25 красавiка 2024, Чацвер, 13:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Менск не гумовы?

12
Менск не гумовы?
ФОТА: 3DF.BY

Улады спрабуюць развязаць праблему беларускіх рэгіёнаў савецкім спосабам.

Каб выраўнаваць эканамічнае становішча рэгіёнаў Беларусі, трэба не раўнамерна павышаць узровень жыцця ва ўсіх рэгіёнах, а стварыць некалькі цэнтраў прыцягнення, якія змогуць канкураваць з Менскам, піша для сайта «Белорусы и рынок» экспэрт Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Леў Львоўскі.

У той час як колькасць насельніцтва Беларусі змяншаецца, колькасць жыхароў сталіцы хутка перавысіць адзнаку 2 млн чалавек. Аналагічную тэндэнцыю можна прасачыць і ў дачыненні да ВРП: разрыў паміж беднымі і багатымі рэгіёнамі, у першую чаргу Менскам, павялічваецца.

Пераразмеркаванне чалавечых і вытворчых рэсурсаў на карысць больш паспяховых гарадоў і рэгіёнаў - цалкам натуральны і заканамерны працэс. Як і ва ўсяго ў нашым жыцці, у гэтага працэсу ёсць і пазітыўныя, і негатыўныя наступствы.

Урад Беларусі распачаў некалькі спроб знізіць рэгіянальную дыферэнцыяцыю. Спачатку стаўка рабілася на фінансаванне перспектыўных пунктаў росту, затым была прынятая пастанова дапамагаць рэгіёнам, якія адстаюць. Аднак дасягнуць нейкіх значных поспехаў не ўдалося ў абодвух выпадках. Уся справа ў тым, што дамагчыся эканамічнай дэцэнтралізацыі ў краіне з гэткім цэнтралізаваным мысленнем і ўладай практычна немагчыма.

Цэнтралізацыя - гэта нармальны гістарычны і эканамічны працэс, бо, як гаворыцца, рыба шукае дзе глыбей, а чалавек - дзе лепш. Таму практычна ўсю гісторыю чалавецтва можна разглядаць праз прызму паскарэння тэмпаў урбанізацыі і цэнтралізацыі ў яе розных праявах. Напрыклад, нягледзячы на тое што арэнда вытворчых памяшканняў у дэпрэсіўных рэгіёнах значна таннейшая, прадпрыемствы часцей за ўсё выбіраюць буйныя гарады, бо там не толькі лепшая інфраструктура і прасцейшая лагістыка, але і нашмат лягчэй знайсці кваліфікаваных спецыялістаў.

Работнік таксама разумее, што жыццё ў буйным горадзе даражэйшае, а канкурэнцыя за працоўныя месцы вастрэйшая, аднак знайсці добрую пасаду там усё ж такі лягчэй, не кажучы ўжо пра маштабы і разнастайнасць мерапрыемстваў і забаў. Такім чынам, узмацненне цэнтралізацыі павышае эфектыўнасць і прадукцыйнасць эканомікі агулам.

Зрэшты, тое, што большая частка чалавечых і вытворчых рэсурсаў сцякаецца ў адны і тыя ж цэнтры канцэнтрацыі, мае і негатыўныя наступствы. Менавіта таму ўрад Беларусі, як і ўрады іншых краін, прымае захады для хаця б адноснага выраўноўвання рэгіёнаў.

На гэтым шляху раз-пораз узнікае некалькі перашкод. Па-першае, далёка не ўсе грамадзяне хочуць ці могуць быць эканамічна мабільнымі, шматлікія аддаюць перавагу заставацца хай і ў дэпрэсіўных, але родных мясцінах. Што азначае ўзмацненне эканамічнага расслаення грамадства. Па-другое, некаторыя віды вытворчасцей моцна прывязаныя да свайго месцазнаходжання. І агульнае збядненне рэгіёну негатыўна адбіваецца на прадукцыйнасці ў цэлым здаровых і перспектыўных прадпрыемстваў. Па-трэцяе, занадта рэзкае разыходжанне ў хуткасці развіцця рэгіёнаў можа прыводзіць да разбалансіроўкі іх наступнага развіцця: адток капіталу і людзей можа выклікаць ланцуговую рэакцыю і агульны эканамічны песімізм у дэпрэсіўных раёнах, тады як рэгіёны - рэцыпіенты рэсурсаў могуць быць папросту не гатовыя іх прыняць.

З падобнай праблемай сутыкаліся многія дзяржавы. Напрыклад, у ЗША доўгі час дзейнічалі законы аб дэцэнтралізацыі, якія не дазвалялі ствараць буйныя дзяржаўныя прадпрыемствы і арганізацыі ў адных і тых жа гарадах. Менавіта праз гэтыя законы сталіцы большасці штатаў і многія ўніверсітэты знаходзяцца зусім не ў самых буйных гарадах ЗША. Падобныя правілы, хай і ў значна меншым маштабе, дзейнічалі і ў СССР. Яны прадугледжвалі стварэнне рэгіянальных цэнтраў і монагарадоў.

Улады Беларусі спрабавалі вырашыць праблему цэнтралізацыі і заняпаду рэгіёнаў спачатку па-заходняму - шляхам стварэння эканамічных цэнтраў сілы ў асобных рэгіёнах. Цяпер урад вярнуўся да развязання праблемы савецкім спосабам - з дапамогай раздачы датацый усіх рэгіёнам і пільнай увагі да найбольш дэпрэсіўных з іх.

Дазволю сабе выказаць здагадку, што абодва спосабы не прынеслі рэальных дывідэндаў таму, што цэнтралізацыя ўкаранілася ў першую чаргу ў галовах беларусаў. Усе ўрадавыя інстытуты знаходзяцца ў рэгіянальных сталіцах, а галоўныя цэнтры ўлады - толькі ў Менску. Найлепшыя тэатры, школы, паркі і бальніцы размешчаны па той жа логіцы. У сувязі з гэтым простае фінансаванне і падтрымка на паверхні адстаючых рэгіянальных эканомік могуць толькі нязначна запаволіць цэнтралізацыйныя працэсы і аслабіць цэнтраімклівую сілу Менска.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках