24 красавiка 2024, Серада, 1:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Парадаксальныя факты пра затрыманага дырэктара Менскага завода шасцерняў

22
Парадаксальныя факты пра затрыманага дырэктара Менскага завода шасцерняў
ФОТА: BELARUS-MTZ.BY

Рабочыя прадпрыемства распавялі пра Сяргея Пацкевіча.

7 лютага МУС паведаміла пра затрыманне з довадамі злачынства пры атрыманні хабару гендырэктара Менскага завода шасцерняў. Прадстаўнік замежнай камерцыйнай структуры перадаў яму 20 тысяч еўраў.

Больш за тое, паводле звестак міліцыі гендырэктар летась атрымліваў хабар неаднаразова.

ФОТА: МУС

Тэлеканал АНТ прама назваў імя затрыманага кіраўніка - Сяргей Пацкевіч. Udf.by сабраў факты пра гэтага чалавека.

Зрабіў кар'еру на МТЗ

Ужо дзесяць гадоў таму Сяргей Пацкевіч уваходзіў у кіраўніцтва Менскага трактарнага завода, займаючы пасаду выканаўцы абавязку намесніка дырэктара вытворчасці РУП «МТЗ» - начальніка механазборачнай вытворчасці.

ФОТА: MGW.BY

Пасля ён дарос да пасады камерцыйнага дырэктара РУП МТЗ - намесніка генеральнага дырэктара ВА «МТЗ» у матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні. Сярод іншага кіраўнік курыраваў продаж айчынных трактароў за мяжу.

ФОТА: BELARUS-MTZ.BY

У жніўні 2017 года Аляксандр Лукашэнка паставіў Сяргея Пацкевіча кіраваць Менскім заводам шасцерняў, што выглядала лагічным крокам. Прадпрыемства з'яўляецца адным з найбуйнейшых пастаўшчыкоў камплектуючых запасных частак на канвеер МТЗ і ў той час перажывала крызіс.

Працаваў у выбарчых камісіях

Сяргей Пацкевіч не прапусціў ніводнай буйной выбарчай кампаніі апошніх дзесяці гадоў. Ён у тым ліку працаваў ва ўчастковай камісіі, якая размяшчалася на Менскім трактарным заводзе, на прэзідэнцкіх «выбарах» 2010 і 2015 гадоў.

Прычым вылучаўся Пацкевіч у склад участковых камісій ад Партызанскай раённай арганізацыі «Белай Русі».

У працоўным кабінеце гендырэктара Менскага завода шасцерняў вісеў вялікі партрэт Аляксандра Лукашэнкі.

Рабочыя засмучаныя затрыманнем дырэктара

Парадокс, але нягледзячы на відавочны кар'ерызм і сур'ёзнае абвінавачванне з боку міліцыі Сяргей Пацкевіч у вачах многіх работнікаў Менскага завода шасцерняў заслужыў славу добрага кіраўніка.

ФОТА: DIRECTOR.BY

«Падобна на падставу. Ледзь не ўсе на заводзе да гэтага схіляюцца. Як кіраўнік ён вельмі добры. За кароткі час, можна сказаць, падняў завод. Павялічыліся заробкі, прадпрыемства не прастойвае як было два гады таму. Ёсць праца і за яе нармальна плацяць, прэміі даюць за выкананы план і да святаў», - распавялі UDF.BY працаўнікі завода.

Пералічылі яны і іншыя заслугі гендырэктара:

«Зрабілі рамонт у працоўных у гардэробах і душавых. У цэхах падмалявалі, станкі прывялі ў парадак. У душных памяшканнях ўсталявалі кандыцыянеры. Часткова змяняюць старое абсталяванне, на якім немагчыма працаваць. Адправілі на заслужаныя адпачынак пенсіянераў, якія сядзелі і ў прамым сэнсе нічога не рабілі, толькі заробкі атрымлівалі. Пацкевіч паставіў на месца ўсіх кіраўнікоў і намеснікаў, прымусіў іх працаваць. Раней шматлікіх у твар не ведалі, а цяпер яны з'яўляюцца ў цэхах і ўдзельнічаюць у жыцці завода».

На прадпрыемстве таксама адзначаюць, што затрыманы дырэктар дапамагаў людзям з судзімасцямі і маці, пазбаўленым правоў, даючы ім працу.

«Увогуле, ставіўся да работнікаў ён добра. Цяпер на заводзе ўсе засмучаныя і не вераць, што дырэктар мог узяць хабар», - распавялі рабочыя прадпрыемства.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках