28 сакавiка 2024, Чацвер, 17:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Die Zeit: З зязюлінага яйка Шродэра вылупіўся цмок

7
Die Zeit: З зязюлінага яйка Шродэра вылупіўся цмок

У Нямеччыны паўсталі шматлікія праблемы ў ЕЗ праз «Паўночны струмень - 2».

Краіны ЕЗ дасягнулі кампрамісу, які зробіць больш жорсткімі патрабаванні да газаправода «Паўночны струмень-2», які выклікае спрэчкі. Аднак добрым назваць яго нельга, мяркуе журналіст нямецкага выдання Zeit Міхаэль Туман.

«Авантура «Паўночны струмень-2» становіцца для немцаў ўсё больш марнатраўнай, - паказвае аўтар артыкула. - Прычым не ў эканамічным, а ў палітычным сэнсе». З пункту гледжання эканомікі, на карысць газаправода, наадварот, кажа многае. Дадатковы газаправод, мяркуе Туман, не павялічыць залежнасць Еўропы ад Расеі, бо ў Еўропы ў плане пастаўшчыкоў ёсць вялікі выбар - гэта і Нарвегія, Нідэрланды, Алжыр, Азербайджан, у будучыні, магчыма, таксама Кіпр, Егіпет і Ізраіль. Варта ўлічыць і больш за 20 тэрміналаў для прыёму звадкаванага газу, з дапамогай якіх у Еўропу можа пастаўляцца газ з Катару або ЗША. Кожны дадатковы газаправод толькі павысіць надзейнасць энэргазабеспячэння.

«Такі эканамічны разлік, які з поспехам паднёс шматлікім нямецкім палітыкам расейскі «газаўшчык» і нямецкі экс-канцлер Герхард Шродэр. Аднак Берлін не заўважыў палітычнага размаху пытання. Праз яго адбываюцца сёння трэнні паміж Нямеччынай і Францыяй, праз яго ў Еўропе расце недавер у дачыненні да Нямеччыны, праз яго расколваецца ЕЗ», - падкрэслівае журналіст. Напрыклад, Берлін доўгі час недаацэньваў «крыжовы паход» Польшчы супраць «Паўночнага струменю-2», які Варшава аргументуе тым, што газаправод пазбавіць Украіну падаткаў за транзіт газу. «Насамрэч Польшча сама хоча заняць цэнтральную ролю ў энэргетыцы. Газаправод з Расеі ёсць у Польшчы ўжо даўно (у абыход Украіны). Цяпер яны будуюць на грошы ЕЗ «Балтыйскую трубу» з Нарвегіі ў Польшчу (у абыход Нямеччыны)», - гаворыцца ў артыкуле.

У барацьбе супраць «Паўночнага струменю-2» бяруць удзел і Данія, балтыйскія краіны, Славаччына. «Немцы павінны былі прадбачыць такую варожую расстаноўку сіл, - упэўнены Туман. - З зязюлінага яйка Герхарда Шродэра вылупіўся цмок, ад якога немцы больш не пазбавяцца. Занадта доўга яны падрывалі ўсе спробы Еўракамісіі ўніфікаваць газавую палітыку ЕЗ. Занадта позна яны пачалі задумвацца аб кампенсацыі Украіне. Занадта доўга яны спадзяваліся на салідарнасць Францыі».

Выйсці з праекта, да чаго заклікаюць сёння многія, наўрад ці магчыма. Пракладзена ўжо 600 км труб, выдадзеныя дазволы. «Калі ўрад ФРГ праз тры гады падтрымкі праекта выйдзе з яго, паўстануць вельмі высокія штрафныя санкцыі паводле дамовы. Стасункі з Расеяй будуць парушаныя яшчэ больш. (...) Ніводзін з варыянтаў не з'яўляецца добрым. Немцы прадоўжаць цягнуць валынку ў пытанні газаправода і спадзявацца, што нічога дрэннага не адбудзецца. Гэта надзея, але нічога больш», - рэзюмуе журналіст.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках