19 траўня 2019, Нядзеля, 12:46
За нашу і вашу свабоду!
Рубрыкі

У Менску судзяць галоўную рэдактарку партала tut.by

5
МАРЫНА ЗОЛАТАВА
ФОТА: ЗМІЦЕР БРУШКА, TUT.BY

Марыне Золатавай выстаўленае абвінавачванне паводле артыкула «Бяздзейнасць службовай асобы».

Крымінальная справа ў дачыненні да галоўнай рэдактаркі tut.by будзе разглядаць суд Заводскага раёна Менска, але ў будынку суда Маскоўскага раёна. Толькі тут ёсць вялікая зала, здольная змясціць вялікую колькасць слухачоў. Напрыклад, у гэтым памяшканні слухалася справа аб дзедаўшчыне ў войску і гібелі Аляксандра Коржыча, выконваўся прысуд паводле «справы 17», паведамляе tut.by.

7 жніўня сусветныя СМІ абляцела навіна пра тое, што Марына Золатава была затрыманая разам з іншымі журналістамі. Іх падазравалі ў праглядзе нататак дзяржаўнага інфармагенцтва БЕЛТА праз закрытую платную падпіску. Два дні галоўная рэдактарка правяла ў ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна. Журналістаў і рэдакцыі падтрымалі Еўразвяз, Рада Еўропы, ЗША, а таксама міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.

Першапачаткова галоўную рэдактарку tut.by падазравалі адразу паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса - ч. 2 арт. 349 (Несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі, учынены з іншай асабістай зацікаўленасці, які пацягнуў прычыненне істотнай шкоды) і ч. 2 арт. 425 КК (Бяздзейнасць службовай асобы). Але абвінавачванне было выстаўленае паводле апошняга. Яна адзіная з 15 журналістаў і рэдактараў некалькіх СМІ, якія праходзілі паводле справы, чыя справа дайшла да суду і ў дачыненні да каго следства не спыніла крымінальны пераслед. Двойчы галоўнай рэдактарцы партала TUT.BY было адмоўлена ў задавальненні адпаведнага хадайніцтва згодна з 86-ым артыкулам КК. І крымінальную справу ў дачыненні да Марыны Золатавай Генеральная пракуратура накіравала ў суд.

Гэты працэс можна назваць унікальным, упершыню ў гісторыі сучаснай Беларусі будуць судзіць галоўнага рэдактара СМІ паводле абвінавачвання ў злачынстве, звязаным з прафесійнай дзейнасцю. Ужо вядома, што суддзя паводле «справы БЕЛТА» - Аляксандр Петраш.

Нагадаем, 7 жніўня ў офісах кампаній tut.by і БелаПАН прайшлі ператрусы і затрыманні. Былі затрыманыя галоўная рэдактарка tut.by Марына Золатава, рэдактаркі партала Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік і Ганна Ермачонак, галоўная рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына і міжнародная аглядальніца інфармагенцтва Таццяна Каравянкова, уласны карэспандэнт «Нямецкай хвалі» Аляксей Жукаў. Усе яны правялі па некалькі дзён у ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна. А ў канцы лістапада 2018 года былі вызвалены ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем да адміністрацыйнай. Акрамя штрафаў, журналісты кампенсавалі выстаўленую шкоду. Сумы розныя - ад 3 да 17 тысяч рублёў.