18 красавiка 2024, Чацвер, 4:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Заходнія СМІ пра пастанову WADA: Пакаранне зневажальнае для Пуціна

11
Заходнія СМІ пра пастанову WADA: Пакаранне зневажальнае для Пуціна

Расею зноў злавілі на маніпуляванні звесткамі.

Сусветнае антыдопінгавае агенцтва (WADA) адхіліла Расею ад удзелу ў спаборніцтвах на 4 гады. Нагодай стала падазрэнне ў маніпуляцыі звесткамі маскоўскай антыдопінгавай лабараторыі. Што пішуць пра гэта заходнія СМІ - у аглядзе РБК.

The Washington Post, ЗША

«Пакаранне суровае, але адпавядае дзёрзкасці злачынства: Расею зноў злавілі на маніпуляванні звесткамі, ганьбаваннем выкрывальнікаў і ўвядзенні ў зман астатняга свету. Выканаўчы камітэт павінен пакараць Расею, але пашкадаваць асобных спартоўцаў, якія чыстыя, дазволіўшы ім спаборнічаць без сцяга або гімна.

<...> Свет не павінен караць расейскіх спартоўцаў, якія ўпарта трэніруюцца, якія чыстыя і не з'яўляюцца часткай бязладзіцы, створанай сваім урадам. Але чатырохгадовае адхіленне Расеі не занадта суровае пакаранне ў абставінах, якія склаліся. Як заявілі ў МАК, Расейскія маніпуляцыі з пробамі «падрываюць давер да спорту і абражаюць спартыўны рух ва ўсім свеце».

Bloomberg, ЗША

«Пакаранне зневажальнае для Пуціна, які асабіста кантраляваў выдаткоўванне дзясяткаў мільярдаў даляраў на правядзенне зімовых Алімпійскіх гульняў 2014 года ў Сочы і чэмпіянату свету ў футболе 2018 года. Яго намаганні былі накіраваныя, каб аднавіць імідж Расеі як спартыўнай звышдзяржавы, страчаны пасля распаду СССР. Пасля таго як Расея заняла першае месца ў Сочы, у самай дарагой зімовай Алімпіядзе ў гісторыі коштам не менш як $50 млрд, яна была пазбаўленая 13 з сваіх 33 медалёў праз допінгавыя скандалы. <...>

Zweites Deutsches Fernsehen, Нямеччына

«Паўтара гады таму Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) абвясціў справу Расеі закончанай: праз тры днi пасля заканчэння зімовых Алімпійскіх гульняў 2018 гадоў у Пхенчхане МАК скасаваў сваю забарону ў дачыненні да Расеі. Арганізацыя на чале з Томасам Бахам хацела нарэшце забыцца пра скандалы і вярнуцца да бляску і гламуру міжнароднага спорту. Але Расея працягвала падманваць.

<...>

Пакаранне ў дачыненні да Расеі здаецца непазбежным, маніпуляцыі з пробамі занадта нахабныя, каб дзейнічаць мякка. Вызначальнай будзе жорсткасць санкцый. Кіраўнік МАК Томас Бах лічыцца добразычліўцам прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна і не з'яўляецца прыхільнікам калектыўнага пакарання. Напрыклад, у 2017 годзе МАК палічыў за лепшае пажыццёва пакараць былога міністра спорту Расеі Віталя Мутко як аднаго з нібыта галоўных вінаватых у Расейскай допінгавай сістэме на Алімпійскіх гульнях. Між тым неўзабаве пастанова была скасаваная міжнародным спартовым судом CAS, а Мутко, будучы віцэ-прэм'ерам, працягвае знаходзіцца побач з Пуціным на самым версе Расейскага палітычнага эстэблішмэнту».

The Wall Street Journal, ЗША

«Гэта спаборніцтва паміж спаборніцтвамі - кожныя пару гадоў праходзяць крывавыя бітвы за тое, каб дазволіць Расеі вярнуцца на Алімпіяду. <...> Для Расеі спартовая веліч - магутны інструмент для ўзняцця патрыятызму з часоў халоднай вайны. І расейскі прэм'ер Дзмітрый Мядзведзеў прызнаў яго наяўнасць, аднак пакрытыкаваўшы тое, што ён назваў залішнім пакараннем.

<...> Пастанова аб адхіленні стане ўдарам па спартыўных амбіцыях Расеі (матэрыял апублікаваны 8 снежня. - заўв.). У канцы 2000-х гадоў Расея зрабіла міжнародныя спартовыя спаборніцтвы ключавой часткай праграмы для паляпшэння свайго іміджу за мяжой. Краіна прымала зімовыя Алімпійскія Гульні 2014 года і чэмпіянат свету ў футболе 2018 года. Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін зрабіў сябе тварам гэтай барацьбы, падпісаўшы бюджэт сумай $50 млрд даляраў для Сочы і асабіста сустрэўшыся з чыноўнікамі ФІФА, каб забяспечыць правядзенне Чэмпіянату свету».

USA Today, ЗША

«Чыноўнікі алімпійскага руху хочуць, каб вы ведалі, што яны абураныя апошнімі спробамі Расеі падмануць сістэму. Вядома, не настолькі, каб нешта зрабіць. Але тым не менш абураныя.

Сусветнае антыдопінгавае агенцтва аднагалосна прагаласавала за тое, каб забараніць Расеі ўдзел у міжнародных спаборніцтвах тэрмінам на чатыры гады ў якасці пакарання за допінг. <...> Аднак прачытайце напісанае дробным шрыфтам, і вы ўбачыце, што пастанова - гэта дымавая заслона, якая хавае падлабуньванне да Расеі, дазваляючы ўдзел «чыстым спартоўцам». Гэта не тая поўная забарона, да якога заклікалі многія, хто сапраўды клапоціцца аб барацьбе з допінгам, а хутчэй фарс, які дазваляе Расеі ўдзельнічаць ва ўсіх найбуйнейшых спаборніцтвах, хоць і без свайго сцяга і гімна.

<...> Расейская антыдопінгавая сістэма не зменіцца. Ды і навошта ёй гэта, калі можна і далей працягваць выстаўляць алімпійскіх чыноўнікаў ідыётамі, калі твае пастановы не прыводзяць да рэальных наступстваў».

The New York Times, ЗША

«Шмат каго абурыў падман Расеі, улічваючы ўсе намаганні для рэабілітацыі іміджу краіны, прынятыя пасля таго як выкрывальнікі дапамаглі разблытаць старанна спланаваную і ў выніку паспяховую схему, у якой Расейскія антыдопінгавыя экспэрты і супрацоўнікі выведвальнай службы краіны таемна замянілі ўзоры мачы, сапсаваныя допінгавымі прэпаратамі, на Зімовых Алімпійскіх гульнях 2014 года ў Сочы.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках