18 студзеня 2020, Субота, 17:05
Засталося зусім крыху
Рубрыкі

У Чавусах улады хаваюць масавае атручванне школьнікаў?

2
У Чавусах улады хаваюць масавае атручванне школьнікаў?

У шпіталь райцэнтра маглі трапіць ад 4 да 10 дзяцей.

У Чавусах Магілёўскай вобласці кіраўніцтва раённага аддзела адукацыі і мясцовай сярэдняй школы №2 адмаўляе факт масавага атручвання вучняў і закрыццё гэтай навучальнай установы на каранцін.

«Пасля школы ў дзіцяці была высокая тэмпература...»

Аб атручэнні вучняў «Радыё Свабода» паведамілі некалькі крыніц з Чавусаў. Згодна з імі, у шпіталь райцэнтра трапілі ад 4 да 10 дзяцей. Пасля гэтага паўстала пытанне пра закрыццё школы на каранцін. Пытанне павінны разглядаць у райвыканкаме 9 снежня.

«Дзіця 5 снежня прыйшло са школы з высокай тэмпературай, яго ванітавала. Бацькі выклікалі хуткую дапамогу. У шпіталі сказалі, што атручванне. Рабілі кропельніцу. Дзіця яшчэ ў шпіталі», - паведаміў жыхар Чавусаў, які назваўся сваяком вучня з другой чавускай школы.

Дырэктарка школы: ад ротавіруснай інфекцыі пацярпелі «чалавек чатырнаццаць»

Дырэктарка гэтай школы Наталля Кірпічава намагае: навучальная ўстанова працуе ў звычайным рэжыме. Колькасць адсутных дзяцей у норме.

Яна кажа, што некаторыя дзеці не хадзілі ў школу праз млосць, выкліканую «ротавіруснай інфекцыяй». Вірус «выявілі ў каледжы на мінулым тыдні".

«З агульнай колькасці адсутных ротавірусная інфекцыя была зафіксавана ў чалавек чатырнаццаці», - кажа дырэктарка школы.

Паводле ейных слоў, спецыялісты патлумачылі, што гэтая інфекцыя, як разнавіднасць грыпу, для яе характэрна высокая тэмпература. Са слоў дырэктаркі школы, «пасля трох дзён хваробы дзеці ўжо на занятках».

Каб папярэдзіць распаўсюджванне віруса ў навучальнай установе ўзмацнілі прафілактычныя меры бяспекі.

Аддзел адукацыі: гэта была вонкавая крыніца інфекцыі

Са слоў начальніка раённага аддзела адукацыі Мікалая Варанцова, вучні пачатковых класаў звяртаюцца ў шпіталь з галаўным болем і разладам страўніка, але «масавага атручвання няма».

Ён кажа, што з праблемай разбіраліся спецыялісты абласной і рэспубліканскай санстанцый і ў школьнай сталовай не выявілі крыніц інфекцыі. Школу не збіраліся зачыняць на каранцін.

«Гэта была вонкавая крыніца і, як мяркуецца, у бабулі аднаго дзіцяці выявілі дызентэрыйную палачку, - адзначае Мікалай Варанцоў. - У людзей, якія трапілі ў шпіталь, была звычайная нястраўнасць. Інфекцыі не было, і іх адпускалі дадому».