21 красавiка 2019, Нядзеля, 4:13
За нашу і вашу свабоду!
Рубрыкі

Эканаміст: Заробкі ў Беларусі ўпалі ўдвая

32
КАРЫКАТУРУ: РУСЛАН ВАЛІТАЎ

Беларусы зноў дастаюць валюту з ашчадку.

Вось ужо тры гады беларусы «трыбушаць» свой ашчадак: здаюць валюты ў абменнікі больш, чым купляюць. Са звестак Нацбанка, у студзені 2019 года беларусы здалі ў абменнікі 562,9 млн даляраў, паведамляе «Заўтра тваёй краіны».

Усяго за 2018 год беларусы прадалі банкам 1,738 млрд даляраў.

- Апошнія тры гады за рэдкімі выключэннямі (як правіла, у снежні, калі людзі атрымліваюць вялікі заробак) пераважаў чысты продаж валюты, г.з. перавышэнне продажу валюты над яе купляй, - тлумачыць старэйшы аналітык «Альпары» Вадзім Ёсуб. - У валютным эквіваленце з канца 2014 года сярэдні заробак упаў удвая. Каб пры такім зніжэнні заробкаў не пачаць удвая менш есці, людзі актыўна сталі выкарыстоўваць свой валютны ашчадак для падтрымання ўзроўню жыцця.

У інтэрв'ю Charter97.org эканаміст Леў Марголін адзначыў, што рэальны заробак у Беларусі цяпер -нават ніжэйшы за «мінімалку» ($152 на месяц).

«Галоўны жах становішча нават не ў тым, што ў нас «мінімалка» ўсяго 330 рублёў і гэта менш, чым у суседніх краінах, а ў тым, што ў многіх населеных пунктах, асабліва раённых цэнтрах, пасёлках людзі не маюць магчымасці атрымаць нават гэты мізэр.

Яны атрымліваюць 150-200 рублёў. Працадаўцы вельмі лёгка абыходзяць абмежаванне. Хоць, здавалася б, паводле закону нікому нельга плаціць менш, чым мінімальны заробак. Людзей проста пераводзяць на 0,5 стаўкі, на 2/3 стаўкі, гэта значыць на столькі, наколькі ў працадаўцы ёсць сродкаў. Калі ёсць магчымасць плаціць на 2/3, значыць чалавек атрымае 220 рублёў ($110) на законных падставах, калі не, то 165 рублёў - перавядуць на паўстаўкі», - адзначыў эканаміст.

Прадстаўнік Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу ў Гомелі Алесь Яўсеенка ў інтэрв'ю Charter97.org заявіў, што рэальны заробак у населеных пунктах Гомельскай вобласці - блізу $100 у эквіваленце, і толькі ў самім Гомелі ён трохі вышэйшы, пры ўмове, што наогул атрымаецца знайсці працу.

Цягам студзеня сайт Charter97.org публікаваў інфармацыю аб рэальных заробках беларусаў. Называныя людзьмі лічбы шакавальна адрозніваюцца ад афіцыйнай статыстыкі.

Так, актывіст з Воршы Раман Кузьмянкоў сцвярджае, што заробкі ў буйным прамысловым райцэнтры «як зачараваныя, круцяцца вакол лічбы 400 рублёў».

Былы рабочы «Белшыны», які з'ехаў на заробкі за мяжу, сцвярджае, што прапанаваны ў Беларусі заробак з'яўляецца зневажальным для «мужчыны з галавой і рукамі».

Але нават і такі заробак не ўсюды выдаюць грашыма. Напрыклад, на вядомай гомельскай трыкатажнай фабрыцы «8 сакавіка» частку заробку рэгулярна выдаюць прадукцыяй: панчохамі, шкарпэткамі і сподняй бялізнай.