26 сакавiка 2019, aўторак, 9:55
Выклік для кожнага
Рубрыкі

Нападнік у Стоўбацах добра вучыўся і не меў праблем у школе

Фота: «Радыё Свабода»

За школьнікам не заўважалі ніякай агрэсіі.

Сярэдняя школа №2 у Стоўбцах, дзе адбыўся напад, ачэпленая, дзяцей выпускаюць да бацькоў па некалькі чалавек, іх тэлефоны адключаныя, перадае з месца карэспандэнт «Радыё Свабода».

Перад уваходам у школу вучняў чакаюць іх бацькі. Яны распавядаюць, што пра тое, што здарылася даведаліся пасля званка дзяцей. Яны сталі ім тэлефанаваць і расказваць аб трагедыі. Пасля гэтага тэлефоны вучняў адключыліся. Цяпер дзяцей выпускаюць па некалькі чалавек раз на 10-15 хвілін.

«Быў у нармальных стасунках з усімі»

Бацькі вучняў і мясцовыя жыхары распавялі, што падлетак, які напаў на настаўніцу і вучняў, добра вучыўся, не меў праблем у школе. Ніколі за ім не заўважалася якой-небудзь агрэсіі, ён быў у добрых стасунках з аднакласнікамі. У яго звычайная сям'я, у малодшай школе ён вельмі добра вучыўся.

«Настаўніцу вучні паважалі»

Забітая 50-гадовая настаўніца гісторыі мела добрыя стасункі з вучнямі. Пра яе журналістам распавёў ейны былы вучань Мікалай.

Паводле ягоных слоў, настаўніца выкладала гісторыю і прадмет «Чалавек. Грамадства. Дзяржава». Яна не была строгай і дзеці паважалі яе за справядлівае стаўленне да сябе. На яе ніколі не скардзіліся вучні.

«І голасу не павысіць! Самая найлепшая настаўніца была. Тыдзень таму сустракаліся (на Дзень выпускніка - заўв.). Яна як была маладой, так і засталася», - сказаў Мікалай.

«У мяне слёзы на вачах... Яна была адным з нешматлікіх педагогаў, якая запомнілася мне як добры і спагадны чалавек», - распавёў іншы былы вучань.

«Самая найлепшая настаўніца. Заўсёды мае рацыю. Тыдзень таму сустракаліся на 15 гадоў. Як была маладой і вясёлай так і засталася», - распавёў яшчэ адзін былы вучань загінулай настаўніцы.

У Стаўбцоўскай сярэдняй школе №2 раніцай 11 лютага школьнік 2003 года нараджэння напаў з нажом на настаўніцу і вучняў. Параненая 53-гадовая настаўніца памерла ад ран, таксама памёр адзін вучань. Яшчэ двое параненых вучняў у рэанімацыі.

У паведамленні МУС адзначаецца, што хлопца затрымліваў АМАП. У Міністэрстве аховы здароўя паведамілі, што двум параненым хлопцам зрабілі аперацыю. У Стоўбцы прыехаў кіраўнік Следчага камітэта Іван Наскевіч.