16 красавiка 2024, aўторак, 14:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

МЗС Нямеччыны: На нармандскім саміце ў Парыжы абмяркуюць «формулу Штайнмаера»

МЗС Нямеччыны: На нармандскім саміце ў Парыжы абмяркуюць «формулу Штайнмаера»

Гаворка будзе ісці аб замацаванні формулы ў пісьмовым выглядзе.

На нармандскім саміце ў Парыжы 9 снежня абмяркуюць "формулу Штайнмаера", заявіла прадстаўніца міністэрства замежных спраў Нямеччыны Марыя Адэбар, паведамляе gordonua.com са спасылкай на расейскі "Інтэрфакс".

Са слоў Адэбар, "формула Штайнмаера" "будзе часткай перамоў у Парыжы". Яна дадала, што гаворка пойдзе пра тое, ці магчыма ўзгадніць і сфармуляваць гэтую формулу ў пісьмовым выглядзе.

У 2014 годзе, адразу пасля анэксіі Крыма, на ўсходзе Украіны Расея пачала ўзброеную агрэсію. Баявыя дзеянні вядуцца паміж Узброенымі сіламі Украіны з аднаго боку і расейскім войскам і баевікамі, што падтрымліваюцца Расеяй, якія кантралююць частку Данецкай і Луганскай абласцей, з другога. Афіцыйна РФ не прызнае свайго ўварвання ва Украіну, нягледзячы на пададзеныя Украінай факты і довады.

Перамовы аб урэгуляванні канфлікту на Данбасе вядуцца ў трохбаковай кантактнай групе ў Менску (Украіна, Расея, АБСЕ), а таксама ў нармандскім фармаце - з удзелам прадстаўнікоў Украіны, Францыі, Нямеччыны і Расеі. Кіраўнікі дзяржаў нармандскага фармату сустракаліся ў апошні раз 19 кастрычніка 2016 года ў Бэрліне. Новы саміт аб урэгуляванні канфлікту на Данбасе ў нармандскім фармаце пройдзе 9 снежня 2019 года ў Парыжы. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што мае намер абмеркаваць на саміце тэрміны абмену "ўсіх на ўсіх" і выразныя тэрміны дэакупацыі Данбаса. Ён мяркуе, што пытанне спынення вайны на Данбасе трэба развязваць дыпламатычным шляхам.

У пачатку кастрычніка 2019 года трохстаронняя кантактная група ў Менску ўзгадніла тэкст "формулы Штайнмаера". "Мы падпісалі не "формулу Штайнмаера", а ўзгаднілі тэкст "формулы Штайнмаера", бо яна будзе імплементаваная ў закон аб адмысловым статусе толькі пасля таго, як мы зразумеем, што будуць выведзеныя ўсе войскі, будзе раззбраенне незаконных узброеных фармаванняў на часова акупаваных тэрыторыях. то бок, калі будзе бяспека, тады пачнуцца выбары, і тады будзе імплементаваная "формула Штайнмаера", - каментаваў прэзідэнт.

"Формула Штайнмаера" названая на імя прэзідэнта Нямеччыны Франка-Вальтэра Штайнмаера, экс-кіраўніка МЗС ФРГ.

Вярхоўная Рада прыняла закон аб адмысловым парадку мясцовага самакіравання ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей у верасні 2014 года (неабходнасць такога заканадаўства зафіксавана ў Менскіх пагадненнях аб урэгуляванні канфлікту на Данбасе). Парламент ужо некалькі разоў падаўжаў яго дзеянне, апошні - да 31 снежня 2019 года.

У артыкуле 10 гэтага закона паказана, што ўсе яго асноўныя пункты пачнуць дзейнічаць толькі пасля правядзення на Данбасе мясцовых выбараў паводле украінскага заканадаўства з захаваннем міжнародных стандартаў. Астатнія артыкулы закона не дзейнічаюць, сярод іншага аб амністыі і недапушчэнні крымінальнага пераследу ўдзельнікаў падзей на Данбасе; аб праве моўнага самавызначэння жыхароў Данбаса і магчымасці выкарыстання расейскай мовы ў органах дзяржаўнай улады і мясцовага самакіравання.

Парламент мае намер распрацаваць новы закон аб адмысловым статусе Данбаса ў рамках рэалізацыі "формулы Штайнмаера", дакумент будзе рыхтавацца разам з грамадскасцю, заяўляў спікер парламента Дзмітрый Разумкоў. Кіраўнік парламенцкай фракцыі партыі "Слуга народа" Давід Арахамія сказаў у сярэдзіне кастрычніка, што законапраекту аб асаблівым статусе Данбаса пакуль не існуе.

6 снежня Зяленскі заявіў, што далейшы лёс закона аб адмысловым парадку мясцовага самакіравання ў асобных раёнах Данецкай і Луганскай абласцей будзе разглядацца пасля сустрэчы лідараў "нармандскай чацвёркі" ў Парыжы.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках