24 красавiка 2024, Серада, 3:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Бешанковічах ушанавалі памяць расстраляных вязьняў гета

У Бешанковічах ушанавалі памяць расстраляных вязьняў гета
Зьнічы памяці
Фота: «Радыё Свабода»

11 лютага 1942 году фашысты расстралялі больш за тысячу мясцовых жыхароў — габрэяў.

Пасьля гэтай страты габрэйская грамада ў Бешанковічах так і не аднавілася, таму на ўгодкі трагедыі сюды прыяжджаюць нашчадкі расстраляных, якія даўно жывуць у іншых мясьцінах. Або зусім чужыя, але неабыякавыя людзі, якія лічаць ушанаваньне памяці ахвяраў Галакосту сваім абавязкам і справай гонару, перадае «Радыё Свабода».

«Калі і мы ня будзем прыяжджаць, то памяць загіне»

У 77-ю гадавіну расстрэлу бешанковіцкага гета каля сьціплага помніка на ўзьлеску было нешматлюдна. Ушанаваць памяць ахвяраў прыехалі прадстаўнікі віцебскай габрэйскай грамады і некалькі чалавек з Санкт-Пецярбургу — валянтэраў, якія займаюцца аднаўленьнем габрэйскіх могілак у Бешанковічах ды мараць вярнуць сюды колішні шматнацыянальны калярыт.

У Ганны Клімовіч, лекаркі з Санкт-Пецярбургу, у Бешанковічах не загінуў ніхто з прамых сваякоў. Але яна ведае, што з гэтага мястэчка паходзяць яе продкі, таму разам з сынам прыяжджае сюды некалькі разоў на год — арганізоўвае валянтэрскія летнікі, ладзіць адукацыйныя мерапрыемствы і абавязкова наведвае брацкую магілу з надпісам на помніку, па-расейску і на ідыш — «Вечная памяць 1068 савецкім грамадзянам, якія загінулі ад рук гітлераўцаў 1942/02/11 года».

Ганна Клімовіч

«Я прыяжджаю сюды, і штогод у мяне не хапае словаў, каб нешта казаць пра гэтую трагедыю. Я запальваю сьвечку, зьбіраюся з думкамі, але сказаць магу толькі адно: калі мы сюды не прыедзем, то атрымаецца, што мы апраўдалі катаў. Калі мы забудзем пра ахвяраў гета, то атрымаецца, нібыта нічога страшнага ня здарылася. Я не магу гэтага дапусьціць і штогод еду сюды, за паўтары тысячы кілямэтраў», — кажа Ганна Клімовіч.

Гісторыя гета вачыма мясцовага краязнаўцы

Да 1940 году габрэйскае насельніцтва Бешанковічаў складала каля 1500 чалавек — 26% ад колькасьці ўсіх жыхароў. Нацысты захапілі мястэчка 6 ліпеня 1941 году, і ўжо ўвосень тут было створана гета. Большасьць габрэйскіх сем’яў перасялілі ў раён сучасных вуліц Свабоды і Ганчарнай, па 5–6 сем’яў у адну хату. Астатнім жыхарам мястэчка пад страхам расстрэлу было забаронена мець зь імі хоць якія дачыненьні.

Насельнікаў гета ганялі на прымусовыя працы. Зьнясіленыя, яны паміралі ад хваробаў, пакутавалі ад голаду і холаду, асабліва дужа марознай апошняй зімой. У лютым 1942-га вязьняў пагналі на расстрэл — церазь Дзьвіну па лёдзе. Гэтым самым шляхам на 77-я ўгодкі трагедыі прайшоў і бешанковіцкі краязнаўца Станіслаў Леаненка.

Станіслаў Леаненка

«Напярэдадні расстрэлу на ўзьлеску за Бешанковічамі — тэрытарыяльна гэта ўжо Шумілінскі раён — былі выкапаныя дзьве вялізныя ямы-магілы. Габрэяў сабралі каля царквы і загадалі ісьці ў лес. Расстрэльваць пачалі ўжо па дарозе, а трупы потым зьбіралі і скідалі ў адну з магіл. У другой былі расстраляныя на месцы. Людзям было загадана распранацца — іхныя рэчы станавіліся спажывай для нацыстаў і паліцаяў, і класьціся ў магілу па 10 чалавек. Па іх стралялі, а зьверху клаліся наступныя», — кажа краязнаўца.

Некалькі дзясяткаў габрэяў пакінулі жывымі — гэта былі краўцы і рымары, чыя праца пэўны час была запатрабаваная. Але наступнай зімой іх расстралялі таксама.

Помнік вязьням гета зьявіўся толькі ў 1958 годзе

Пасьля вайны ў Бешанковічы пачалі вяртацца тыя, каго мабілізавалі на фронт. Яны не знаходзілі ні родных хат, ні жывых сваякоў, ні іхных магіл. Пра месца загубы габрэяў у Бешанковічах ведалі ўсе, але помнік на месцы трагедыі зьявіўся толькі праз 13 год пасьля вайны, і тое дзякуючы прыватнай ініцыятыве.

Помнік, зроблены за ахвяраваньні землякоў

Адзін зь іх, Лазар Міцэнгендлер, арганізаваў збор сродкаў на помнік. Яго зрабілі ў Ленінградзе і прывезьлі разам з агароджай. Аднаму з ініцыятараў гэта каштавала звальненьня з працы, кажа прадстаўнік віцебскай габрэйскай грамады Міхаіл Саломенскі:

«Пётар Берлін паходзіў зь Бешанковічаў, працаваў галоўным энэргетыкам на электралямпавым заводзе. Яго зьнялі з пасады за тое, што арганізаваў транспарт і прывёз сюды работнікаў, каб паставіць помнік. Кваліфікавалі гэта як перавышэньне службовых паўнамоцтваў і панізілі ў шараговыя электрыкі. А чалавек проста пабаяўся папрасіць дазволу афіцыйным чынам. Бо маглі адмовіць — "габрэйскае пытаньне" ў Савецкім Саюзе замоўчвалася».

Міхаіл Саломенскі каля помніка ахвярам

Помнік забітым стаіць якраз на месцы адной з брацкіх магілаў. Прадстаўнік віцебскай габрэйскай грамады Рафаэль Азнавураў прачытаў па загінулых памінальную малітву «Эль мале рахамім» (אל מלי רחמים). Прысутныя трымалі запаленыя сьвечкі, а потым пакінулі іх гарэць каля помніка і на парэнчах агароджы. Ёй ужо больш за 60 гадоў, і валянтэры хочуць адрамантаваць агароджу ды прымацаваць тут мэмарыяльныя стэнды з інфармацыяй пра трагедыю бешанковіцкага гета.

Рафаэль Азнавураў чытае памінальную малітву
Паводле звычаю на помнік кладуць каменьчыкі, а ня кветкі

Што трэба ведаць пра гісторыю Галакосту ў Бешанковіцкім раёне

Падчас вайны на тэрыторыі раёну было 4 гета: у Астроўне (загінулі каля 300 чалавек); у Слабадзе (загінулі каля 400); у Вуле (загінулі 320); у Бешанковічах (1068 расстраляныя 11 лютага 1942 г.)

Усе месцы жалобы пазначаныя помнікамі, апошні зьявіўся ў Слабадзе ў 2014 г.

Два чалавекі — Мікалай Перагуд і яго жонка Ганна Перагуд — былі ўганараваныя званьнем «Праведнік народаў сьвету» за выратаваньне сям’і Нямцовых у Бешанковічах. Паводле ўспамінаў мясцовых жыхароў, ратавальны прытулак габрэям давалі яшчэ некалькі беларускіх сем’яў.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках