18 красавiка 2024, Чацвер, 9:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што ўтойваюць у «сакрэтным» лядовым палацы побач з Драздамі?

33
Што ўтойваюць у «сакрэтным» лядовым палацы побач з Драздамі?
ФОТА: TUT.BY

Новая лядовая арэна даступная не для ўсіх.

На праспекце Пераможцаў адкрылі новую лядовую пляцоўку, але не для ўсіх. У снежні тут ужо гуляў Лукашэнка, таксама тут трэніруюцца каманды ягонага спартовага клуба і вучні хакейнай школы. Для астатніх наведвальнікаў уваход пакуль закрыты, піша tut.by.

ФОТА: RIGA WORK

Лядовая арэна і незвычайны фасад

Фізкультурна-спартовы комплекс уваходзіць у склад жылога комплексу. Будынак прыцягвае погляд як мінімум сваім незвычайным фасадам.

Аб'екты дабудоўвае кампанія «Тапас» ля заказніка «Лебядзіны». ТАА «Тапас» - адзін з найбуйнейшых забудоўнікаў Менска, узначальвае кампанію вядучы хакеіст хакейнай каманды Лукашэнкі Павел Белы. Сёлета ён стаў найлепшым бамбардзірам Каляднага турніру.

У справаздачы аб будаўніцтве «Тапас» распавядае, што ў эксплуатацыю здадзены першы пускавы комплекс ФСК яшчэ ў лістападзе 2018 года. У першы пускавы комплекс уваходзіць частка аб'екта з арэнай і распранальнямі.

Як нам распавядалі ў кампаніі раней, фізкультурна-спартовы комплекс цалкам пачне працу пасля таго, як будзе здадзены другі пускавы комплекс, бо ў гэтай частцы аб'екта яшчэ ідуць працы. Планавалі яго здаць у 2019 годзе.

Раней забудоўнік анансаваў дзве лядовыя арэны, некалькі басейнаў з класічнымі дарожкамі і воднымі атракцыёнамі, сауны, ледзяны пакой для фізіяпрацэдур, фітнэс-залы.

Што ўнутры і хто катаецца?

Каб даведацца аб падрабязнасцях, мы звярнуліся ў «Тапас». Але там выставілі свае ўмовы да зместу будучай публікацыі, таму нам давялося збіраць звесткі з адкрытых крыніц.

Мяркуючы з фота, «канадская» лядовая арэна гатовая, але яна хутчэй трэніровачная: месцы для гледачоў усталяваныя ў двух шэрагах толькі з аднаго боку лёду. Пра гатоўнасць другой арэны пакуль нічога не вядома.

ФОТА: RIGA WORK

Лёд, са слоў хакеістаў, якія ўжо былі ўнутры, - выдатны. Але нейкіх асаблівасцяў першыя наведвальнікі не заўважылі.

Акрамя арэны ўжо гатовая сауна. Са слоў некаторых хакеістаў, побач з ёй знаходзяцца «элітныя» распранальні.

Падрадчыкі, якія займаліся афармленнем, выкладваюць фота некаторых распранальняў у сеціва. Але хакеісты кажуць, што ў распранальнях з гербам яны сапраўды не былі. Для каго гэтыя распранальні - пытанне.

Лукашэнка тут пабываў ужо ў снежні 2018 года на 12-х рэспубліканскіх спаборніцтвах сярод аматарскіх каманд на прызы ягонага спартовага клуба.

22 снежня ў «Алімпік Парку» каманда Лукашэнкі гуляла ў хакей з камандай Берасцейскай вобласці. Гэта было першае публічнае паведамленне аб спаборніцтвах на арэне.

Са слоў хакеістаў, на лёдзе ў «Лебядзіным» трэніруюцца аматарскія каманды ў хакеі лукашэнкаўскага спортклуба. Таксама тут праходзілі трэніроўкі дзіцячай хакейнай школы «Тарнада».

Аб далейшых планах забудоўніка на гэтую арэну пакуль нічога невядома. Для каго яна будзе працаваць далей і колькі будуць каштаваць квіткі - таксама.

Нагадаем, пляцоўку пад будаўніцтва «Алімпік Парку» ля заказніка «Лебядзіны» Лукашэнка выдаў у 2014 годзе. Забудоўнік - група кампаній «Тапас» - не без скандалаў рассяліў прыватныя дамы, гісторыя з жанчынай на кране прагрымела на ўсю краіну. Праз блізкасць заказніка праект меў абмежаванні, напрыклад, у паверхавасці дамоў, а пляцоўка, якая мяжуе з заказнікам, адводзілася эколагамі і горадабудаўнікамі пад зону адпачынку без капітальных будынкаў. Першапачатковы праект «Тапаса» гэта ўлічваў, але пасля быў адкарэктаваны.

У выніку паверхавасць аднаго з жылых дамоў перавысілі, тэнісныя корты замянілі катэджамі, а проста на беразе запаведнай сажалкі «Лебядзінае» расчысцілі пляцоўку пад рэстарацыю. У пачатку лістапада 2018 года будаўніцтва жылога комплексу і рэстарацыі прадоўжылася ў прыбярэжнай зоне заказніка «Лебядзіны», а ўжо ў снежні Лукашэнка змяніў новым указам межы ландшафтных зон у гэтай маляўнічай мясцовасці. Цяпер будаўніцтва рэстарацыі ў прыбярэжнай зоне абсалютна легальнае.

Напісаць каментар 33

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках