24 красавiка 2024, Серада, 7:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Калі «дармаедскія» камісіі падціскаюць хвост

53
Калі «дармаедскія» камісіі падціскаюць хвост
ЛЕАНІД СУДАЛЕНКА
ФОТА: «РАДЫЁ СВАБОДА»

Да чаго прывядзе сітуацыя на рынку працы.

Улады не першы раз спрабуюць паказаць, што ў Беларусі ўсё добра ў сферы занятасці. Адным з такіх інструментаў сталі «кірмашы вакансій», закліканыя паказаць, што «праца ў краіне ёсць». Як жа напраўду ідуць справы на рынку працы? Сайт Сharter97.org звярнуўся па каментар да вядомага прававога інспектара працы незалежнага прафзвязу радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Гомельскай вобласці Леаніда Судаленкі.

- Лукашэнка ўжо некалькі разоў абяцаў працаўладкаваць усіх беларусаў. Як бы вы ацанілі сітуацыю на рынку працы? Ці справіліся ўлады?

- Калі б яны справіліся са сваёй задачай, то не было б прадаўжэння «дармаедскага дэкрэта», які мы атрымалі летась.

Што тычыцца сітуацыі на рынку працы - сёння беларусы ўсё больш з'язджаюць на заробкі за мяжу. Што цікава, мы назіраем новую тэндэнцыю: беларусы ўсё часцей шукаюць працу не ў Расеі, а ў краінах ЕЗ. У лідарах - Польшча, Літва, Чэхія. Людзі выбіраюць рэальны заробак, а не працу за ежу, якую ім прапануюць у нашай краіне. Мяркуйце самі, у беларуса пасля аплаты «камуналкі» грошай застаецца роўна столькі, каб не памерці з голаду.

Таму гэтыя «кірмашы вакансій», аб якіх нам распавядаюць чыноўнікі - абсалютная прафанацыя. Яны вісяць мёртвым грузам. Часам на гэтыя прапановы працы адгукаюцца людзі, якім нічога не застаецца, як толькі працаваць за місу супу. Вельмі мала ахвотных працаваць восем гадзін на дзень за $150 у месяц. Людзі проста не могуць сабе гэта дазволіць.

- У «дармаедскім» дэкрэце ўлады ўвесь час апелююць да таго, што кожны беларус павінен працаваць. А ці ёсць у нашай дзяржавы магчымасць даць 500 тысяч працоўных месцаў для «дармаедаў», якіх яны налічылі?

- Вядома ж няма. Калі б у нашай краіне была такая колькасць працоўных месцаў, то ўлады проста б не марнавалі сродкі на стварэнне «дармаедскіх» камісій. Хачу падкрэсліць, што гэта канстытуцыйнае права кожнага чалавека - працаваць ці не. Канстытуцыя гарантуе нам гэта і не адзін чыноўнік не павінен ўмешвацца ў гэтыя працэсы.

12 лютага мы падалі пазоў у суд Чыгуначнага раёна горада Гомеля і будзем даводзіць, што набываючы тавары і паслугі чалавек аўтаматычна становіцца занятым у эканоміцы. У «дармаедскім» дэкрэце ідзе падмена паняццяў. Зразумела, што беларусаў хочуць прымусіць пагалоўна махаць лапатай за капейкі. Але хочацца сказаць уладам: хочаце, каб беларусы працавалі - стварыце прывабныя вакансіі, а не ганіце ўсіх працаваць за місу супу.

Сёння ж нашы людзі вымушаныя шукаць працу за мяжой. Кідаюць сем'і, дзеці растуць без бацькоў і маці. Свежы прыклад: дзяўчынка з Гомеля, зусім маладая, у яе маленькае дзіця, а яна вымушаная ездзіць у Бяла-Падляску, працаваць там па 15 дзён прадавачкай, каб пракарміць сям'ю. Паўмесяца ў Польшчы, паўмесяца ў Беларусі.

Уяўляеце, ужо маладыя дзяўчаты выязджаюць на працу, я маўчу пра нашых мужчын. За 15 дзён яна зарабляе 500 еўраў і добрыя жыве на гэтыя грошы тут. Зразумела, што ёй даводзіцца там працаваць па 12 гадзін. Але ў нас такая ж сітуацыя. Прыходзяць людзі да мяне на прыём і кажуць, што працуюць звышурочна, але зарабляюць па $150-200. Уяўляеце, вось такая розніца паміж дзвюма краінамі. Пара б ужо разганяць усе гэтыя «дармаедскія» камісіі, якія паразітуюць за нашы з вамі грошы.

- А якія вакансіі прапануюць «дармаедскія камісіі»?

- У іх няма ніякіх вакансій. У іх кампетэнцыі толькі адправіць чалавека ў ЛПП, калі ён злоўжывае алкаголем. Як толькі мы пачынаем разбірацца, скардзіцца на гэтыя камісіі - яны адразу падціскаюць хвост і змаўкаюць.

Так было ў Брагіне, калі «дармаеда» хуценька выкраслілі са спісу, у Навабеліцкім раёне Гомеля, калі ў сям'і «нечакана» знайшлі сямігадовае дзіця.

Гэтыя камісіі пальцам не паварушаць, каб нешта карыснае зрабіць. Як можна было абвясціць «дармаедам» чалавека, у якога дзіця да сямі гадоў? Гэта лёгка праверыць! 19 дармаедаў сядзіць у гэтай камісіі, абвясцілі чалавека «дармаедам» і шантажуюць яго падвышанай «камуналкай». А ў чалавека пяцігадовае дзіця.

Таму да іх прыходзіць «дармаед», яны з ім гутараць, ставяць гачок у табелі і ўсё. Што яны могуць нам прапанаваць?

Я ўжо распавядаў гісторыю пра тое, як у канцы мінулага года да мяне звярнуўся фрылансер. Тады яго ўключылі ў «дармаедскі» спіс. Дык гэтая камісія прапаноўвала чалавеку, які зарабляе блізу $3000, ісці працаваць прыбіральшчыкам у домакіраўніцтва за $150. І казалі «Давай бягом, гарачая вакансія, яе заўтра ўжо не будзе». Гэта ў абласным цэнтры, а ўявіце, што робіцца ў раёнах.

- Аўтары агляду Global Economy Watch паставілі Беларусь на 10-е месца ў спісе краін з самым хуткім змяншэннем працаздольнага насельніцтва. Ці з'яўляецца масавая эміграцыя ацэнкай працы ўрада і тых вакансій, якія ім прапануюць?

- Безумоўна, не «дармаеды» ж давялі краіну да такога становішча. Хто б паехаў працаваць у Еўропу ці Расею за $800, калі б атрымліваў у Беларусі $900. Рэальны заробак у Беларусі складае $150-$200. Дык гэта яшчэ ўважаецца за нядрэнную прапанову. Беларусы ж таксама не дурні, яны ўсё лічаць. Працуеш дома - бярэш удзел у выхаванні дзяцей, жывеш са сваёй сям'ёй, а не ў нейкіх працоўных інтэрнатах. Людзі не ад добрага жыцця пакідаюць краіну.

Вінаваты ўрад і той курс, які ён абраў. Нам жа часта даводзіцца чуць, што за «цывілізаваным светам нашу Беларусь не павядуць», «нам не патрэбныя рэформы», «не патрэбная рынкавая эканоміка». Сёння мы бачым, куды наш урад вёў краіну 25 гадоў. А далей ісці няма куды. Кожны дзень прамаруджання смерці падобны.

Трэба хутка рэфармаваць эканоміку, ствараць новыя працоўныя месцы. Калі не - мы ператворымся ў краіну трэцяга свету, бананавую рэспубліку, хоць, падкрэслю, што мы геаграфічна знаходзімся ў самым цэнтры Еўропы. У нашай краіны ёсць выдатныя магчымасці хутка правесці эканамічныя рэформы, выкарыстоўваючы прыклад нашых заходніх суседзяў.

- Да якіх наступстваў для эканомікі могуць прывесці працэсы, якія мы назіраем на рынку працы?

- Краіна будзе абвешчаная банкрутам і ўсё. Сёння мы трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю. Можа адбыцца так, што заўтра за станком не будзе каму стаяць. І гэта з улікам таго, што ў нас у краіне паднялі пенсійны ўзрост для жанчын, і для мужчын. Гэта ўжо павялічвае колькасць працоўных рук, але, як мы бачым, гэтага не дастаткова. Самае страшнае, што мы губляем сваю моладзь, якая збірае «трывожныя валізкі» і з'язджае на Захад. Калі такое становішча спраў прадоўжыцца - Лукашэнку абвесцяць банкрутам.

***

Калі вам спадабаўся артыкул, Вы можаце падтрымаць сайт Charter97.org наступным чынам:

АХВЯРАВАННЕ ПРАЗ PAYPAL:


РАЗЛІКОВЫ МУЛЬТЫВАЛЮТНЫ РАХУНАК ДЛЯ АХВЯРАВАННЯЎ:

Назва банка:Bank Millennium S. A.

Адрас: ul. Stanislawa Zaryna, 2A, 02-593, Warszawa

IBAN: PL 97 1160 0000 2202 0002 1671 1123

SWIFT: BIGBPLPW

Імя ўладальніка рахунку: Fundacja «KARTA '97»

Прызначэнне аплаты: Darowizna na cele statutowe


Звязацца з намі можна праз адрас charter97@gmail.com

Напісаць каментар 53

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках