29 сакавiка 2024, Пятніца, 8:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

10 малавядомых фактаў пра Марка Шагала і Віцебск

10 малавядомых фактаў пра Марка Шагала і Віцебск
Марк Шагал

У біяграфіі мастака нямала белых плямаў.

У віцебскім тэатры «Лялька» рыхтуюць спэктакль пра Марка Шагала. У дзень першай рэпэтыцыі тут правялі незвычайную імпрэзу: публічныя дэбаты пра мастака з удзелам віцебскіх дасьледчыкаў. «Радыё Свабода» занатавала 10 малавядомых фактаў пра ўсясьветна вядомага мастака зь Віцебску.

На думку мастацкага кіраўніка тэатру, пастаноўшчыка Валерыя Клімчука, сустрэча з краязнаўцам Аркадзем Падліпскім і мастацтвазнаўцам Аляксандрам Лісавым дапаможа акторам глыбей зразумець сваіх пэрсанажаў. Гараджан — будучых гледачоў спэктакля — на дэбаты запрасілі таксама: хоць імя Марка Шагала і стала сымбалем Віцебску, але многія факты ягонай біяграфіі застаюцца малавядомымі і спрэчнымі.

Хто ўдзельнічаў у дэбатах

Аркадзь Падліпскі

Віцебскі краязнаўца, журналіст быў першым дырэктарам дома-музэя Марка Шагала ў Віцебску.

Творчасьцю мастака ён зацікавіўся ў 1960-я, калі імя Шагала ў Віцебску мала хто чуў. Творчасьць «уцекача на Захад», ды яшчэ габрэя, у Савецкім Саюзе была пад завесай маўчаньня.

Шмат кантактаваў са сваякамі Шагала, вывучаючы ягоную біяграфію. Перакананы, што ў біяграфіі мастака нямала белых плямаў.

Аляксандар Лісаў

Аляксандар Лісаў

Мастацтвазнаўца, дасьледчык мастацтва Беларусі другой паловы 19 — пачатку 20 стагодзьдзяў. Якраз у гэты прамежак часу ў Віцебску з ініцыятывы ўпаўнаважанага ў справах мастацтваў Марка Шагала адкрылі народную мастацкую вучэльню.

Дасьледчык перакананы, што адносіны Шагала з выкладчыкамі-мастакамі не былі ідэальнымі. Мастак меў складаны характар, высока цаніў уласны талент і дасягненьні ў жывапісе, а паплечнікі лічылі яго пыхлівай «сталічнай штучкай», бо Шагал пасьпеў пажыць і ў Маскве, і ў Пецярбургу, і ў Парыжы.

10 малавядомых фактаў пра Марка Шагала паводле Аркадзя Падліпскага і Аляксандра Лісава

Большасьць віцяблян даведалася пра Шагала з нэкралёгу. Зьвесткі пра сьмерць мастака разьмясьціла газэта «Известия», потым нэкралёг перадрукавалі ў мясцовай газэце «Витебский рабочий». У ім гаварылася пра сьмерць мастака з усясьветным імем, якога ў Віцебску практычна ня чулі.

Для ўшанаваньня памяці Шагала шмат зрабіў першы сакратар віцебскага абкаму КПБ (1986–1991), старшыня Віцебскага аблсавету Ўладзімер Грыгор’еў. Ён забараніў друкаваць паклёпніцкія артыкулы пра мастака ў мясцовай прэсе і спрыяў стварэньню музэя Марка Шагала.

Каб зрабіць музэй у доме, дзе жыла сям’я Шагалаў, горад мусіў даць 6 новых кватэраў усім, хто жыў і меў прапіску па адрасе вул. Пакроўская, 11. Гаспадар доўга адмаўляўся пакідаць уласны дом з участкам у некалькі сотак. Пагадзіўся з адной умовай: каб яму далі жытло ў тым самым раёне. Але так і застаўся незадаволены — не прызнаў малую кватэру адэкватнай заменай прыватнай сядзібы.

Пакроўская, 11. Музэй Марка Шагала

У музэйшчыкаў была магчымасьць набыць рэчы і мэблю, якія належалі сям’і Шагалаў і яму асабіста. Але пра гэта не парупіліся ўлады — ня выдзелілі грошай. І цяпер у віцебскім музэі экспазыцыя складаецца з выпадковых прадметаў, тыповых для тагачаснага побыту.

Малодшая сястра Шагала была замужам за супрацоўнікам НКВД, і той мусіў прасіць на гэты шлюб адмысловага дазволу, бо маладая мела сваяка ў замежжы. З гэтай самай прычыны сваякі мастака пазьбягалі размаўляць з журналістамі, нават у гады перабудовы, распавёў Аркадзь Падліпскі.

На пасадзе ўпаўнаважанага ў справах мастацтваў Шагал плянаваў зрабіць мастацкае навучаньне абавязковым прадметам у габрэйскіх школах, а таксама стварыць адмысловую экспазыцыю і музэйны фонд, прысьвечаныя габрэйскім традыцыям. Гэтыя пляны ў жыцьцё не ўвасобіліся.

Марк Шагал спадзяваўся, што савецкая ўлада дасьць яму творчую свабоду. Але яго мала цікавілі ідэі рэвалюцыі. Тым ня менш, зьяжджаючы ў замежжа ў 1920-я гады, ён не выключаў магчымасьці вярнуцца. Францускае грамадзянства ён пагадзіўся атрымаць толькі ў 1937 годзе.

Шагала вельмі цёпла прымалі ў Ізраілі. У Ерусаліме яму нават прапаноўвалі кватэру, каб ён прыяжджаў туды хоць на колькі месяцаў. Гэта стала б своеасаблівай рэклямай краіны. Мастак адмовіўся.

Віцебскія краявіды не заўжды быў галоўнай тэмай карцін Шагала. На раньніх этапах сваёй творчасьці ён імкнуўся шакаваць гледачоў, абіраючы ня самыя рамантычныя аб’екты для сваіх твораў. Прыклады — карціны «Нябожчык» або «Нараджэньне дзіцяці».

Рэпрадукцыі твораў не перадаюць адценьняў шагалаўскага жывапісу. Менавіта ў валоданьні колерам — ягоная геніяльнасьць, таму варта глядзець арыгінальныя карціны, пераконвае Аляксандар Лісаў.

Да дыскусіі далучыліся гледачы

Выступае Людміла Хмяльніцкая

Высновы, агучаныя дасьледчыкамі, не былі ўспрынятыя адназначна. Асабліва што да ролі камуністычных дзеячоў, якія спрыялі вяртаньню памяці пра Шагала ў Віцебск. Гараджане памятаюць, як ідэю пра шагалаўскі музэй адстойвалі пісьменьнік Васіль Быкаў і віцебскі літаратар Давід Сімановіч.

Што да набыцьця экспанатаў, то на пачатку 1990-х было нямала махляроў, якія гандлявалі «сапраўднымі рэчамі з дому Шагала». Таму існавала рызыка аддаць вялікія грошы за падробку, падкрэсьліла Людміла Хмяльніцкая, былая дырэктарка музэю Шагала, сябра апякунскай музэйнай рады.

Помнік Марку Шагалу ў Віцебску, фота ©Shutterstock

Пра што будзе спэктакль

Пастаноўка «Мастак. Вяртаньне ў Віцебск» адрасаваная даросламу гледачу. Яе жанр вызначаны як «Рэмінісцэнцыі рro domo sua („у абарону самога сябе“, — з лацінскай мовы)». Падзеі спэктакля зьвязаныя зь віцебскімі эпізодамі ў жыцьці Марка Шагала. Мастак у спэктаклі шукае свайго месца ў родным горадзе і пасьля вечнага разьвітаньня.

Віцебскія гледачы ўбачаць на сцэне свой горад, дзе творчасьць Шагала і дагэтуль некаму падаецца незразумелай, прымітыўнай і непатрэбнай, і маладых Марка і Бэлу ў выкананьні артыстаў Марыны Марозавай і Юрыя Франкова. Прэм’ера чакаецца сёлета ў сакавіку.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках