаваннях, скрыўленай рэальнасці, свет, з якога мы паспяхова вырваліся. Аднак мы не павінны забываць, што з 800 гадоў гісторыі нашай дзяржавы мы з беларусамі толькі на апошнім 50-гадовым этапе існуем асобна. І гэта дасягненне не толькі для нас, бо мы засталіся па іншы бок заслоны, але, на жаль, і для Масквы, якая нашых суседзяў спрабуе канчаткова засмактаць.

Мне не падабаецца, што мы гэтаму не перашкаджаем. Нават калі найбліжэйшым часам нашы намаганні не змогуць выратаваць незалежнасць Беларусі, гэта яшчэ не значыць, што мы павінны забыць пра беларусаў як пра людзей і як пра сваіх патэнцыйных хаўруснікаў у будучыні.

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт, адзіная беларуская школа за межамі Беларусі, знайшлі прытулак у Вільні, сяброўскі прыём суседзяў падчас пахавання герояў паўстання і правільны выбар герба над іх крыптай - добрыя, але недастатковыя крокі. Зрабіць большае было б нялёгка, але сёе-тое магчыма.

Перш за ўсё - гістарычны ідэйны крок - перастаць абурацца, як гэта фактычна робіцца некаторымі нашымі ўстановамі, што частка людзей у Беларусі ўважаюць гісторыю ВКЛ за сваю і імкнуцца падкрэсліць яе.

Таму што гэтая гісторыя ёсць таксама гісторыяй і іх продкаў, якая нагадвае, што не Масква там была гаспадыняй. Больш за тое, яна можа нагадаць нам пра каштоўнасці, якія нашы продкі баранілі плячом да пляча і як гэтыя каштоўнасці застаюцца сёння адпраўным пунктам нашай палітыкі, а не нашага ўсходняга суседа.

Легендарны сімвал - Ілля Мурамец, вядомы ўсім расейцам расейскі ваяр - і той, высвятляецца, быў беларусам з ВКЛ, які змагаўся супраць маскавітаў... Давайце выкарыстаем агульнае мінулае для перспектывы свабоднай у будучыні Беларусі.

Па-другое, практычны чалавечы ўзровень - паездкі людзей з Беларусі ў Літву. Наша поўная параза ў тым, што пакуль мы азіраемся на Захад, усё больш нашых суседзяў адкрываюць для сябе Польшчу, а не нас. І не толькі, а можа нават не столькі праз памеры, колькі з прычыны бюракратычных бар'ераў.

Мы выдатна разумеем, што Расея і Беларусь сёння фактычна ўтвараюць адную палітычную прастору. Простая ілюстрацыя - я ведаў адказ, але, калі я спытаў у беларускага амбасадара, ці прымуць мяне, калі б я калісьці надумаў прыехаць, таму што я ў Расеі - персона нон-грату. Ён не адважыўся адказаць... Але давайце мы зробім так, каб людзі, якія не маюць нічога агульнага з рэжымам, маглі часцей прыязджаць да нас у Літву, маглі лягчэй у ёй абжыцца - хто назаўсёды дзеля будучыні сваіх дзяцей, а хто часова - дзеля будучыні сваёй краіны. Гэта толькі б нас умацавала. Як умацавала б і далікатныя беларускія сувязі з Літвой і Еўропай.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках