29 сакавiка 2024, Пятніца, 4:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Знаёмы загінулага ў Стоўбцах: Саша амаль заўсёды гаварыў па-беларуску

Знаёмы загінулага ў Стоўбцах: Саша амаль заўсёды гаварыў па-беларуску

Калегі і знаёмыя распавялі пра загінулага 11-класніка.

Вучня Стаўбцоўскай школы Аляксандра Р., які загінуў раніцай ад нажавога ранення, узгадваюць калегі, з якімі ён працаваў у мясцовым аддзяленні ТБМ.

Як распавялі «Свабодзе» калегі Аляксандра, ён быў сябрам ТБМ і актыўна ўдзельнічаў у дзейнасці арганізацыі.

Аб сваім загінулым паплечніку распавёў жыхар Стоўбцаў Павел Савіцкі.

«Саша быў не па ўзросту сур'ёзны і мэтанакіраваны. Збіраўся паступаць у Польшчу на палітолага-журналіста. Па панядзелках і серадах я ездзіў разам з ім з Менска ў Стоўбцы. Вялі сур'ёзныя і цікавыя размовы пра культуру, гісторыю і мову. Абмяркоўвалі жыццёвыя пытанні. Саша амаль заўсёды гаварыў па-беларуску. І на колькі я ведаю, заахвочваў і зацікаўліваў у вывучэнні мовы сваіх аднакласнікаў. Захапляўся відэамантажом. Заўсёды праяўляў ініцыятыву і гатовы быў дапамагчы. Дагэтуль мы не можам паверыць, што такое адбылося. Мае спачуванні бацькам і родным».

На старонцы Аляксандра Р. у сацыяльных сетках размешчаны спасылкі на артыкулы па гісторыі Беларусі, прысвечаныя беларускай літаратуры, а таксама ягоныя фатаграфіі ў вопратцы з нацыянальнай сімволікай.

Свайго калегу ўспамінае рэвізор Стаўбцоўскага аддзялення ТБМ Міхаіл Мацкевіч.

«Саша з тых маладзёнаў, якіх чуеш і разумееш, што ў іх будзе вялікі шлях. Што праз год 10 або 15 будзеш казаць «Я ведаю гэтага хлопца!» Заўсёды адкрыты, з валявым і па-юнацку добрым поглядам. Ніколі не адмаўляў у дапамозе, рабіў усё дакладна. Шкада, што так мала з ім размаўляў, і што цяпер я не ў горадзе».

Як даведаліся журналісты ад знаёмых, Александр.Р добра вучыўся, удзельнічаў у школьных алімпіядах.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках